Якуб, раб Бога і Госпада Ісуса Хрыста, — дванаццацём родам, што расьцярушаны, — радавацца! Лічыце вялікай радасьцю, браты мае, калі трапляеце пад розныя спакушэньні, ведаючы, што выпрабава́ньне вашае веры вытварае цярплівасьць; цярплівасьць жа хай мае поўнае дзе́яньне, каб вы былі бяззага́ннымі і даскана́лымі, бязь ніякае нястачы. Калі ж у каго з вас ня хапае мудрасьці, няхай просіць у Бога, Які дае ўсім проста і бяз папро́ку, і будзе яму да́дзена. Але няхай просіць зь вераю, ані ня сумнява́ючыся, бо той, хто сумняваецца, падобны да марское хвалі, якую вецер уздымае і разьдзіма́е. Дык няхай ня думае гэткі чалавек, што нешта дастане ад Госпада. Чалавек які сумняваецца няцьвёрды на ўсіх сваіх шляхох. Няхай жа хва́ліцца брат паніжаны сваёй высокасьцяй, а багаты — паніжэньнем сваім, бо праміне, як кветка травы. Бо ўзыйшло сонца са сьпёкай і высушыла траву, і кветка яе апа́ла, і вонкавае хараство яе счэзла; гэтак і багаты на шляхо́х сваіх засохне. Шчасьлівы чалавек, які выстаяў у спакусе, бо стануўшы выпрабаваным, ён атрымае вянок жыцьця, які абяцаў Госпад тым, хто любіць Яго. Будучы спакушаемым ніхто ня кажы: я спакуша́емы Богам, таму што Бог ня спакуша́ецца злом, і Ён ня спакушае нікога. А кожны спакушаецца, прываблены і захоплены ўласным пажаданьнем; а пасьля пажаданьне, зачаўшы, спараджае грэх; а зроблены грэх спараджае сьмерць. Ня абманавайцеся, браты мае любасныя. Усякі дар добры і ўсякае даяньне дасканалае — зыходзіць з вышыні, ад Ба́цькі сьветлаў, у Якога няма ні зьмяненьня ні ценю паварота. Захацеўшы, спарадзіў нас Словам Праўды, каб быць нам нейкім пачаткам тварэньняў Ягоных. Дык вось, браты мае любасныя, усякі чалавек няхай будзе хуткі выслухаць, павольны сказаць, павольны на гнеў. Бо гнеў чалавека ня творыць Праўды Бога. Пагэтаму адклаўшы ўсякі бруд і лíшак злосьці ў пакоры прымеце наса́джанае Слова, што душы вашыя збавіць можа. Будзьце ж выпаўніцелямі Слова, а ня слухача́мі толькі, ашукваючымі самых сябе. Бо хто слухае Слова і ня выпаўняе, той падобны да чалавека, які разглядае ў люстэрку рысы твару свайго: бо (ён) разглядзеў сябе ды ўраз (жа) забыўся, які ён. Але хто ўглыбіўся ў дасканалы Закон свабоды і застаўся (у ім), той, стаўшыся ня слухачом забываючымся, але выканаўцам справы, той шчасьлівы будзе ў дзеяньні сваім. Калі хто сярод вас мяркуе лічыцца багабойным, ня закелзываючы языка свайго, але абманаваючы сэрца сваё, у таго багабойнасьць пустая. Чыстая і бяззаганная багабойнасьць перад Богам і Ба́цькам ёсьць гэта: клапаціцца пра сірот і ўдоваў у горы іхным і берагчы сябе няапаганеным ад сьвету.
Браты мае! Мейце нястаронную веру ў Госпада нашага Ісуса Хрыста, (Госпада) Славы. Бо калі на сход ваш увойдзе мужчына з залатым пярсьцёнкам, у багатай вопратцы, увойдзе таксама і бедны ў рызьзю, і вы зьвернеце ўвагу на таго, хто апрануты ў вопратку багатую, і скажаце яму: табе добра сесьці тут, а беднаму скажаце: ты стань там, альбо садзіся тут, ля падножжа майго, дык ці ня перасудзілі вы ў самых сабе і ці ня сталі вы судзьдзямі зь нягоднымі думкамі? Паслухайце, браты мае любасныя, ці ня Бог выбраў бедных сьвету гэтага багатымі верай і насьлядоўцамі Валадарства, Якое Ён абяцаў тым, што любяць Яго? А вы пага́рдзілі бедным. Ці ня багатыя прыгнятаюць вас, ці ж ня яны цягаюць вас па судах? Ці ж ня яны зьняслаўляюць добрае імя (вашае), якім вы названы? Аднак калі (вы) выпаўняеце закон валадарскі па Пісаньню: палюбі бліжняга твайго, як самога сябе, добра робіце. Але калі абыходзіцеся па староннасьці, грэх чыніце будучы дакараемы Законам як злачынцы. Бо хто ўвесь Закон выпаўніць, ды саграшыць у нечым адным, той зрабіўся вінаватым ува ўсім. Бо Той, Хто сказаў: ня чужалож! сказаў таксама: ня забí; дык калі ты ня будзеш чужаложыць, але заб’еш, то ты (таксама) стаўся праступнікам Закону. Так кажыце і так рабіце, як тыя, якія маюць быць судзімымі па Закону свабоды. Бо суд бяз літасьці ня зрабіўшаму літасьці, бо літасьць вышэй за суд. Якая карысьць (з таго), браты мае, калі хто кажа, што (ён) мае веру, ды ўчынкаў ня мае? Ня можа гэта вера ўратаваць яго. Калі ж брат ці сястра ня маюць у што апрануцца ды маюць патрэбу ў штодзённай ядзе, і хто-небудзь із вас скажа ім: ідзеце ў міры, грэйцеся і карміцеся, але ня дасьць ім патрэбнага для цела: якая карысьць? Гэтак і вера, калі ня мае ўчынкаў, сама па сабе мёртвая. Але скажа хто-небудзь: ты веру маеш, а я маю ўчынкі: пакажы мне веру тваю бяз учынкаў тваіх, а я пакажу табе маю веру на ўчынках маіх. Ты верыш, што Бог адзін ёсьць, — правільна робіш; і дэманы вераць і дрыжаць. Ці хочаш ведаць чалавеча бясплодны, што вера бяз учынкаў мёртвая? Абрагам, бацька наш, ці ня на падставе ўчынкаў апраўданы быў, усклаўшы Ісагака, сына свайго, на ахвярнік? Ці бачыш, што вера садзейнічала ўчынкам ягоным, і ад учынкаў вера зроблена дасканалай? І было споўнена Пісаньне, якое гаворыць: «паверыў Абрагам Богу, і было залíчана яму ў праведнасьць, і другам Бога быў ён названы.» Такім чынам вы бачыце, што на падставе ўчынкаў прызнаецца чалавек праведным, а ня на падставе толькі адной веры? Гэтак сама і Рааб блудадзейка ці ня на падставе ўчынкаў была апраўда́на, прыняўшы пасланцоў і адправіўшы іх другой дарогай? Бо як цела бяз духа мёртвае, так і вера бяз учынкаў мёртвая.
Ня многія рабецеся вучыцялямі, браты мае, ведаючы, што (мы) большы дастанем прысуд. бо ўсе (мы) шмат спатыкаемся. Калі хто ў слове ня спатыкаецца, той даскана́лы чалавек, які мае сілу ўтаймаваць нават усё цела. Вось мы закíлзаваем ко́ні, каб яны слухаліся нас, і кіруем усім іхнім целам. Вось і караблі вунь якія вялікія, і будучы насімымі моцнымі вятрамі, а кіруюцца нявялікім стырном куды б ні захацеў стырнавы. Так і язык нявялікім чэлесам зьяўляецца, але шмат хва́ліцца. Паглядзі, нявялíкі агонь, а як шмат драўніны запа́львае. І язык — агонь, сьвет няпра́веднасьці. Язык гэтак зьмяшчаецца між чэлесамі нашымі, што апаганівае ўсё цела і запальвае ход жыцьця, а сам запальваецца ад геенны. Бо ўсякая прырода зьвераў і птушак, га́даў і марскіх жывёл утаймоўваецца і ўтаймавана прыродаю чалавечай, а язык ніхто зь людзей утаймаваць ня можа: (ён) — нястрымнае зло; (ён) напоўнены сьмяротнай атрутаю. Ім багаслаўляем і Бога Бацьку, і ім праклінаем людзей, што створаны па падабенству Бога. Із тых жа вуснаў выходзіць багаслаўленьне і праклён. Ня павінна, браты мае, гэта так быць. Ці можа крыніца із свайго жарала́ разліваць салодкае і горкае? Ня можа, браты мае, смакоўніца радзіць аліўкі, ці вінаградная лаза — смоквы; гэтак сама і адна крыніца ня можа выліваць салоную і салодкую ваду. Хто з вас мудры і разумны, хай дакажа (гэта) із добрага ладу жыцьця ўчынкамі сваімі ў ціхасьці мудрасьці. Але калі горкую завісьць і сварлівасьць маеце ў сэрцы вашым, дык ня хваліцеся і ня брашыце на праўду. Ня ёсьць такая мудрасьць звыш зыходзячай, але зямная, душэўная, дэманічная. Бо дзе завісьць і сварлівасьць, там бязьладзьдзе і ўсякі злы ўчынак. Але мудрасьць звыш перадусім чыстая, потым мірная, лагодная, паслухмяная, поўная міласэрнасьці і пладоў добрых, нястаронная і ня крывадушная. Плод жа праведнасьці ў міры сеецца тымі, што мір робяць.
Адкуль спрэчкі і змаганьні паміж вамі? Ці ня адтуль, ад пажа́длівасьцяў вашых, што ваююць у чэлясах вашых? Жадаеце і ня маеце, забіваеце і зайздросьціце, і ня можаце дасягнуць, змагаецеся і спрачаецеся; ня маеце ж з-за таго, (што) вы ня про́сіце. Просіце і ня атрымоўваеце, патаму што просіце на ліха, каб спажыць вам у пажадлівасьцях вашых. Чужаложцы і чужаложніцы! Ці ня ведаеце, што дружба са сьветам ёсьць варожасьць да Бога? Дык хто захацеў бы быць другам сьвету, той робіцца супраціўнікам Богу. Ці ж вы думаеце, што дарэмна кажа Пісаньне: да рэўнасьці прагне Дух, Які пасяліўся ў нас? І намнога большую дае Багадаць, пагэтаму кажа: Бог гордым працівіцца, а пакорным дае Багадаць. Пагэтаму пакарыцеся Богу, супраціўцеся д’яблу, і ўцячэ ад вас. Даблізьцеся да Бога, і даблізіцца да вас. Ачысьціця ру́кі, грэшнікі, і ачысьціця сэрцы двудушныя! Скрушайцеся, плачце і галасіце; няхай сьмех ваш будзе абернены ў плач, і радасьць — у тугу́. Скарыцеся перад Госпадам, і ўзвысіць вас. Ня абмаўляйце, браты, другіх! Хто абмаўляе брата і судзіць брата свайго — абмаўляе Закон і судзіць Закон. Калі ж ты судзіш Закон, (то ты) зьяўляешся ня выканаўцам Закону, але судзьдзёй. Ёсьць адзін Зако́надаўца, Які можа збавіць і загубіць. Ты хто такі, што судзіш другога? Паслухайце цяпер (вы), што кажаце: сягоньня і заўтра мы пойдзем (вось) у такое места і прабудзем там адзін год, і будзем гандляваць і атрымоўваць прыбытак. Вы, якія ня ведаеце, што (будзе) заўтра: бо што ёсьць жыцьцё вашае? Бо па́ра яно, што зьяўляецца на малы час, а потым зьнікае. Замест таго, каб вам гаварыць: калі Госпад захоча і будзем жывыя, дык зробім тое ці другое, цяпер жа вы ганарыцеся самахвальствам вашым. Усякае такое самахвальства ёсьць зло. Дык вось, хто ведае, як рабіць дабро, але ня робіць, дык гэта ёсьць грэх таму.
Паслухайце цяпер вы, багатыя: плачце і галасе́це аб злыбедах вашых, што ідуць на вас. Багацьце вашае згніло́, і вопраткі вашыя зьедзены мольлю. Золата вашае і срэбра паіржаве́ла, і іржа іхная ў сьведчаньне вам будзе і зьесьць цела вашае, як агонь. Вы сабралі скарб для апошніх дзён. Вось плата за працу працаўнікоў, якія пажалі палі вашыя, затрыманая вамі, крычыць, і ляманты жняцоў дайшлі да вушэй Госпада Сабаота. Вы мелі раскошу і асалоду на зямлі; накармілі сэрцы вашыя, быццам на дзень забойства. Вы засудзілі, забілі Справядлівага, Ён ня спраціўляецца вам. Дык вось, браты, будзьце доўгацярплівымі да прыходу Госпада. Глядзеце: земляроб жджэ каштоўнага плоду ад зямлі, доўга церпячы дзеля яго, пакуль дастане дождж раньні і позьні. Доўга цярпіце і вы; умацуйце сэрцы вашыя, бо прыход Госпада набліжаецца. Ня наракайце, браты, адзін на аднаго, каб ня быць вам засуджанымі. Вось Судзьдзя стаіць ля дзьвярэй. Прыклад вазьмеце, браты мае, із мукі і доўгацярпеньня прарокаў, якія прамовілі Імем Госпада. Вось мы называем шчасьлівымі тых, што перацярпелі. Вы пачулі пра няпахіснасьць Гіоба, і канец (ягоны) у Госпадзе ўбачылі, бо Госпад ёсьць поўны міласэрнасьці і спачуваньня. Дык перш за ўсё, браты мае, ня прысягайце ні небам, ні зямлёю, ні іншай якой прысягай, а хай будзе вашае: так, так і не, не, каб ня ўпасьці (вам) у крывадушнасьць. У горы хто з вас, хай моліцца. Радуецца хто — няхай пяе пса́льмы. Хворы хто з вас, хай пакліча празьбітараў царквы, і хай памоляцца над ім, памазаўшы яго алеям у Імя Госпадавае. І малітва веры вылячыць хворага, і Госпад падыме яго; і калі ён учыніў грахі, будзе яму даравана. Вызнавайце адзін перад адным праступкі і маліцеся адзін за аднаго, каб быць вам аздароўленымі. Многа можа натужная малітва справядлівага! Ільля быў чалавек падобны да нас, і малітваю памаліўся, каб ня было дажджу: і ня было дажджу на зямлі тры гады і шэсьць месяцаў. І ізноў памаліўся, і неба дало дождж, і зямля ўрадзíла плод свой. Браты, калі хто сярод вас адхіліцца ад праўды, і хто-небудзь наверне яго, хай ведае, што той, хто навярнуў грэшнага з блуднай дарогі ягонай, (той) уратуе душу́ ад сьмерці і пакрые мноства грахоў.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020