Библия › Міцкевіч › Яна

Паводле Яна

У пачатку было Слова, і Слова было ў Богу, і Слова было — Бог. Яно было ў Богу спрадвеку. Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не паўстала з таго, што сталася. У Ім жыцьцё было, і жыцьцё было сьвятлом чалавекам. І сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра не пахлынула яго. Быў чалавек, пасланы ад Бога, імя яму — Ян. Ён прыйшоў дзеля сьветчаньня, каб сьветчыць за Сьвятло. Ня быў ён Сьвятлом, але пасланы сьветчыць за Сьвятло. Было-ж Сьвятло праўдзівае, Яко асьвятляе кажнага чалавека, хто прыйходзіць на сьвет. Яно было на сьвеце, і сьвет праз Яго стаўся, і сьвет Яго не пазнаў. Да сваіх прыйшоў, і свае не прынялі Яго. А тым, каторыя прынялі Яго, вернікам у імя Ягонае, даў годнасьць дзецьмі Божымі стацца. Каторыя не ад крыві, ані ад жаданьня цела, ані ад жаданьня мужа, але ад Бога нарадзіліся. І Слова целам сталася, і бытавала між намі, і бачылі мы славу Ягоную, славу як Адзінароднага ад Айца, поўнага Ласкі і Праўды. Ян сьветчыць за Яго і, усклікаючы, прамаўляе: — Вось Той пра Каго я сказаў: Ён за мною йдзе, але наперадзе мяне стаў, бо раней за мяне быў. І з паўніні Ягонае мы ўсе прынялі і ласку на ласку. Бо закон быў дадзены праз Майсея, ласка-ж і праўда праз Ісуса Хрыста сталіся.

Бога ніхто ніколі ня бачыў; Адзінародны Сын, Хто ў лоне Айца, Той аб'явіў. І вось сьветчаньне Янава: калі юдэі паслалі з Ерусаліму сьвятароў і лявітаў спытацца ў яго — хто ты? І ён асьветчыў, ня зрокся, і абвесьціў: — я ня Хрыстос. І спыталі ў яго: — дык хто-ж ты? Ільля? — і ён сказаў — не; ці ты прарок? — ён адказаў — не. Тады сказалі яму: — дык хто-ж ты? каб нам даць адказ тым, якія паслалі нас; што ты скажаш пра самога сябе? І сказаў: — я — голас, у пустыні галосячы: «прастуйце шлях Госпаду» як сказаў прарок Ісайя. А пасланцы былі ад фарысеяў. І пыталі ў яго, кажучы яму: — дык чаму-ж ты хрысьціш, калі ты ня Хрыстос, ні Ільля, ані прарок? І сказаў ім Ян у адказ: — я хрышчу вас вадою, але стаў між вамі Адзін, Каго вы ня ведаеце. Ён Той, Хто йдзе за мною, але і перада мною быў: Яму я недастойны разьвязаць рамень абутку Ягонага. Гэта дзеялася у Віфавары пры Йардане, дзе хрысьціў Ян.

На другі дзень бачыць Ян, ідзе да яго Ісус; і ён сказаў: — вось Ангец Божы, Ён бярэ на Сябе грахі сьвету. Ён Той, пра Каго я сказаў; за мною йдзе Муж, Які стаў наперадзе мяне, бо Ён быў перада мною. І я ня ведаў Яго, але дзеля таго я прыйшоў хрысьціць вадою, каб Ён быў яулены Ізраілю. І Ян сьветчыў, кажучы: — я бачыў Духа, які зыйходзіў з неба, як голуб, і застаўся на Ім. І я ня ведаў Яго, але Той, Хто паслаў мяне хрысьціць вадою, сказаў мне: — калі ўбачыш, на каго зыйдзе Дух і застаецца на Ім, гэта Той, Хто хрысьціць Духам Сьвятым. І я бачыў і засьветчыў, што Гэты ёсьць Сын Божы.

Наступнага дня зноў стаяў там Ян, і двое з вучняў ягоных. І як падыйходзіў Ісус, убачыўшы, сказаў: — вось Агнец Божы. Пачуўшы гэтые яго слова, абодва вучні пайшлі за Ісусам. Ісус-жа, абярнуўшыся і ўбачыўшы іх, ідучы сьледам за Ім, сказаў: — чаго шукаеце? — яны-ж адказалі Яму: — Раўві, — што значыць, вучыцель, — дзе жывеш? І сказаў ім: — хадзеце, паглядзеце; яны пайшлі, і пабачылі, дзе Ён жыве, і прабылі ў Яго дзень той; было каля дзясятае гадзіны. Адзін з двух, якія пачулі ад Яна пра Ісуса і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сымана Пятра. Ён першы знайходзіць брата свайго Сымана і кажа яму: — мы знайшлі Мэссію — гэта значыць — Хрыста. І прывёў яго да Ісуса; Ісус, глянуўшы на яго, сказаў: — ты Сыман, сын Іонін, ты назавешся Кіфа, гэта значыць Пётра — камень.

Назаўтра Ісус хацеў ісьці ў Галілею, і знайходзіць Піліпа і кажа яму: — ідзі за Мною. Піліп-жа быў з Віфсаіды, з места Андрэя і Пятра. Піліп знайходзіць Нафанаіла і кажа яму: — мы знайшлі Таго, пра Каго напісана ў законе Майсеевым і ў прарокаў: Ісуса, сына Язэпавага з Назарэту. Нафанаіл-жа сказаў яму: — ці можа быць што добрае з Назарэту? Піліп кажа яму: — пайдзі і паглядзі. Ісус-жа, убачыўшы Нафанаіла, які падыходзіў да Яго, сказаў пра Нафанаіла: — вось, праўдзівы ізраільцянін, у якім няма хітраваньня. Нафанаіл гаворыць да Яго: — як Ты ведаеш мяне? Ісус у адказ сказаў яму: — перш чым Піліп паклікаў цябе, як ты быў пад смакоўніцай, Я бачыў цябе. І прамовіў да Яго Нафанаіл: — Раўві! Ты Сын Божы, Ты Кароль Юдэйскі. Ісус-жа ў адказ сказаў яму: — ты верыш, бо Я сказаў, што бачыў цябе пад смакоўніцай, пабачыш большае за гэта. І кажа яму: — запраўды, запраўды, кажу вам: ад сёньня вы будзеце бачыць неба разчыненае і Ангелаў Божых, узыйходзячы і зыйходзячы над Сынам Чалавечым.

На трэйці дзень вясельле было ў Кане Галілейскай; і была там Маці Ісуса. Быў-жа таксама зазваны на вясельле Ісус і вучні Ягоныя. І калі нехапіла віна, Маці Ісуса кажа Яму: віна ня маюць. Ісус-жа сказаў Ёй: — што Мне і табе, Жанчына? не настаў яшчэ час Мой. Маці-ж Яго гаворыць слугам: — што вам скажа, зрабеце. Было-ж там шэсьць каменных пасудзін, па дзьве або па тры меры кажная, якія стаялі за звычаем ачышчэньня юдэйскага. Ісус кажа ім: — запоўніце пасудзіны вадою; і залілі дапаўна. І сказаў ім: — цяпер чэрпайце і нясеце да вясельнага маршалка; і панясьлі. Калі-ж маршалак спрабаваў віна створанага з вады, — ён-жа ня ведаў, скуль яно, слугі-ж, якія чэрпалі ваду, ведалі, — тады падклікае маладога; І кажа яму: — кажны чалавек перш падае добрае віно, а як уп'юцца, тады горшае; ты-ж добрае віно захаваў аж дагэтуль. Гэтак у Кане Галілейскай палажыў Ісус пачатак цудам, і выявіў славу Сваю, і ўверылі ў Яго вучні Ягоныя.

Пасьля гэтага прыйшоў у Капернаум, Сам і Маці Яго, і браты Яго, і вучні Ягоныя, і там прабылі некалькі дзён. Набліжалася Пасха Юдэйская, і Ісус прыйшоў у Ерусалім. І пабачыў, што ў храме прадаваліся авечкі, валы, галубы; там-жа сядзелі і мяняльнікі грошэй. І, зрабіўшы біч з вяровак, выгнаў з храму ўсіх: і авец, і валоў, і грошы ў мяняльнікам рассыпаў, і сталы перавярнуў. І сказаў гандлярам галубамі: — забярэце гэта адсюль, і Дом Айца Майго не ператварайце ў дом гандлю. Тады ўспомнілі вучні Ягоныя, што напісана: — «трывога за Дом Твой зьядае Мяне». Юдэі-ж у адказ сказалі Яму: — які знак падасі нам, што Ты волен рабіць гэтак? І сказаў Ісус ім у адказ: — зруйнуйце храм гэты, і Я ў тры дні ўздыму Яго. Сказалі-ж юдэі: — сорак шэсьць год будаваўся храм гэты, і ці Табе ў тры дні адбудаваць яго? Гаварыў-жа Ён пра храм Цела Свайго. Калі-ж уваскрос з мертвых, успомнілі вучні Ягоныя, што казаў гэта і паверылі Пісаньню і слову, якое сказаў Ісус.

Калі-ж быў у Ерусаліме ў сьвята Пасхі, многія ўверылі ў імя Ягонае, пабачыўшы цуды, якія тварыў. Але Сам Ісус не зьвяраўся ім, бо ведаў усіх. І не патрабаваў, каб хто сьветчыў за чалавека, бо Сам ведаў, што было ў чалавеку.

Быў чалавек з фарысеяў, на імя Нікадым, хтось з начальнікаў юдэйскіх. Ён прыйшоў да Ісуса ўначы і сказаў Яму: — Раўві, ведаем мы, што Ты вучыцель пасланы ад Бога, бо ніхто ня можа тварыць такіх цудаў, якія Ты творыш, калі Бог ня будзе з ім. Ісус у адказ сказаў яму: — папраўдзе, папраўдзе кажу табе, калі хто ня родзіцца зузвыш, ня можа аглядаць Уладарства Божага. Нікадым гаворыць да Яго: — як можа чалавек нарадзіцца ў старасьці? ці-ж можа ён зноў увайсьці ў улоньне маці свае ды адрадзіцца? Ісус адказаў: — папраўдзе, папраўдзе кажу табе, калі хто ня родзіцца з вады і Духа, ня можа ўвайсьці у Ўладарства Божае. Роджанае ад цела целам стаецца, а роджанае ад Духа стаецца духам. Ня дзівіся, што сказаў Я табе — належыць вам нарадзіцца зузвыш. Дух дзе хоча дыша, і голас яго чуеш, але ня ведаеш, адкуль прыйходзіць і куды адыйходзіць; так бывае з кажным чалавекам, роджаным ад Духа. Нікадым сказаў Яму ў адказ: — як-жа гэта можа быць? Ісус у адказ сказаў яму: — ты вучыцель Ізраілеў і гэтага ня можаш зразумець? Папраўдзе, папраўдзе кажу табе: Мы гаворым пра тое, што ведаем, і сьветчым пра тое, што бачылі, а вы сьветчаньня Нашага ня прыймаеце; І калі пра зямное сказаў вам, і вы ня верыце, як-жа паверыце, калі буду гаварыць вам пра нябеснае?

І ніхто ня ўзыходзіў на неба, а толькі зыйшоўшы з неба Сын Чалавечы, Хто ёсьць у небе. І як Майсей узьняў зьмяю ў пустыні, так належыць узьнесьціся Сыну Чалавечаму. Каб усякі, хто ўверыў у Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае.

Бо так узьлюбіў Бог сьвет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб усякі, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьвет, каб судзіць сьвет, але каб сьвет праз Яго быў збавёны.

Хто верыць у Яго, той ня будзе асуджаны, а хто ня верыць, той ужо асуджаны, бо ня ўверыў у імя Адзінароднага Сына Божага. Суд-жа паложаны на тым, што Сьвятло прыйшло ў сьвет, але людзі палюбілі цемру больш за сьвятло, бо ўчынкі іхныя былі ліхія. Бо кажны, хто творыць ліхое, ненавідзіць сьвятло, і ня йдзе да сьвятла, каб ня выявіліся ўчынкі яго, бо яны злыя. А хто творыць у праўдзе, ідзе да сьвятла, каб выявіліся ўчынкі ягоныя, бо яны прад Богам учынены.

Пасьля гэтага прыйшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў зямлю Юдэйскую, і там жыў з імі і хрысьціў. Ян-жа таксама хрысьціў у Эноне каля Саліму, дзе было шмат водаў; і людзі прыйходзілі і хрысьціліся. Бо Ян ня быў яшчэ ўкінуты ў вязьніцу. Тады ўзьнікла спрэчка між вучнямі Янавымі і юдэмі за ачышчэньне. І прыйшлі яны да Яна і сказалі яму: — Той, Хто быў з табою за Йорданам, пра Каго ты сьветчыў, вось Ён хрысьціць, і ўсе йдуць да Яго. Ян у адказ прамовіў: — нічога ня можа ўспрыняць чалавек, калі яму ня будзе дадзена з неба. Вы самі сьветкамі мне ў тым, што я сказаў: — я ня Хрыстос, але я пасланы прад Ім. Хто мае нявесту, той жаніх; а дружа яго, які стаіць пры ім і слухае яго, у радасьці цешыцца з голасу жаніха; гэтая вось радасьць мая споўнілася. Яму належыць узрастаць, а мне малець. Хто зузвыш прыйходзіць, той над усімі, а хто ад зямлі, зямным ёсьць і гаворыць па зямному. Хто з нябёсаў прыйходзіць, Той вышэй за ўсіх. І што бачыў і чуў, пра тое сьветчыць; і ня прыймае ніхто сьветчаньня Ягонага. А хто прыняў сьветчаньне Ягонае, гэтым сьцьвердзіў, што Бог ёсьць праўдзівы.

Той-жа, каго паслаў Бог, словы Божыя прамаўляе, бо ня мераю дае Бог Духа. Айцец любіць Сына, і ўсё аддаў у рукі Ягоныя. Хто верыць у Сына, мае жыцьцё вечнае, а хто ня верыць у Сына, той ня ўбачыць жыцьця, але гнеў Божы застаецца на ім.

Калі Ісусу стала ведама, што фарысеі дачуліся пра тое, што Ён здабывае вучняў і хрысьціць больш за Яна, — Хоць-жа Ісус Сам ня хрысьціў, а вучні Ягоныя, — Тады пакінуў Юдэю ды зноў пайшоў у Галілею. Выпадала-ж Яму прайходзіць праз Самарыю.

І вось прыйходзіць Ён у места Самарыйскае, званае Сіхар, недалёка ад поля, якое даў Якуб сыну свайму Язэпу. Там была студня Якубава. Ісус, утомлены з дарогі, сеў пры студні; было каля шостае гадзіны. І прыйходзіць жанчына з Самарыі зачэрпаць вады; Ісус кажа ёй: — дай Мне напіцца. Бо вучні-ж Ягоныя адыйшлі да места купіць ежы. Жанчына Самаранка кажа Яму: — як гэта Ты, Сам Юдэй, просіш піць у мяне Самаранкі? то-ж юдэі ня маюць зносін з Самаранамі. Ісус у адказ сказаў ёй: — каб ты ведала дар Божы, і Хто гэта кажа табе — дай Мне напіцца, — ты сама прасіла-б у Яго, і Ён даў-бы табе вады жывое. Жанчына кажа Яму: — Госпадзе! Табе-ж і зачэрпаць нечым, а студня глыбокая, адкуль-жа ў Цябе вада жывая? Няўжо Ты большы за айца нашага Якуба, які даў нам гэтую студню; і сам з яе піў, і дзеці яго, і набытак яго. Ісус, адказваючы ёй, прамовіў: — кажны, хто п'е гэтую ваду, зноў піць захоча. Хто-ж будзе піць ваду, якую Я дам яму, той ня будзе смагнуць ніколі; але вада, якую Я дам яму, станецца крыніцаю вады, якая цячэ ў жыцьцё вечнае. Жанчына кажа Яму: — Госпадзе! дай мне гэтае вады, каб ня мець смагі і ня прыходзіць сюды чэрпаць. Ісус гаворыць да яе: — пайдзі пакліч мужа твайго і прыйдзі сюды. Жанчына, адказваючы, сказала: — я ня маю мужа; Ісус сказаў ёй: — праўду ты сказала, што ў цябе няма мужа. Бо ў цябе было пяць мужоў; і той, якога тяпер маеш, ня муж табе, — гэта ты справядліва сказала. І жанчына прамовіла да Яго: — Госпадзе! бачу, што Ты прарок. Айцы нашыя пакланяліся на гэтай гары, а вы кажаце, што ў Ерусаліме ёсьць месца, дзе павінны пакланяцца. Ісус гаворыць да яе: — жанчына, вер Мне, што прыйходзіць пара, калі ані на гэтай гары, ані ў Ерусаліме будзеце пакланяцца Айцу. Вы кланяецеся таму, чаго ня знаеце; мы кланяемся знанаму нам, бо збаўленьне ад юдэяў. Але надыйходзіць час, і ўжо настаў, калі праўдзівыя паклоньнікі пакланяцца Айцу ў духу і праўдзе, бо і Айцец гэткіх паклоньнікаў Яму шукае. Дух ёсьць Бог, і хто пакланяюцца Яму, павінен пакланяцца ў духу і праўдзе. Жанчына кажа Яму: — ведаю, што прыйдзе Мессія, называны Хрыстос; і калі Ён прыйдзе, абвесьціць нам усё. Ісус-жа кажа ёй: — гэта Я, і вось з табою гавару. У гэты час прыйшлі вучні Ягоныя і зьдзівіліся, што гаворыць з жанчынаю; але ніводзін ня спытаўся, — што пытаеш, альбо пра што гаворыш з ёю. Жанчына-ж, пакінуўшы пасудзіну для вады, пайшла ў места, і гаворыць людзям: — Пайдзеце паглядзеце Чалавека, Які сказаў мне ўсё, што я ўчыніла; можа гэта ёсьць Хрыстос? Яны выйшлі з места, і пайшлі да Яго. Тымчасам вучні прасілі Яго, кажучы: — Раўві, еш! Ён-жа сказаў ім: — Я маю ежу да пажывы, якой вы ня ведаеце. Тады вучні размаўлялі між сабою: — ці ня прыносіў Яму хтось есьці? Ісус-жа гаворыць ім: — пажыва Мая — спаўненьне ежа волі Таго, Хто паслаў Мяне, і даканчэньне дзела Яго. Ці ня кажаце вы, што яшчэ чатыры месяцы, і настане жніва; вось-жа кажу вам: узьнімеце вочы вашыя і гляньце на нівы спалавелыя і дасьпелыя да жніва. І жнец дастае заплату і зьбірае плён у жыцьцё вечнае, дык і сявец і жнец узрадуюцца супольна. У гэтым прыказка — адзін сее, іншы жне — спраўдтваецца. Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі; іншыя працавалі, а вы ўвайшлі ў іхную працу. І многа самаранаў з таго места ўверылі ў Яго, подля слоў жанчыны, якая сьветчыла, што Ён сказаў ёй усё, што яна ўчыніла. І калі прыйшлі самаране да Яго, то прасілі Яго пабыць у іх; і Ён прабыў там два дні. І яшчэ большы лік уверылі подля слова Ягонага. А жанчыне тэй гаварылі: — ужо не дзеля тваіх слоў верым, бо самі чулі і даведаліся, што Ён запраўды Збавіцель сьвету Хрыстос.

Пасля-ж двух дзён Ён выйшаў адтуль і пайшоў у Галілею. Бо Сам Ісус сьветчыў, што прарок ня мае павагі на бацькаўшчыне сваёй. Калі-ж прыйшоў у Галілею, то галілеяне прынялі Яго, бо бачылі ўсё, што дзеяў у Ерусаліме пад часьвят, на якія і яны хадзілі. І зноў прыйшоў Ісус у Кану Галілейскую, дзе ператварыў ваду ў віно. І быў там адзін начальнік прыдворны, у якога сын ляжаў хворы ў Капернауме; Пачуўшы, што Ісус прыйшоў з Юдэі ў Галілею, прыйшоў да Яго і маліў Яго прыйсьці ацаліць сына ягонага, які быў пры сьмерці. Ісус сказаў яму: — вы ня ўверыце, калі не пабачыце знаменьняў і цудаў. Начальнік-жа гаворыць Яму: — прыйдзі, Госпадзе, пакуль яшчэ не памёр сын мой. І сказаў яму Ісус: — ідзі, сын твой здаровы; ён паверыў слову, якое сказаў яму Ісус, і пайшоў. І яшчэ на дарозе сустрэлі яго слугі ягоныя і паведалі, кажучы: — сын твой здаровы. Ён спытаўся ў іх, у якім часе яму стала лягчэй? яму сказалі: — учора а сёмай гадзіне гарачка пакінула яго. І даведаўся айцец, што гэта была тая самая гадзіна, у якую Ісус сказаў яму: — ідзі, твой сын здароў; і ўверыў сам і ўвесь дом яго. Гэта яшчэ другі цуд стварыў Ісус, вярнуўшыся з Юдэі ў Галілею.

Пасьля гэтага было сьвята юдэйскае, і Ісус прыйшоў у Ерусалім. Ёсьць-жа ў Ерусаліме пры браме, званай Авечая, купальня, званая пагэбрайску Бэтсаіда, з пяцьма крытымі ўваходамі. У іх ляжала мноства хворых: сьляпых, кульгавых, падсухіх, якія чакалі ўзрушэньня вады. Бо ангел Гасподні час-ад-часу зыйходзіў у купальню і ўзрушаў ваду; і хто першы па ўзрушэньні вады ўваходзіў у яе, ачуньваў, які-б ні быў нядуг.

Быў там адзін чалавек, які праз трыццаць восем год быў у нядугу. Ісус, убачыўшы яго ляжачага і ведаючы, што як доўга ён цярпеў у нядугу, кажа яму: — ці хочаш быць здаровым? Хворы адказаў Яму: — так, Госпадзе, але ня маю чалавека, які спусьціў-бы мяне ў купальню, калі ўзрушыцца вада; калі-ж я прыйходжу, іншы перш за мяне спускаецца ў яе. Ісус кажа яму: — устань, вазьмі пасьцель сваю і хадзі. І ён ураз стаў здаровым, узяў пасьцель сваю і пайшоў; дзялася-ж гэта ў дзень сыботні. Дзеля таго юдэі гаварылі ацаленаму: — сёньня сыбота; ня можна табе браць пасьцель тваю. Ён-жа адказаў ім: — Той, Хто ацаліў мяне, сказаў мне: — вазьмі пасьцель тваю і хадзі. І спыталіся у яго: — хто Той Чалавек, Які сказаў табе — вазьмі пасьцель тваю і хадзі? Ацалены-ж ня ведаў, Хто Ён; бо Ісус адыйшоўся ў народ, які там быў. Потым знайшоў яго Ісус у храме і сказаў яму: — вось, ты здароў стаў; не грашы-ж больш, каб ня здарылася з табою штось горшага. Чалавек гэты пайшоў і расказаў юдэям, што гэта Ісус, Хто ацаліў яго.

І дзеля гэтага юдэі сьцігалі Ісуса, шукаючы загубы на Яго, бо тварыў гэтае ў сыботу. Ісус-жа гаварыў ім: Айцец Мой да гэтага часу творыць, і Я твару. За гэта юдэі яшчэ больш разьярваліся, каб загубіць Яго, за тое, што ня толькі зьневажае сыботу, але і называе Бога Айцом Сваім, і Сябе дараўноўвае да Бога. Ісус-жа ў адказ сказаў ім: — папраўдзе, папраўдзе кажу вам: Сын нічога ня можа тварыць Сам ад Сябе, калі ня бачыць, як творыць Айцец, бо што творыць Ён, тое і Сын творыць таксама. Бо Айцец любіць Сына, і паказвае Яму ўсё, што творыць Сам, і пакажа Яму ўчынкі большыя за гэтыя на падзіўленьне вам. Бо як Айцец уваскрашае памершых і ажыўляе, так і Сын ажыўляе, каго хоча. Бо Айцец і ня судзіць нікога, але ўвесь суд аддаў Сыну. Каб усе паважалі Сына, як паважаюць Айца; і хто не паважае Сына, той не паважае і Айца, Хто паслаў Яго.

Папраўдзе, папраўдзе кажу вам, хто слухае слова Маё і верыць Таму, Хто паслаў Мяне, мае жыцьцё вечнае, і на суд ня прыйходзіць, але перайшоў ад сьмерці да жыцьця. Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: — надыйходзіць час, ды ўжо настаў, калі мертвыя пачуюць голас Сына Божага і, пачуўшы, ажывуць. Бо як Айцец мае жыцьцё ў Самым Сабе, так і Сыну даў мець жыцьцё ў Самым Сабе. І даў Яму ўладу суд чыніць, бо Ён ёсьць Сын Чалавечы; Ня дзівецеся з гэтага. Бо надыйходзіць час, калі ўсе, хто ў магілах, пачуюць голас Сына Божага. І выйдуць — каторыя тварылі добрае, на ўваскрасеньне жыцьця, а каторыя тварылі ліхое, на ўваскрасеньне асуду. Я нічога не магу тварыць Сам ад Сябе. Як Я чую, так суджу, і суд Мой справядлівы, бо не дамагаюся волі Мае, але волі Таго, Хто паслаў Мяне.

Калі Я сьветчу Сам за Сябе, то сьветчаньне Маё ня справядлівае. Ёсьць іншы, Хто сьветчыць за Мяне, і Я ведаю, што праўдзівае сьветчаньне тое, якім Ён сьветчыць за Мяне. Вы пасылалі да Яна, і ён даў сьветчаньне праўдзівае. Я-ж не ад чалавека прыймаю сьветчаньне, але кажу вам гэта, каб вы былі збавёныя. Ён быў сьветачам, які гарэў і сьвяціў; і вы хацелі часова пацешыцца ягоным сьвятлом. Я-ж маю сьветчаньне большае за Янава, бо дзеяньні, якія даў мне Айцец да выкананьня, самыя тыя дзеяньні, якія Я твару, сьветчаць за Мяне, што Айцец паслаў Мяне. І Айцец, пасылаючы Мяне, Сам засьветчыў за Мяне; вы-ж ані голасу Яго ніколі ня чулі, ані вобліку Яго ня бачылі. І ня маеце ў сабе слова Ягонага, бо ня верыце Таму, Каго Ён паслаў. Пазнайце Пісаньні, праз якія вы думаеце здабыць жыцьцё вечнае, і яны ж сьветчаць за Мяне. Але вы ня хочаце прыйсьці да Мяне, каб мець жыцьцё. Ня прыймаю славы ад людзей. Але ведаю вас: вы ня маеце ў сабе любові да Бога. Я прыйшоў у імя Айца Майго, і ня прыймаеце Мяне; а калі іншы прыйдзе ў імя сваё, таго прымеце. Як вы можаце верыць, калі прыймаеце славу адзін ад аднаго, а славы ад Бога Адзінага ня шукаеце. Ня думайце, што Я буду вінаваціць вас прад Айцом; ёсьць-жа адзін, хто вінаваціць вас — Майсей, на каго вашыя надзеі. Але, каб вы верылі Майсею, верылі-б і Мне, бо ён пісаў пра Мяне. Калі-ж і яго пісаньням ня верыце, як-жа паверыце словам Маім?

Пасьля гэтага пайшоў Ісус на другі бок мора Галілейскага ў аколіцах Тыверыяды. За Ім пайшло мноства народу, бо бачылі цуды, якія Ён тварыў над нядужнымі.

І ўзыйшоў Ісус на гару, і там сядзеў з вучнямі Сваімі. Набліжалася-ж Пасха, сьвята юдэйскае.

Ісус, павёўшы вачыма, убачыў мноства народу, які йшоў да Яго; і кажа Піліпу: — дзе-б нам купіць хляба, каб накарміць іх? Сказаў-жа гэтае, каб паспытаць Піліпа, бо Сам ведаў, што хацеў зрабіць. Піліп-жа адказаў Яму: — за дзьвесьце дынараў ім ня хопіць хлеба, каб кажнаму дасталося хоць пакрысе. Адзін з вучняў Ягоных — Андрэй, брат Сымана Пётра — кажа Яму: Ёсьць тут адзін юнак, які мае пяць хлябін ячных і дзьве рыбіны, але што гэта для такога мноства народу? Ісус сказаў: — скажэце людзям пасесьці; а было на тым месцы добрае мурава, — і паселі людзі лікам да пяці тысячаў. Тады Ісус узяў хлябы, і ўзьнесшы хвалу, падаў вучням, а вучні усім сядзячым, таксама і рыбы, хто колькі хацеў. І калі ўсе пад'елі, сказаў вучням Сваім: — зьбярэце кавалкі астачы, каб нічога не марнавалася. І сабраўшы, напоўнілі кавалкамі ад пяці ячных хлябоў дванаццаць карабоў астачы ад яды.

Тады людзі, пабачыўшы цуд, які стварыў Ісус, гаварылі: — запраўды гэта Той Прарок, Якому прызначана было прыйсьці на сьвет.

Ісус-жа, спасьцярогшы, што хочуць падыйсьці ды сілком узяць Яго і зрабіць каралём, зноў аддаліўся на гару адзін. Калі-ж настаў вечар, вучні Ягоныя зыйшлі да мора. І увайшоўшы ў лодку, паплылі на той бок мора ў Капернаум; і было ўжо цёмна, а Ісус да іх ня прыйходзіў. Усхадзіўся вялікі вецер, і мора ўсхвалявалася. Праплыўшы блізу дваццаці пяці або трыццаці стадыяў, яны ўбачылі Ісуса; Ён ішоў па моры, збліжаючыся да лодкі; і яны жахнуліся. Але Ён сказаў ім: — гэта Я; ня бойцеся. Яны хацелі ўзяць Яго ў лодку, але лодка зараз-жа прыстала да берагу, да якога плылі. Назаўтра народ, які стаяў на той бок мора, бачыў, што іншай лодкі там ня было, апрача тэй, у якую ўвайшлі вучні Ягоныя, і што Ісус не ўваходзіў у лодку з вучнямі Сваімі, але адплылі адны вучні Яго. Тымчасам прыплылі іншыя лодкі з Тыверыяды блізка да таго месца, дзе елі хлеб па асьвячаньні Гасподнім. Калі-ж народ разгледзеўся, што тут няма ні Ісуса, ні вучняў Ягоных, то ўвайшлі ў лодкі і прыплылі да Капернауму, шукаючы Ісуса. І знайшоўшы Яго на тым баку мора, сказалі Яму: — Раўві, калі Ты сюды прыйшоў? І сказаў ім Ісус у адказ: — папраўдзе, папраўдзе кажу вам: вы шукаеце Мяне не затым, што бачылі цуды, але затым, што елі хлеб і наеліся.

Працуйце не для тэй пажывы, якая зьніштажаецца, але для тэй якая праводзіць у жыцьцё вечнае, якое Сын Чалавечы дасьць вам, бо на Ім Сам Айцец Бог паклаў пячаць Сваю.

Тады сказалі Яму: — што нам рабіць, каб тварыць учынкі Божыя? Ісус ім у адказ сказаў: — вось учынак Божы, каб вы верылі ў Таго, Каго Ён паслаў. Яны-ж на гэта сказалі Яму: — якое знаменьне дасі нам, каб мы пабачылі і паверылі Табе? што Ты дзееш? Бацькі нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: — хлеб з неба даў ім есьці. Тады сказаў ім Ісус: — папраўдзе, папраўдзе кажу вам: — не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам запраўдны хлеб з нябёсаў. Бо хлеб Божы — гэта Той, Які зыйходзіць з нябёсаў і дае жыцьцё сьвету. Тады сказалі Яму: — Госпадзе! давай нам заўсёды гэткі хлеб. І сказаў ім Ісус: Я хлеб жыцьця; хто прыйходзіць да Мяне, ня будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ня будзе мець смагі ніколі. Але Я сказаў вам: — і бачылі Мяне, і ня верыце. Усё, што дае Мне Айцец, да Мяне прыйдзе, а хто да Мяне прыходзіць, не адкіну прэч. Бо Я зыйшоў з неба не дзеля таго, каб тварыць волю Сваю, але волю Айца Майго, Які паслаў Мяне. Воля-ж Айца Майго такая, каб не загубіць нічога з таго, што Ён даў Мне, але ўваскрасіць ўсё тое ў апошні дзень. Гэткая воля Яго, Хто паслаў Мяне, каб кажны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў жыцьцё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень. Тады юдэі пачалі глуміцца над Ім, што сказаў: — Я ёсьць хлеб, што з неба зыйшоў. — І гаварылі: — ці-ж ня сын Ён Язэпаў, бацьку і матку Якога мы ведаем? як-жа Ён гаворыць: — Я з неба зыйшоў? І сказаў ім Ісус у адказ: — не праракайцеся між сабою. Ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі Айцец Мой, Хто паслаў Мяне, не прывядзе яго, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.

У прарокаў напісана: — і будуць усе навучаныя ад Бога; кажны, хто выслухаў Айца і быў навучаны, прыйходзіць да Мяне. Ня так, каб абы хто мог бачыў Айца, апрача Таго, Хто ад Бога: Ён бачыў Айца. Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыцьцё вечнае.

Я — хлеб жыцьця. Бацькі вашыя елі манну ў пустыні, і памерлі. Хлеб-жа, які з неба зыйходзіць, гэткі, што не памрэ той, хто спажывае яго. Я — хлеб жывы, які з неба зыйшоў; хто спажывае хлеб гэты, будзе жыць вечна; хлеб-жа, які Я дам — гэта Цела Маё, якое Я дам за жыцьцё сьвету. І спрачаліся між сабою юдэі, кажучы: — як Ён можа даць нам есьці Цела Сваё? Ісус-жа сказаў ім: — папраўдзе, папраўдзе кажу вам: калі ня будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і Крыві Ягонае, то ня будзеце мець ў сабе жыцьця. Хто спажывае Цела Маё і Кроў Маю, мае жыцьцё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень. Бо Цела Маё — гэта запраўдная пажыва, і Кроў мая — запраўднае пітво.

Хто спажывае Цела Маё і Кроў Маю, ува Мне ёсьць, і Я ў ім. Як паслаў Мяне жывы Айцец, і Я жыву праз Айца, так праз Мяне жыць будзе той, хто спажывае Мяне. Гэта ёсьць хлеб, які з неба зыйшоў; ня так, як айцы вашыя елі манну і паўміралі: хто есьць хлеб гэты, жыць будзе павек. Гэтае гаварыў, навучаючы ў сынагозе ў Капернауме. Тады многія з вучняў Яго, слухаючы, гаварылі: — жорсткія словы гэтыя, і хто можа выслухаць гэткае? Ісус-жа, ведаючы Сам у Сабе, што вучні Ягоныя наракаюць на гэта, сказаў ім: ці гэта здраджае вас? А што, калі ўгледзіце Сына Чалавечага, узыйходзячы туды, дзе быў раней? Дух ажыцьцяўляе, цела-ж бездапаможнае; словы, якія вам гавару — гэта дух і жыцьцё. Але ёсьць з вас некаторыя няверныя, бо Ісус наперед ведаў, каторыя былі няверныя, і хто выдасьць Яго. І сказаў: — дзеля таго Я і гавару вам, што ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі ня будзе яму дадзена ад Айца Майго. З таго часу шмат вучняў адыйшло ад Яго, і ўжо не хадзілі з Ім. Тады сказаў Ісус дванаццацём: — ці ня хочаце і вы адыйсьці? Адказаў Яму Сыман Пётра: — Госпадзе! да каго пайдзем? Ты маеш словы жыцьця вечнага. Мы-ж уверылі і пазналі, што Ты Хрыстос, Сын Бога Жывога.

Ісус адказаў ім: — ці не дванаццацёх Я вас выбраў, але адзін з вас злыдух. Гэтае гаварыў Ён пра Юду Сыманавага Іскарыёта, бо гэты — адзін з дванаццацёх — меў прадаць Яго.

Пасьля гэтага хадзіў Ісус па Галілеі; па Юдэі не хацеў хадзіць, бо юдэі намераліся забіць Яго. Надыйходзіла юдэйскае сьвята — пастаўленьне Кушчаў. Тады браты Яго сказалі Яму: — адыйдзі адгэтуль ды пайдзі ў Юдэю, каб і вучні Твае бачылі ўчынкі Твае, якія творыш. Ніхто-ж нічога ня творыць патаемна, але хоча сам сябе выявіць; калі Ты творыш гэткія чыны, то пакажы Сябе сьвету. Бо і браты Яго ня ўверылі ў Яго. І сказаў ім Ісус: — не настаў яшчэ час Мой, а для вас заўсёды час. Вас сьвет ня можа ненавідзець, Мяне-ж ненавідзіць, бо Я сьветчу пра яго, што ўчынкі яго паганыя. Ідзеце вы на гэтае сьвята, а Я яшчэ не пайду на гэтае сьвята, бо час Мой яшчэ ня прыйшоў. Гэтае сказаўшы ім, Сам астаўся ў Галілеі. Але, як адыйшлі браты Яго, тады і Ён прыйшоў на сьвята, не адкрыта, але нібы патаемна. Юдэі-ж шукалі Яго на сьвяце, дапытваючыся, дзе Ён. І шмат перасудаў было пра Яго ў народзе: адны гаварылі, што Ён добры, іншыя запярэчвалі: — не, бо зводзіць народ. Але ніхто не гаварыў пра Яго адкрыта, бо баяліся юдэяў.

А ўжо ў палове сьвята ўвайшоў Ісус у храм і навучаў. І дзівіліся юдэі, кажучы: — як Ён ведае Пісаньні, ня вучыўшыся? Ісус-жа, ў адказ гаварыў ім: — Маё вучэньне не ад Меня, але ад Таго, Хто паслаў Мяне. Калі хто хоча выконваць волю Ягоную, даведаецца пра навуку: ці яна ад Бога, ці я Сам ад Сябе гавару. Хто Сам ад Сябе гаворыць, Той славы Сабе шукае, а Хто шукае славы Таго, Хто паслаў Яго, Той справядлівы, і няма няпраўды ў Ім. Ці-ж ня даў вам Майсей закону? а ніхто з вас ня трымаецца закону; за што шукаеце забіць Мяне? З грамады ў адказ сказалі: — ці ня злыдух у Табе? хто шукае забіць Цябе? Ісус гаварыў далей: — адзін учынак Я выканаў, і вы ўсе дзівіцеся. Майсей даў вам абразаньне, хоць яно і не ад Майсея, але ад бацькоў, і вы ў сыботу абразаеце чалавека. Калі-ж ў сыботу чалавек прыймае абразаньне, каб не парушаць закону Майсеевага, чаму-ж зьненавідзелі Мяне за тое, што Я ўсяго чалавека ацаліў у сыботу? Ня судзеце з пазору, але судзеце судом справядлівым. Тады некаторыя з жыхароў Ерусаліму гаварылі: — ці ня Той гэта, Каго шукаюць забіць? І вось адкрыта гаворыць, і нічога Яму ня кажуць, ці не праканаліся начальнікі, што Ён запраўды Хрыстос? Але мы ведаем Яго, адкуль Ён, калі-ж прыйдзе Хрыстос, ніхто ня будзе ведаць, адкуль Ён. Тады Ісус усклікнуў у храме і, павучаючы гаварыў: — і Мяне ведаеце, і ведаеце адкуль Я, і Я прыйшоў ня Сам ад Сябе, але праўдзівы Той, Хто паслаў Мяне, Каго вы ня знаеце. Я ведаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне. Тады памкнуліся схапіць Яго, але ніхто не налажыў на Яго рукі, бо ня прыйшоў яшчэ час Яго.

Многія-ж з народу ўверылі ў Яго і гаварылі: — ці-ж можа Хрыстос, прыйшоўшы, тварыць большыя чуды, як Ён творыць? Дачуліся фарысеі пра гэткія разважаньня і толкі ў народзе; і фарысеі і архісьвятары паслалі слугаў сваіх, каб схапіць Яго. Ісус-жа тады сказаў: — яшчэ нядоўга быць Мне з вамі, і пайду да Яго, Хто паслаў Мяне. Будзеце шукаць Мяне і ня знойдзеце, і дзе буду Я, туды вы ня можаце прыйсьці. Юдэі-ж разважалі між сабою: — куды Ён хоча ісьці, што мы ня знойдзем Яго? ці ня хоча Ён ісьці ў Эльлінскае рассяленьне і навучаць Эльлінаў? І што азначаюць словы гэтыя, як Ён сказаў: — будзеце шукаць Мяне і ня знойдзеце — і — дзе Я ёсьць, туды вы ня можаце прыйсьці?

У апошні-ж вялікі дзень сьвята стаяў Ісус і заклікнуў, прамаўляючы: — хто мае смагу, няхай прыходзіць да Мяне і п'е. Хто верыць у Мяне, у таго, як гаворыцца ў Пісаньні, з нутра пацякуць рэкі вады жывое. Гэтае сказаў Ён пра Духа, Якога мелі прыняць тыя, хто ўверыў у Яго; ня было-ж яшчэ на іх Духа Сьвятога, бо Ісус яшчэ ня быў услаўлены. Многія з народу, пачуўшы гэтыя словы, гаварылі: — Ён запраўды прарок. Іншыя гаварылі: — гэта Хрыстос; а некаторыя сказалі: — ці-ж з Галілеі прыйдзе Хрыстос? Ці-ж не сказана ў Пісаньні, што Хрыстос прыйдзе з се́ньня Давыдава, і з места Бэтлеэму, адкуль быў Давыд. І пачаліся з-за Яго спрэчкі ў народзе. Некаторыя-ж парываліся схапіць Яго, але ніхто не налажыў на Яго рук. Тымчасам вярнуліся слугі архісьвятароў і фарысеяў, і тыя сказалі ім: — чаму вы не прывялі Яго? Слугі адказалі: — ніколі не гаварыў так чалавек, як гэты Чалавек. Фарысеі-ж сказалі ім: — няўжо і вы ўпалі ў блуд? Ці-ж уверыў у Яго хтось з начальнікаў ці фарысеяў? І што за народ гэты пракляты, што ня ведае законаў? І сказаў ім Нікадым, адзін з іх, які прыйходзіў да Яго ўначы: — Ці-ж судзіць наш закон чалавека, ня выслухаўшы перш яго, і не даведаўшыся, што ён робіць? На гэта адказалі яму: — ці не з Галілеі і ты? разгледзься, і ўбачыш, што з Галілеі прарок ня прыходзіць. І разыйшліся кажны ў дом свой.

Ісус-жа адыйшоў на гару Аліўную. Ураньні зноў прыйшоў у храм, і ўвесь народ ішоў да Яго; Ён сеў і навучаў іх.

І вось кніжнікі і фарысеі прывялі да Яго жанчыну, узятую за чужаложства, і паставілі яе пасяродку. І сказалі Яму: — Вучыцель! гэтая жанчына злоўлена ў чужаложстве. У законе-ж Майсей вялеў пабіваць гэткіх каменьнямі, а што Ты скажаш? Гаварылі-ж гэта, каб спакусіць Яго сказаць такое, чым-бы маглі вінаваціць Яго; але Ісус, нахіліўшыся долу, вадзіў пальцам па зямлі, не зварачаючы на іх увагі. Калі-ж яны прыставалі да Яго з пытаньнямі, адкланіўся і сказаў ім: — хто з вас ня мае на сабе грэху, няхай першы штурне ў яе каменем. Ды зноў, нахіліўся долу і стаў пісаць пальцам па зямлі. Яны-ж, пачуўшы гэтае, даткнутыя сумленьнем, павыйходзілі адзін за адным, пачаўшы ад старэйшых і да апошніх; застаўся адзін Ісус і жанчына, якая стаяла пасяродку. Ісус, узьняўшыся ад зямлі і ня бачачы нічога, апрача жанчыны, кажа ёй: — жанчына! дзе-ж твае асуджальнікі? ніхто не асудзіў цябе? Яна адказала: — ніхто, Госпадзе; тады сказаў ёй Ісус: — і Я не асуджаю; ідзі і больш не грашы.

Зноў прамаўляў да іх Ісус, кажучы: — Я — сьвятло сьвету; хто пойдзе за Мною, той ня будзе хадзіць у цемры, але будзе мець сьвятло жыцьця. Тады сказалі Яму фарысеі: — Ты Сам за Сябе сьветчыш, дык непраўдзівае сьвядоцтва Тваё. Ісус-жа сказаў ім у адказ: — хоць Я і Сам за Сябе сьветчу, то сьвядоцтва Маё праўдзівае, бо Я ведаю, адкуль прыйшоў і куды йду; вы-ж ня ведаеце, адкуль Я прыходжу і куды йду. Вы судзіце паводля цела, Я-ж ня суджу нікога. А калі і суджу, то суд Мой справядлівы, бо не адзін Я суджу, але Я і Айцец Мой, Хто паслаў Мяне. І ў законе вашым напісана, што сьветчаньне двух чалавек праўдзівае. Я сьветчу Сам за Сябе, і сьветчыць за Мяне Айцец, Хто паслаў Мяне. Тады сказалі Яму: — дзе ёсьць Твой Айцец? Ісус адказаў: — вы ня ведаеце ні Мяне, ні Айца Майго; калі-б вы ведалі Мяне, ведалі-б і Айца Майго. Гэтыя словы гаварыў Ісус пры скарбніцы, навучаючы ў храме, і ніхто не памкнуўся узяць Яго, бо ня прыйшоў час Ягоны.

І яшчэ прамовіз да іх Ісус: — Я адыйходжу і будзеце шукаць Мяне, і памраце ў грэху вашым; куды Я йду, вы ня можаце туды прыйсьці. Пры гэтым юдэі гаварылі: — хіба Ён заб'е Самаго Сябе, калі кажа: — куды Я йду, вы ня можаце прыйсьці. І сказаў Ён ім: — вы з нізоў, Я-ж з вышыняў; вы з гэтага сьвету, Я ня з гэтага сьвету. Дзеля таго і сказаў вам, — паўміраеце ў грахох вашых, — бо калі не паверыце, кім Я ёсьць, памраце ў грахох вашых. Тады сказалі Яму: — Хто-ж Ты? Ісус сказаў ім: — Спрадвечны, як і кажу вам. Многа маю гаварыць і судзіць пра вас, але Ён, Хто паслаў Мяне, Праўдзівым ёсьць, і што Я чуў ад Яго, тое гавару сьвету. Не разумелі, аднак, што гаварыў ім пра Айца. Дзеля таго Ісус сказаў ім: — як узьнімеце Сына Чалавечага, тады пазнаеце, што гэта Я, і што нічога не раблю ад Сябе, але як навучыў Мяне Айцец Мой, так і гавару. І Ён, паслаўшы Мяне, са Мною ёсьць, і не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што даспадобы Яму. Калі Ён гаварыў гэтае, многія ўверылі ў Яго.

І прамовіў Ісус да вернікаў Сваіх з юдэяў: — калі захаваецеся подля слоў Маіх, будзеце запраўднымі вучнямі Маімі. І пазнаеце праўду, і праўда зробіць вас вольнымі. Яны-ж адказалі Яму: — мы дзеці Абрагама, і ніколі нікому ня былі паднявольнымі; як-жа Ты кажаш, — будзеце вольнымі? Ісус адказаў ім: — папраўдзе, папраўдзе кажу вам: кажны, хто грэшыць, ёсьць слуга грэху. Але слуга ня бытуе ў доме павек; сын астаецца павек. І вось калі Сын вызваліць вас, запраўды вольнымі будзеце. Ведаю, што вы дзеці Абрагама; але-ж вы шукаеце, каб забіць Мяне, бо словы Мае не ўмяшчаюцца ў вас. Я гавару тое, што бачыў у Айца Майго, а вы робіце тое, што бачылі ў айца вашага. Яны ў адказ сказалі Яму: — айцец наш Абрагам; Ісус гаворыць ім: — калі-б вы былі дзеці Абрагама, то тварылі-б учынкі Абрагамавы. А тымчасам вы стараецеся забіць Мяне — Чалавека, Які адкрыў вам праўду, якую Я пачуў ад Бога; Абрагам гэтага не рабіў. Вы творыце ўчынкі айца вашага; на гэта сказалі Яму: — мы ня з блудадзеяньня роджаныя; Аднаго Айца маем — Бога.

І сказаў ім Ісус: — калі-б Бог быў Айцец ваш, то вы любілі-б Мяне, бо Я з Бога выйшаў і прыйшоў; ня Сам ад Сябе прыйшоў, але Ён паслаў Мяне. Чаму вы не разумееце мовы Мае? бо ня можаце выслухаць слова Майго. Вы д'ябала маеце за айца вашага, і замыслы айца вашага хочаце выконваць; ён быў душагубцам ад пачатку, і ня ўтрымаўся ў праўдзе, бо няма яе ў ім; калі гаворыць ілжу, ад сабе гаворыць, бо ён ілжывец і бацька ілжы. І дзеля таго, калі Я кажу праўду, вы ня верыце Мне. Хто з вас знойдзе ў Мяне грэх? калі-ж гавару праўду, чаму вы ня верыце Мне? Хто ад Бога, той слухае словы Божыя; вы-ж таму і ня слухаеце, што вы не ад Бога. На гэта юдэі сказалі Яму: — ці-ж няпраўду мы кажам, што Ты Самаранін і што злыдух у Табе? Ісус адказаў ім: — у Мяне няма злыдуха, але Я паважаю Айца Майго; вы-ж зьневажаеце Мяне. І ня шукаю Я славы Маёй; ёсьць, Хто шукае і судзіць. Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: — хто захаваецца подля слоў Маіх, не зазнае сьмерці павек.

Тады сказалі Яму юдэі: — цяпер мы пазналі, што маеш злыдуха: і Абрагам памёр і прарокі, а Ты гаворыш — хто захаваецца подля слоў Маіх, не зазнае сьмерці павек. Няўжо Ты большы за айца нашага Абрагама, які памёр, і за прарокі паўміралі? За Каго Ты Сябе ставіш? Ісус адказаў: — калі Я Сам Сябе слаўлю, то слава Мая — нішто; Мяне ўслаўляе Айцец Мой, пра Каго вы кажаце, што Ён Бог ваш. І вы не пазналі Яго, а Я знаю Яго, і калі скажу, што ня знаю Яго, то буду падобны да вас ілжывец; але Я знаю Яго, і словы Яго выпаўняю. Абрагам, айцец ваш, рад быў убачыць дзень Мой; і ўбачыў і ўзрадаваўся. На гэта юдэі сказалі Яму: Табе яшчэ няма пяцьдзесяці гадоў, — і Ты бачыў Абрагама? Ісус сказаў ім: — папраўдзе кажу вам: перш чым Абрагам прыйшоў у жыцьце, — Я існую. Тады хапіліся каменьні, каб кідаць у Яго, але Ісус сукрыўся і, прайшоўшы між іх, выйшаў з храму.

І прайходзячы, убычыў чалавека, сьляпога ад нараджэньня. Вучні-ж Ягоныя спыталіся ў Яго, кажучы: — Раўві! хто зграшыў, ці ён, ці бацькі ягоныя, што сьляпым урадзіўся? Ісус адказаў: — не зграшыў ні ён, ані бацькі ягоныя, але сталася, каб выявіліся на ім чыны Божыя. Мне належыць тварыць чыны Таго, Хто паслаў Мяне, пакуль ёсьць дзень; прыйходзіць ноч, калі ніхто ня можа дзеяць. Пакуль Я ў сьвеце, Я — Сьвятло сьвету. Сказаўшы гэта, плюнуў на зямлю, і зрабіў мул з сьліны, і памазаў мулам вочы сьляпому. І сказаў яму: — ідзі ўмыйся ў купальні Сілаам, што азначае — пасланы; і ён пайшоў умыўся і вярнуўся відушчым. Суседзі-ж і тыя, якія бачылі яго сьляпым, гаварылі: — ці ня той гэта, які сядзеў і жабраваў? І некаторыя гаварылі: — гэта ён, іншыя — падобны на яго; ён-жа казаў — гэта я. Тады пыталіся ў яго: — як-жа адчыніліся вочы твае? І ён сказаў у адказ сказаў: — Чалавек, называны Ісус, зрабіў мул і памазаў вочы мае і сказаў мне: — пайдзі ў купальню Сілаам і ўмыйся; я пайшоў, умыўся і стаў бачыць. Тады сказалі яму: — дзе Ён; і ён адказаў — ня ведаю.

І павялі былога сьляпца да фарысеяў. А была сыбота, калі Ісус зрабіў мул, і адчыніў яму вочы. Пыталіся ў яго таксама і фарысеі, як ён празрэў; ён сказаў ім: — мул налажыў Ён на мае вочы, і я ўмыўся і стаў бачыць. Некаторыя з фарысеяў гаварылі: — не ад Бога гэты Чалавек, калі не перасьцярагае сыботы; іншыя-ж гаварылі: як можа чалавек грэшны тварыць такія цуды; і была між імі спрэчка. І зноў кажуць сьляпому: — што ты скажаш пра Яго, бо Ён-жа адчыніў табе вочы? і ён сказаў — гэта прарок. Не паверылі тады юдэі, што ён быў сьляпы, ды празрэў, пакуль не паклікалі бацькоў былога сьляпога. І спыталіся ў іх: — ці гэта ваш сын, пра якога вы кажаце, што нарадзіўся сьляпым, як-жа ён цяпер бачыць. Бацькі яго ў адказ ім сказалі: — мы ведаем, што гэта сын наш і што ён нарадзіўся сьляпым. Але як ён цяпер бачыць, ня ведаем; таксама ня ведаем, хто адчыніў яму вочы; сам ён дарослы, самога спытайцеся, няхай скажа пра сябе сам. Гэтак адказалі бацькі яго, бо баяліся юдэяў, якія ўжо згаварыліся, каб кажнага, хто прызнае Яго за Хрыста, адлучаць ад сынагогі. Дзеля такго бацькі і сказалі: — ён дарослы, пытайце самога. Тады другі раз заклікалі чалавека, які быў сьляпы і сказалі яму: — уздаў хвалу Богу; мы ведаем, што Чалавек Той грэшнік. Ён адказаў ім: — ці Ён грэшнік, я ня ведаю; адно ведаю, што быў я сьляпы, а цяпер бачу. І зноў сказалі яму: — што Ён зрабіў табе? як адчыніў табе вочы? І ён адказаў ім: — я ўжо сказаў вам, і вы ня слухалі; што яшчэ хочаце пачуць? хіба і вы хочаце стацца вучнямі Ягонымі? Яны-ж злаялі яго і сказалі яму: — ты будзь Ягоным вучнем, а мы вучні Майсея. Мы ведаем, што Бог гаварыў Майсею, а Гэтага ня ведаем, адкуль Ён. І сказаў ім чалавек гэты ў адказ: — вось гэта і дзіўна, што вы ня ведаеце, адкуль Ён, а Ён адчыніў мне вочы. А мы ведаем, што грэшнікаў Бог ня слухае, але хто Богу пакараецца і выканвае волю Ягоную, таго слухае. Адвеку нячутно, каб хто адчыніў вочы сьляпому ад нарадэньня. Калі-б Ён ня быў ад Бога, ня мог бы тварыць нічога. Яму-ж у адказ сказалі: — у грахох ты ўвесь урадзіўся, і ці табе нас вучыць? і выгналі яго вон.

Ісус, дачуўшыся, што яго прагналі вон, і знайшоўшы яго, сказаў яму: — ці верыш ты ў Сына Божага? — Ён адказаў, кажучы: — а Хто Ён, Госпадзе, каб мне верыць у Яго? І сказаў яму Ісус: — і бачыў ты Яго, і Ён гаворыць з табою — Ён ёсьць. Ён-жа сказаў: — веру, Госпадзе, і пакланіўся Яму. І сказаў Ісус: — на суд Я прыйшоў у сьвет гэты, каб нявідушчыя празрэлі, а відушчыя сьляпымі сталі. Пачуўшы гэтае, некаторыя з фарысеяў сказалі Яму: — няўжо і мы сьляпыя? Ісус сказаў ім: — калі-б вы былі сьляпыя, ня мелі-б на сабе грэху, але калі вы гаварыце, што бачыце, то грэх застаецца на вас.

Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: — хто не ўвайходзіць праз вароты на двор авечы, а пералазіць інакш, той злодзей і разбойнік. А хто ўвайходзіць праз вароты, той пастыр авечкам. Яму прыбрамнік адчыняе, і авечкі слухаюць голасу яго; ён кліча авец сваіх паімённа і выводзіць іх. І калі выведзе авечкі свае, ідзе перад імі, і авечкі йдуць за ім, бо ведаюць голас яго. За чужым-жа ня пойдуць, але разбягуцца ад яго, бо ня знаюць чужога голасу. Гэтую прыпавесць сказаў ім Ісус, але яны не зразумелі, пра што такое Ён гаварыў ім. Таму Ісус зноў сказаў ім: — папраўдзе, папраўдзе кажу вам: Я — вароты для авец. Усе, колькі іх прыйходзіла перада Мною — зладзеі і разбойнікі, але авечкі не паслухалі іх. Я ёсьць дзьвярмі тымі: хто праз Мяне ўвойдзе, збавёны будзе, і ўвойдзе, і выйдзе, і пажыву знойдзе.

Злодзей прыйходзіць толькі дзеля таго, каб украсьці, забіць ці загубіць; Я прыйшоў, каб жыцьцё мелі, і ўдосталь мелі. Я пастыр добры; добры пастыр жыцьцё сваё аддае за авечкі свае. А найміт, хто ня пастыр, і авечкі яму не свае, бачачы, як урываецца воўк, пакідае авечкі і ўцякае, і воўк хапае іх і разганяе авечкі. Найміт уцякае, бо найміт, і ня дбае пра авечкі. Я — Пастыр Добры, і ведаю Маіх, і Мае ведаюць Мяне. Як Айцец Мяне знае, так і Я знаю Айца, і жыцьцё Маё кладу за авечкі. Маю Я і іншыя авечкі, ня з гэтага двара, і іх належыць Мне прывясьці, і яны пачуюць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін Пастыр.

За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыцьцё Маё, каб зноў прыняць яго. Ніхто яго ад Мяне не адыйме, але Я Сам аддаю яго; і маю ўладу аддаць яго, і ўладу маю зноў прыняць яго; гэты запавет дастаў Я ад Айца Майго. За гэтыя словы зноў узьнялася між юдэямі спрэчка. Шматлікія з іх гаварылі: — Ён мае злыдуха і вар'юецца, што вы слухаеце Яго? Іншыя-ж гаварылі: — словы гэтыя не апантанага; ці-ж можа злыдух адчыняць вочы сьляпому?

Было-ж тады ў Ерусаліме сьвята Абнаўленьня, і была зіма. І хадзіў Ісус у храме, у прытворы Саламонавым. Абступілі тут Яго юдэі, і кажуць Яму: — дакуль Ты будзеш марочыць нам душы? Калі Ты Хрыстос, дык скажы нам адкрыта. Ісус адказаў ім: — Я сказаў вам, і ня верыце; учынкі, якія Я твару ў імя Айца Майго, сьветчаць за Мяне. Але вы ня верыце, бо вы не з Маіх авец, як Я вам сказаў. Авечкі Мае слухаюць голасу Майго, і Я знаю іх, і яны за Мною ідуць. І Я даю ім жыцьцё вечнае, і не загінуць павек, і ніхто ня вырве іх з рукі Маей. Айцец Мой, Хто даў іх Мне, большы за ўсіх, і ніхто ня можа адабраць іх з рукі Айца Майго: Я і Айцец — адзінства ёсьць. Тады юдэі зноў хапіліся за камяньні, каб каменаваць Яго. Ісус адказаў ім: — многа добрых чынаў паказаў Я вам ад Айца Майго; за каторы-ж з гэтых чынаў хочаце пабіць Мяне камяньнямі. І сказалі юдэі Яму ў адказ: — не за добрыя ўчынкі хочам каменаваць Цябе, але за блюзьнерства і за тое, што Ты — чалавек — выдаеш Сябе за Бога. Ісус адказаў ім: — ці-ж не напісана ў законе вашым: — Я сказаў, вы богі. Калі Ён назваў багамі тых, да каторых было слова Божае — а Пісаньне ня можа быць парушанае, — Дык як-жа Таму, Каго асьвяціў Айцец, вы кажаце — блюзьнерыш, — што Я сказаў: — Я Сын Божы? Калі Я ня выконваю дзеяньняў Айца Майго, ня верце Мне. Калі-ж выконваю, і ня верыце Мне, то верце ўчынкам Маім, каб пазналі і ўверылі, што Айцец ува Мне і Я ў Ім.

Тады зноў намкнуліся схапіць Яго, але Ён ухіліўся ад рук іхных. І пайшоў зноў за Йардан, дзе раней хрысьціў Ян, і там застаўся. І многія прыйшлі да Яго; і гаварылі, што Ян не стварыў ніякага цуду, але ўсё, што сказаў Ян пра Яго, бы праўдзівае. І многія ўверылі ў Яго там.

У Віфаніі, у паселішчы, дзе жылі сёстры Марыя і Марфа, быў хворы брат іх Лазар. Марыя-ж, сястра Лазара, была тэй, якая намасьціла Госпада міррам і ацерла ногі Ягоныя валасамі сваімі. І сёстры паслалі сказаць Яму: — Госпадзе! вось той, каго Ты любіш, хворы. Пачуўшы гэтае, Ісус сказаў: — хвор гэтая не на сьмерць, але на славу Божую, каб уславіўся праз яе Сын Божы. Ісус-жа любіў і Марфу, і сястру яе, і Лазара. Калі дачуўся, што ён хворы, то яшчэ два дні прабыў у тым месцы, дзе і быў. Пасьля гэтага сказаў вучням: — пойдзем зноў у Юдэю. Вучні-ж сказалі Яму: — Раўві! ці-ж даўно юдэі шукалі пабіць Цябе камяньнямі? і Ты зноў ідзеш у Юдэю? Ісус адказаў: — ці-ж не дванаццаць гадзін у дні? хто ходзіць удзень, той не спатыкаецца, бо сьвятло сьвету гэтага бачыць. А хто ходзіць поначы, спатыкаецца, бо няма сьвятла з ім. Сказаўшы гэтае, потым гаворыць ім: — Лазар, дружа наш заснуў, але Я іду пабудзіць яго. Вучні-ж Ягоныя сказалі: — Госпадзе! калі заснуў, то ачуняе. Ісус гаварыў пра сьмерць яго, а яны думалі, што Ён гаворыць пра сон звычайны. Тады Ісус сказаў ім проста: — Лазар памёр. І Я рады за вас, што ня быў там, каб вы уверылі; але пойдзем да яго. І сказаў Хама, званы Блізьнюк, сябрам сваім вучням: — хадзем і мы, каб памерці разам з ім.

Ісус, прыйшоўшы, застаў яго ўжо чатыры дні ляжачага ў гробе. Віфанія-ж была недалёка ад Ерусаліму, блізу пятнаццаці стадыяў. І многія з юдэяў прыйшлі да Марфы і Марыі суцяшаць іх у тузе па брату. Марфа-ж, калі пачула, што йдзе Ісус, пайшла насустрач Яму; а Марыя сядзела дома. І сказала Марфа Ісусу: — Госпадзе! каб Ты быў тут, не памёр-бы брат мой. Але і цяпер знаю, што калі чаго папросіш у Бога, дасьць Табе Бог. І сказаў ёй Ісус: — уваскросьне брат твой. Марфа-ж сказала Яму: — ведаю, што ў дзень уваскрасеньня, у апошні дзень. Ісус сказаў ёй: — Я — уваскрашэньне і жыцьцё; хто верыць у Мяне, хоць і памрэ, ажыве. І кажны, хто жыве і верыць, павек не памрэ; ці верыш у гэта? Яна-ж кажа Яму: — так, Госпадзе! я веру, што Ты Хрыстос, Сын Божы, Хто прыйшоў у сьвет гэты.

І сказаўшы гэта, пайшла і цішком паклікала Марыю, сястру сваю, кажучы: — Вучыцель тут, і кліча цябе. Яна-ж, як толькі пачула, хутка ўстала і пайшла да Яго. Ісус яшчэ не ўвайходзіў у селібу, а быў там, дзе Яго сустрэла Марфа. Юдэі, якія былі з ёю ў доме і суцяшалі яе, бачачы, што Марыя хутка ўстала і выйшла, пайшлі за ёю, думаючы, што яна пайшла да гробу, плакаць там. Марыя-ж, прыйшоўшы на месца, дзе быў Ісус, і ўгледзеўшы Яго, прыпала да ног Ягоных і сказала Яму: — Госпадзе! каб Ты быў тут, не памёр-бы брат мой. Ісус-жа, убачыўшы яе заплаканую, а таксама заплаканых юдэяў, якія прыйшлі з ёю, Сам праняўся жалеж у душы і скрухаю. І сказаў: — дзе вы палажылі яго? — кажуць Яму: — Госпадзе! ідзі і паглядзі. Ісус заплакаў. А юдэі гаварылі: — глядзі, як Ён любіў яго. Некаторыя з іх гаварылі: — ці ня мог Ён, калі адчыніў вочы сьляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?

Ісус-жа, зноў узрушаны жалем, падыйшоў да гробу; гэта была пячора, і камень ляжаў на ёй. Ісус прамовіў: — адыймеце камень; сястра-ж нябожчыка Марфа, кажа Яму: — Госпадзе! ужо ваніць, бо ўжо чацьвёрты дзень у гробе. Ісус гаворыць ёй: — ці не казаў Я табе, што калі будзеш верыць, убачыш славу Божую. І вось аднялі камень, дзе ляжаў нябожчык, Ісус, узьняўшы вочы ў гару, сказаў: — Ойча! дзякую Табе, што пачуў Мяне. Я-ж ведаў, што Ты Мяне заўсёды пачуеш; але сказаў гэта дзеля народу, які стаіць навокал, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне. Сказаўшы гэта, усклікнуў моцным голасам: — Лазар! выйдзе вонкі! І выйшаў умершы, апавіты з рукамі і нагамі пялёнамі і з абвязаным плахтай тварам; Ісус кажа ім: — разьвяжэце яго, няхай ідзе. Тады многія з юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што стварыў Ісус, уверылі ў Яго. Іншыя-ж пайшлі да фарысеяў і расказалі ім, што стварыў Ісус.

Тады архісьвятары і фарысеі склікалі нараду і разважалі: — што нам рабіць? гэты Чалавек робіць шмат цудаў. Калі пакінем Яго так, то ўсе ўвераць у Яго, і прыйдуць рымляне і заўладаюць нашым краем і народам. Адзін-жа з іх, хтось Кайафа, які быў архісьвятаром таго лета, сказаў ім: — вы нічога ня ведаеце. І не падумаеце таго, што лепш нам, каб адзін чалавек памёр за людзей, а ня ўвесь народ загінуў. Гэтае ён сказаў не ад сябе, але, як архісьвятар таго лета, прарочыў, што Ісусу належыць памерце за народ. І ня толькі за народ, але каб і параскіданых дзяцей Божых сабраць усіх разам. І вось ад гэтага дня наважыліся забіць Яго. Дзеля таго Ісус ужо не хадзіў адкрыта між юдэямі, і пайшоў адтуль у краіну каля пустыні, у места званае Ефраім, і там заставаўся з вучнямі Сваімі. Надыйходзіла-ж Пасха юдэйская, і многія з усей краіны прышлі ў Ерусалім перад Пасхай, дзеля ачышчэньня. Тады ўсюды выглядалі Ісуса, а стоячы ў храме, гаварылі адзін аднаму: — як вы думаеце, ці ня прыйдзе Ён на сьвята? Архісьвятары-ж і фарысеі выдалі загад, каб кажны, хто даведаецца, дзе Ён, паведаміў, каб узяць Яго.

За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Віфанію, дзе быў Лазар умершы, якога Ён уваскрасіў. Там прыгатавалі Яму вячэру, і Марфа паслугоўвала; а Лазар-жа сярод іншых, сядзеў разам з Ім за сталом. А Марыя, узяўшы фунт нардовага чыстага дарагога алею, памасьціла ногі Ісусу і абцерла валасамі сваімі ногі Яго; і дом напоўніўся пахам духмянае масьці. Тады адзін з вучняў Яго Юда Сыманаў Іскарыёт, які хацеў прадаць Яго, сказаў: — Ці ня лепш было-б прадаць гэтае мірра за трыста дынараў і не раздаць убогім? Сказаў-жа ён гэта не дзеля таго, што клапаціўся пра ўбогіх, але таму, што быў злодзей; ён меў пры сабе скарбонку і насіў, што туды кідалі. Ісус-жа сказаў: — ня турбуй яе; яна зьберагла гэта на дзень паховінаў Маіх. Бо ўбогіх вы заўсёды маеце пры сабе, Мяне-ж не заўсёды. Шмат народу з юдэяў, даведаўшыся, што Ён там, прыйшлі ня толькі дзеля Ісуса, але каб і Лазара пабачыць, якога Ён уваскрасіў з мертвых. Архісьвятары-ж пастанавілі забіць і Лазара. Бо дзеля яго многія з юдэяў прыйходзілі і ўвервалі ў Ісуса. На другі дзень грамады народу, што зыйшліся на сьвята, дачуліся, што Ісус ідзе ў Ерусалім. І, набраўшы пальмовых ветак, выйшлі на спатканьне Яму, усклікаючы: — асанна! дабраславёны, Хто йдзе ў імя Гасподняе! Кароль Ізраілеў! Ісус-жа, знайшоў асьлё, сеў на яго, як напісана: — Ня бойся, дачка Сыёну: вось, Кароль твой ідзе, седзячы на маладым асьляці. Вучні Ягоныя сьпярша не разумелі гэтага, але калі ўславіўся Ісус, тады ўспомнілі, што гэтак было напісана пра Яго, і гэтае ўчынілі Яму.

Народ-жа, які быў з Ім раней, сьветчыў, што Ён вызваў з гробу Лазара і ўваскрасіў яго. Дзеля таго і спаткаў Яго народ, бо чуў, што Ён стварыў гэты цуд.

Фарысеі-ж гаварылі між сабою: — бачыце, нічога не парадзіш, увесь народ ідзе за Ім. Сярод тых якія прыйшлі на пакланеньне ў сьвята, былі і некаторыя эльліны. Яны падыйшлі да Піліпа, які быў з Віфсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: дабрадзею! мы хочам пабачыць Ісуса. Піліп пайшоў і сказаў пра тое Андрэю; потым Піліп і Андрэй сказалі гэта Ісусу. Ісус-жа ў адказ прамовіў да іх: — прыйшоў час праславіцца Сыну Чалавечаму: Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: — калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не замрэ, то застанецца адно, а калі замрэ, то дасьць багаты плён. Хто зьберагае душу сваю, — загубіць яе, а хто не беражэ душы сваей на гэтым сьвеце, захавае яе ў жыцьцё вечнае. Хто Мне служыць, няхай ідзе за Мною; і дзе Я, там і слуга Мой будзе; а хто Мне служыць, ушануе яго і Айцец Мой. Трывожыцца цяпер душа Мая; і што Мне сказаць? Ойча! ухавай Мяне ад гэтай гадзіны; але-ж дзеля гэтае гадзіны Я і прыйшоў.

Ойча! праслаў імя Тваё! і зыйшоў з неба голас: — праславіў і яшчэ праслаўлю. У народзе, які стаяў навокал, і чуў гэта, гаварылі: — гром загрымеў; а іншыя гаварылі: — ангел прамовіў да Яго. Ісус у адказ сказаў: — не для Мяне гэты голас быў, а для вас. Цяпер суд сьвету гэтаму; цяпер князь сьвету гэтага будзе выгнаны вон. І калі Я ўзьнесены буду ад зямлі, усіх прыхілю да Сябе. Гэтае гаварыў Ён каб даць разуменьне, якою сьмерцяй Ён памрэ. Народ-жа адказаў Яму: — мы чулі з закону, што Хрыстос жыве вечна; як-жа Ты кажаш, што мае быць узьнесены Сын Чалавечы? Хто гэты Сын Чалавечы? І сказаў ім Ісус: — яшчэ на кароткі час Сьвятло з вамі; хадзеце, пакуль маеце Сьвятло, каб не агарнула вас цемра; а хто ходзіць у цьме, ня ведае куды йдзе.

Пакуль маеце Сьвятло, верце ў Сьвятло, каб сынамі Сьвятла сталіся. Сказаўшы гэта, Ісус адыйшоў і сукрыўся ад іх. І хоць столькі цудаў стварыў перад імі, яны ня верылі ў Яго. І вось спраўдзілася слова Ісайі прарока, які сказаў: — Госпадзе! хто паверыў таму, што пачулі ад нас, і сіла Гасподняя каму аб'явілася? Дзеля таго не маглі яны ўверыць, што, як яшчэ сказаў Ісайя: — Яны маюць засьлепленыя вочы, і зацьвярдзелыя сэрцы іхныя, каб ня бачаць вачыма і не ўразумець сэрцам, і не навярнуцца, каб Я ацаліў іх. Гэта сказаў Ісайя, калі бачыў славу Яго і гаварыў пра Яго. Аднака-жа многія з начальнікаў ўверылі ў Яго, але дзеля фарысеяў не вызнаваліся, каб ня быць адлучанымі ад сынагогі. Бо ўпадабалі славу людзкую больш як славу Божую. Ісус-жа, усклікнуўшы, гаварыў: — хто верыць у Мяне, не ў Мяне верыць, але ў Таго, Хто паслаў Мяне. І хто бачыць Мяне, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне. Я — Сьвятло, і прыйшоў у сьвет, каб кажны, хто ў Мяне верыць, не бытаваў у цемры. І калі хто пачуе словы Мае і не паверыць, Я ня суджу яго, бо Я прыйшоў ня судзіць, але выбавіць яго.

Хто выракаецца Мяне і ня прыймае слоў Маіх, той мае судзьдзю сабе: слова, якое Я гавару, будзе судзьдзёю яму ў апошні дзень. Бо не ад Сябе гавару Я, але ад Айца Майго, Ён паслаў Мяне і запавядаў, што гаварыць і што выглашаць. І ведаю, што запавет Яго — гэта жыцьцё вечнае; і калі Я што гавару, то гавару так, як гаварыў Мне Айцец.

Перад сьвятам Пасхі, Ісус, ведаючы, што прыйшла ўжо гадзіна Ягоная перайсьці з сьвету гэтага да Айца, ўзьлюбіў Сваіх на сьвеце гэтым любоўю безконцаю. І ў час вячэры, калі д'ябал улажыў ужо ў сэрца Юды Сыманавага Іскарыёта прадаць Яго.

Ісус, ведаючы, што Айцец усё аддаў у рукі Ягоныя, і што ад Бога зыйшоў і да Бога йдзе, — Устаў ад вячэры, зьняў з Сябе верхняе адзеньне і, узяўшы ручнік, аперазаўся. Потым наліў вады ў умывальніцу і пачаў амываць ногі вучням і аціраць ручніком, якім быў апяразаны. Калі-ж падыйшоў да Сымана Пятра, той кажа Яму: — Госпадзе! ці-ж Табе ўмываць ногі мае? Ісус сказаў яму ў адказ: — што Я раблю цяпер, ты ня ведаеш, алі зразумееш потым. Пётра кажа Яму: — ня ўмыеш ног маіх павек; і адказаў яму Ісус: — калі не амыю цябе, ня будзеш мець часьці са Мною. Тады сказаў Яму Сыман Пётра: — Госпадзе! ня толькі ногі мае, але і рукі і галаву. Ісус кажа яму: — абмытаму трэба толькі ногі амыць, бо ўвесь чысты; і вы чыстыя, але ня ўсе. Бо ведаў, хто прадасьць Яго, дзеля таго і сказаў: — ня ўсе вы чыстыя.

Калі-ж умыў ногі іх, надзеў адзеньне Сваё і, сеўшы зноў, сказаў ім: — ці ведаеце, што ўчыніў Я вам? Вы завяце Мяне Вучыцелем і Госпадам, і добра кажаце, бо такім Я ёсьць. І калі Я, Госпад і Вучыцель умыў ногі вашыя, то і вы павінны ўмываць ногі адзін аднаму. Я паказаў вам, каб і вы рабілі так, як Я вам зрабіў. Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: — слуга ня большы за гаспадара свайго, ані пасланец ня большы за таго, хто паслаў яго. Калі гэта ведаеце, шчасьлівыя вы, калі гэта выконваеце.

Не пра ўсіх вас гавару: Я ведаю, каго выбраў; але мае спраўдзіцца Пісаньне: — той, хто есьць хлеб са Мною, падняў на Мяне пяту сваю. Цяпер кажу вам, раней, чым тое мае стацца, каб як станецца, вы паверылі, што гэта — Я. Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: хто прыймае таго, каго Я пашлю, той Мяне прыймае; а хто прыймае Мяне, прыймае Таго, Хто паслаў Мяне. Сказаўшы гэта, Ісус усхваляваўся духова і абвесьціў, кажучы: — папраўдзе, папраўдзе кажу вам, што адзін з вас прадасьць Мяне. Вучні-ж азіраліся адзін на аднаго, ня ведаючы, пра каго гаворыць. Адзін-жа з вучняў Ягоных, якога Ісус любіў, сядзеў, прыхіліўшыся да грудзей Ісуса. І яму Сыман Пётра падаў знак, каб спытаўся, хто гэта, пра каго гаворыць. І той, прыпаўшы да грудзей Ісуса, сказаў Яму: — Госпадзе, хто гэта? Ісус адказаў: — той, каму Я, абмакнуўшы, падам хлеб; і абмакнуўшы кавалак хлеба, падаў Юду Сыманаваму Іскарыёту. І зараз-жа пасьля падачы хлеба ўвайшоў у яго шатан. Тады сказаў яму Ісус: — што робіш, рабі хутчэй. Але ніхто з тых, якія сядзелі за сталом, не зразумеў, пра што гэта Ён сказаў яму. Дзеля таго што ў Юды была скарбонка, некаторыя думалі, што Ісус сказаў яму: — купі, што нам патрэбна на сьвята, ці каб што-небудзь даў убогім. Той-жа, узяўшы хлеб, зараз-жа выйшаў; была ноч. І калі ён выйшаў, Ісус прамовіў: — цяпер праслаўлены Сын Чалавечы, і Бог праслаўлены ў Ім. І калі Бог праслаўлены ў Ім, і Бог праславіць Яго ў Сабе, і зараз праславіць Яго.

Дзеці! яшчэ нядоўга пабыць Мне з вамі: — будзеце шукаць Мяне, і, як сказаў Я юдэям: — куды Я йду, вы ня можаце йсьці, — гэтак гавару цяпер і вам. Запавет новы даю вам: любеце адзін аднаго; як Я палюбіў вас, так і вы любеце адзін аднаго. Па гэтым пазнаюць усе, што вы вучні Мае, калі будзеце мець любоў між сабою. Гаворыць Яму Сыман Пётра: — Госпадзе! куды (Ты) йдзеш? Ісус адказаў яму: — куды Я йду, ты ня можаш цяпер ісьці за Мною, але потым пойдзеш за Мною. Пётра сказаў Яму: — Госпадзе! чаму я не магу йсьці за Табою цяпер? я душу сваю палажу за Цябе. Ісус адказаў яму: — душу тваю за Мяне паложыш? папраўдзе, папраўдзе кажу табе: перш чым прапяе певень, ты тройчы адрачэшся ад Мяне.

Няхай ня трывожыцца сэрца вашае; верце ў Бога і ў Мяне верце. У доме Айца Майго сьвятліцаў шмат, калі-б ня было так, Я сказаў-бы вам: — іду прыгатаваць вам месца. І калі пайду і прыгатую месца, прыйду зноў і вазьму вас да Сябе, каб там, дзе Я, былі і вы. Куды Я йду, ведаеце, і дарогу ведаеце. Прамовіў да Яго Хама: — Госпадзе! ня ведаем, куды йдзеш; як-жа можам дарогу знаць? Ісус сказаў яму: — Я ёсьць дарога, і праўда і жыцьцё; ніхто ня прыйходзіць да Айца, але толькі праз Мяне. Калі-б вы пазналі Мяне, пазналі-б і Айца Майго, і ад гэтага часу ведаеце Яго, і бачылі Яго. Піліп сказаў Яму: — Госпадзе! пакажы нам Айца, і даволі з нас. Ісус сказаў яму: — столькі часу Я з вамі, і ты не пазнаў Мяне, Піліпе? бачыўшы Мяне, бачыў і Айца; як-жа ты гаварыш — пакажы нам Айца? Ці-ж ня верыш, што Я ў Айцы і Айцец ува Мне? Словы якія гавару Я вам, не ад Сябе гавару; Айцец бытуе ўва Мне, і Ён творыць учынкі. Верце Мне, што Я ў Айцы і Айцец ува Мне. Калі-ж ня так, дык верце Мне подля самых учынкаў. Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: — хто верыць у Мяне, будзе тварыць учынкі, якія і Я твару, ды й большыя за тых створыць, бо Я да Айца Майго йду. І калі чаго папросіце ў Айца ў імя Мае, тое учыню, каб праславіўся Айцец у Сыне. І калі чаго папросіце ў імя Маё, тое учыню.

Калі любіце Мяне, выконвайце запаветы Мае. І Я ўпрашу Айца, і дасьць вам другога Ўцешыцеля, Які будзе з вамі павек. — Духа Праўды, — Якога сьвет ня можа прыняць, бо ня бачыць Яго і ня знае Яго; вы-ж знаеце Яго, бо ў вас Ён ёсьць, і з вамі будзе. Не пакіну вас сіротамі; прыйду да вас. Яшчэ нядоўга, і сьвет ужо ня ўбачыць Мяне; а вы ўбачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыць будзеце. У той дзень пазнаеце вы, што Я ў Айцы Маім, а вы ўва Мне, і Я ў вас.

Хто памятае запаветы Мае і трымаецца іх, той любіць Мяне; а хто любіць Мяне, таго будзе любіць і Айцец Мой, і Я палюблю яго і зьяўлюся яму Сам.

І гаворыць Яму Юда, але не Іскарыёт: — Госпадзе! чаму Ты хочаш аб'явіцца нам, а ня сьвету? Адказаў яму Ісус, прамовіўшы: — хто любіць Мяне, той зьберажэ слова Маё, і Айцец Мой палюбіць яго, і Мы прыйдзем да яго, і сядзібу заложым у яго. Хто-ж ня любіць Мяне, ня зьберагае слоў Маіх; слова-ж, якое вы чуеце, не Маё, але Айца Майго, Хто паслаў Мяне.

Гэтае сказаў Я вам, калі яшчэ з вамі. А Ўцешыцель, Дух Сьвяты, Яго-ж пашле Айцец у імя Маё, навучыць вас да ўсяго і напомніць вам пра ўсё, што гаварыў Я вам. Мір пакідаю вам, мір Мой даю вам: ня так, як сьвет дае, Я даю вам. Няхай ня трывожыцца сэрца вашае і не ўпадае ў страх. Вы чулі, як казаў Я вам: — адыйходжу ад вас, і прыйду да вас; калі-б вы любілі Мяне, то ўзрадаваліся-б, што Я сказаў — іду да Айца, бо Айцец Мой большы за Мяне. І цяпер сказаў Я вам пра тое перад тым, як сталася, каб вы паверылі, калі станецца. Ужо нядоўга Мне гаварыць з вамі, бо йдзе князь сьвету гэтага, і ўва Мне ня мае нічога. Але няхай сьвет знае, што Я люблю Айца, і як запавядаў Мне Айцец, гэтак твару; устаньце, пойдзем адгэтуль.

Я — запраўдная вінаградная лаза; Айцец-жа Мой вінаградар. Усякую галінку ў Мяне, якая не даё плёну, Ён адсякае; і ўсякую, якая прыносіць плён, ачышчае, каб большы плён прынясла. Вы ўжо ачышчаны праз слова, якое Я гаварыў вам. Будзьце-ж ува Мне, як і Я ў вас; як галіна ня можа даваць плёну сама сабою, калі ня будзе на лазе, так і вы, калі ня будзеце ўва Мне. Я — лаза, вы-ж галіны; каторы будзе ўва Мне і Я ў ім, той прынясе багаты плён, бо без Мяне нічога тварыць ня можаце. Хто ня будзе ўва Мне, будзе адкінены прэч, як галінка, і ссохне; і зьбіраюць іх і кідаюць у агонь, і яны згараюць. Калі будзеце ўва Мне, і словы Мае ў вас будуць, тады прасеце, чаго хочаце, і станецца вам.

Гэтым праславіцца Айцец Мой, калі вы дасьце (багаты) плён і будзеце Маімі вучнямі. Як узьлюбіў Мяне Айцец, і Я узьлюбіў вас; захавайцеся-ж ў любові Маёй. Калі будзеце паслушнымі запаветам Маім, будзеце ў любові Маёй, як і Я паслушны запаветам Айца Майго і застаюся ў любові Яго. Гэтае сказаў вам, каб радасьць Мая была ў вас, і каб радасьць вашая была поўная. Такі запавет Мой: любіце адзін аднаго, як і Я ўзьлюбіў вас. Няма-ж большае любові, калі хто душу сваю паложыць за другаў сваіх. Вы другі Мае, калі выконваеце тое, што запавядаю вам. Ужо не называю вас слугамі, бо слуга ня ведае, што робіць гаспадар яго; але Я назваў вас другамі, бо усё, што чуў ад Айца Майго, вам абвесьціў. Ня вы выбралі Мяне, але Я выбраў і паставіў вас, каб вы йшлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў, каб усё, чаго папросіце ў Айца Майго ў імя Маё, даў вам.

Гэтае запавядаю вам, каб любілі адзін аднаго. Калі сьвет зьненавідзіць вас, ведайце, што Мяне зьнявідзеў раней, як вас. Калі-б вы былі ад сьвету, сьвет любіў-бы сваё; калі-ж вы не ад сьвету, але вас Я выбраў ад сьвету, за тое і ненавідзіць вас сьвет. Памятайце слова, якое Я сказаў вам: слуга ня большы за гаспадара свайго; калі гналі Мяне, будуць гнаць і вас; калі захаваюць слова Маё, захаваюць і вашае. Але ўсё гэтае зробяць для вас у імя Маё, бо ня ведаюць, Хто паслаў Мяне. Калі-б Я ня прыйшоў і не гаварыў ім, то ня мелі-б грэху, а цяпер ня маюць апраўданьня ў грэху сваім. Хто ненавідзіць Мяне, ненавідзіць і Айца Майго. Калі-б Я ня тварыў сярод іх чынаў, якіх ніхто іншы ня мог стварыць, то ня мелі-б грэху; цяпер-жа, і бачылі і зьнявідзелі і Мяне і Айца Майго. Але няхай спаўдзіцца слова, напісанае ў законе іхным: — зьненавідзелі Мяне надарэмна. Калі-ж прыйдзе Уцешыцель, Якога Я пашлю вам ад Айца — Дух праўды, — Хто ад Айца зыходзіць, Ён будзе сьветчыць за Мяне. І вы будзеце сьветчыць, бо вы ад пачатку са Мною.

Гэтае сказаў вам, каб вы не спакусіліся. З сынагогаў прагоняць вас; і такі надыйходзіць час, калі кажны, хто будзе забіваць вас, будзе думаць, што гэтым ён служыць Богу. Гэта будуць вытвараць, бо не пазналі ні Айца, ні Мяне. Сказаў-жа Я вам гэта дзеля таго, каб вы, калі настане час той, успомнілі, што гаварыў Я вам пра тое; не гаварыў-жа гэтага вам спачатку, таму што быў з вамі. Цяпер-жа іду да Яго, Хто паслаў Мяне, і ніхто з вас ня пытаецца ў Мяне: — куды йдзеш? Ад таго-ж, што сказаў Я вам гэта, тугою зайшлося сэрца вашае. Але Я праўду кажу вам: лепш для вас, каб Я пайшоў, бо калі Я не адыйду, Уцешыцель ня прыйдзе да вас, а калі пайду, то пашлю Яго да вас. І як прыйдзе Ён, будзе карыць сьвет за грэх, за праўду і за суд. За грэх, што ня ўверылі ў Мяне. За праўду, што Я іду да Айца, і ўжо ня ўбачыце Мяне. За суд, што князь сьвету гэтага ўжо асуджаны. Яшчэ шмат чаго маю сказаць вам, але вы цяпер ня здолееце ўспрыняць. Калі-ж прыйдзе Ён — Дух Праўды, — то наставіць вас на ўсякую праўду; бо не ад Сябе гаварыць будзе, але будзе гаварыць тое, што пачуе, і што мае стацца, абвесьціць вам. Ён уславіць Мяне, бо з Майго возьме і вам абвесьціць.

Усё, што мае Айцец, ёсьць Маё; дзеля таго Я і сказаў вам, што з Майго возьме і вам абвесьціць. Ужо хутка вы ня ўбачыце Мяне, і хутка зноў убачыце Мяне, бо Я йду да Айца. І гаварылі некаторыя з вучняў Ягоных між сабою: — што гэта Ён гаворыць нам: ужо хутка вы ня ўбачыце Мяне, і хутка зноў ўбачыце Мяне? — і — Я іду да Айца. І разважалі: — што гэта Ён кажа — хутка? не разумеем, што гаворыць. Ісус-жа, разумеючы, што хочуць спытацца ў Яго, сказаў ім: — ці пра тое пытаеце адзін аднаго, што Я сказаў: — хутка вы ня ўбачыце Мяне, і хутка зноў убачыце Мяне? Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: вы будзеце плакаць і плакаць наўзрыд, а сьвет узрадуецца; і будзеце вы ў жалобе, але жалоба вашая ў радасьць абернецца. Жанчына, калі раджае, церпіць скруху, бо настаў час яе; калі-ж народзіць дзіця, то ўжо не памятае скрухі з-за радасьці, што нарадзіўся чалавек на сьвет. Так і вы: цяпер маеце жаль, але Я зноў убачу вас, і ўзрадуецца сэрца вашае, і радасьці вашае ніхто не адыйме ад вас. І ў той дзень ня будзеце пытацца ў Мяне ні пра што. Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: чаго-б ні папрасілі ў Айца Майго ў імя Маё, дасьць вам.

Дагэтуль вы нічога не прасілі ў імя Маё; прасеце, і дастанеце, каб радасьць вашая была дасканалая. Дагэтуль Я гаварыў вам прыпавесьцямі, але надыйходзіць час, калі ўжо ня буду гаварыць вам прыпавесьцямі, але проста абвяшчу вам пра Айца. У той дзень прасіць будзеце ў імя Маё, і не кажу вам, што буду прасіць Айца за вас. Бо Сам Айцец любіць вас, за тое, што вы узьлюбілі Мяне і ўверылі, што Я ад Бога прыйшоў. Я зыйшоў ад Айца і прыйшоў у сьвет, і зноў пакідаю сьвет і йду да Айца. Вучні Ягоныя сказалі Яму: — вось цяпер Ты проста гаворыш, бяз ніякай прыпавесьці. Цяпер мы пазналі, што Ты ведаеш усё, і ня маеш патрэбы, каб хто-небудзь даваў пытаньні Табе, дзеля таго верым, што Ты ад Бога зыйшоў. Ісус сказаў ім: — цяпер вы верыце? Вось надыйходзіць часіна, ды ўжо прыйшла, калі вы рассыплецеся кажны ў свой бок, а Мяне пакінеце аднаго; але Я не адзін, бо Айцец са Мною. Гэтае сказаў вам, каб вы мелі супакой у Мне. У сьвеце смутак мець будзеце, але крапецеся, Я перамог сьвет.

Гэтае сказаўшы, Ісус узьняў вочы Свае да неба і прамовіў: — Ойча! прыйшла гадзіна, услаў Сына Твайго, ды і Сын Твой уславіць Цябе. Так як Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб і Ён усім, каго Ты даў Яму, даў жыцьцё вечнае. Жыцьцё-ж вечнае ў тым, каб пазналі Цябе, Адзінага, праўдзівага Бога і пасланага ад Цябе Ісуса Хрыста. Я ўславіў Цябе на зямлі, завяршыў дзела, якое Ты даў Мне да выкананьня. І цяпер, Ойча, услаў Мяне ў Цябе Самога славаю, якую Я меў у Цябе да пачатку сьвету. Я абвясьціў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне ад сьвету; яны былі Твае, і Ты даў іх Мне, і яны захавалі слова Тваё. Цяпер яны зразумелі, што ўсё, дадзенае Мне ад Цябе, Тваё ёсьць. Бо словы, якія Ты даў Мне, Я перадаў ім, і яны прынялі і зразумелі запраўды, што Я ад Цябе зыйшоў і паверылі, што Ты Мяне паслаў. Я за іх малю; не за ўвесь сьвет малю, але за тых, каторых Ты даў Мне, бо яны Твае. І ўсё Маё — Тваё, і Тваё — Маё; і ў іх Я ўслаўлены. Я ўжо ня ў сьвеце, але яны ў сьвеце; Я-ж да Цябе іду; Ойча Сьвяты! захавай іх у імя Тваё, тых, якіх Ты даў Мне, каб яны былі ў адзінстве, як і Мы. Калі Я быў з імі ў сьвеце, Я захаваў іх у імя Тваё; каторых даў Ты Мне, Я ўсьцярог, і ніхто з іх не загінуў, (а толькі сын загібелі), каб спраўдзілася Пісаньне. Цяпер-жа да Цябе іду, і гэта гавару ў сьвеце, каб яны мелі ў сабе радасьць Маю поўную.

Я даў ім слова Тваё, і сьвет зьненавідзеў іх, бо не ад сьвету яны, як і Я не ад сьвету. Не малю, каб узяў іх ад сьвету, але каб захаваў іх ад зла. Яны не ад сьвету, як і Я не ад сьвету. Асьвяці іх праўдаю Тваею, слова Тваё — праведнасьць.

Як Ты Мяне паслаў у сьвет, так Я іх паслаў у сьвет. І за іх Я пасьвячаю Сябе, каб і яны былі пасьвячаны ў праўды. І ня толькі за іх малю, але і за тых, якія подля слоў іхных у Мяне ўверылі. Няхай будуць усе ў адзінстве, як Ты, Ойча ўва Мне, і Я ў Табе, (каб і яны ў Нас адзінствам былі), і каб уверыў сьвет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб былі адзінствам, як і Мы ў адзінстве. Я ў іх, і Ты ўва Мне, няхай і яны будуць дасканалымі ў адзінстве, і няхай пазнае сьвет, што Ты паслаў Мяне, і узьлюбіў іх, як узьлюбіў Мяне. Ойча! хачу каб тыя, каторых Ты даў Мне, былі са Мною там, дзе і Я; каб бачылі славу Маю, якую Ты Мне даў, бо узьлюбіў Мяне раней за стварэньне сьвету. Ойча праведны! і сьвет Цябе не пазнаў, Я-ж пазнаў Цябе, і яны пазналі, што Ты паслаў Мяне. І Я абвясьціў ім імя Тваё і абвяшчу, каб любоў, якою Ты узьлюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх.

Прамовіўшы гэтае, Ісус адыйшоў з вучнямі Сваімі за ручай Кедрон, дзе быў сад, і ўвайшоў туды Сам і вучні Ягоныя. Ведаў-жа Юда, здраднік Яго, тое месца, бо там часта зьбіраліся Ісус і вучні Ягоныя. Вось Юда, узяўшы кагорту жаўнераў і слугаў ад архісьвятароў і фарысеяў, прыйходзіць туды з ліхтарамі, сьвяцільнямі і зброяй. Ісус-жа, ведаючы, што з Ім станецца, выйшаў і сказаў ім: — каго шукаеце? — Яму адказалі: — Ісуса Назарэя; Ісус гаворыць ім: — гэта Я; стаяў-жа з імі й Юда, які прадаў Яго. І калі сказаў ім — гэта Я, — яны падаліся назад і ўпалі на зямлю. І зноў спытаўся ў іх Ісус: — каго шукаеце? яны адказалі: — Ісуса Назарэя. Ісус адказаў: — Я сказаў вам, што гэта Я; і калі Мяне шукаеце, ды адпусьцеце іх адыйсьці, — Каб спраўдзілася слова, якое Ён прамовіў: — з тых, якіх Ты даў Мне, Я не загубіў нікога. Сыман-жа Пётр, які меў меч, выняў яго і ўдарыў слугу архісьвятаровага, і адсек яму правае вуха; імя-ж слугі таго было Малх. Але Ісус сказаў Пятру: — улажы меч у похву; ці-ж ня піць Мне чары, якую даў Мне Айцец. Тады воіны і тысячаначальнік ды паслужнікі юдэйскія ўзялі Ісуса і зьвязалі Яго. І павялі Яго сьпярша да Анны, бо ён быў цесьцем Кайафы, які на той год быў архісьвятаром. Гэта быў Кайафа, які падаў раду юдэям, што лепш каб адзін чалавек загінуў за народ. За Ісусам ішлі Сыман Пётра і другі вучань; той-жа вучань быў знаёмы архісьвятару, і ён ўвайшоў за Ісусам на падворак архісьвятара. Пётра-ж стаяў вонках за варотамі; тады выйшаў вучань той, знаёмы архісьвятару, сказаў прыдзьверніцы і ўвёў Пятра. Пры гэтым служанка прыдзьверніца сказала Пятру: — ці і ты ня з вучняў Гэтага Чалавека? ён-жа сказаў — не. Тымчасам слугі і вартайнікі разлажылі агонь, стаялі і грэліся, бо было холадна; Пётра таксама стаяў з імі і грэўся. Архісьвятар-жа дапытаў Ісуса пра вучняў Яго і пра навучаньне Ягонае. Ісус адказаў яму: — Я адкрыта гаварыў сьвету; Я заўсёды навучаў у сынагогах і ў храме, дзе звычайна зьбіраюцца юдэі, і нічога не гаварыў скрытна. Чаму пытаеш у Мяне? пытай тых, хто слухаў, што Я гаварыў; яны ведаюць, што Я гаварыў ім. Калі Ён гэта сказаў, адзін слуга, які стаяў там, ударыў Ісуса па шчацэ, сказаўшы: — гэта так Ты адказваеш архісьвятару? Ісус адказаў яму: — калі Я сказаў дрэнна, пакажы, што дрэнна, а калі добра, чаму б'еш Мяне? І адаслаў Анна Яго зьвязанага да Кайафы архісьвятара. А Сыман Пётра стаяў і грэўся; і кажуць яму: — ці ня з вучняў Ягоных і ты? — ён-жа выракся, кажучы — не! Тады адзін з архісьвятаровых слугаў, сваяк таго, якому Пётра адсек вуха, сказаў: — ці-ж ня бачыў я цябе разам з Ім у садзе? І вось зноў адрокся Пётра, і ў той момант прапяяў певень. Ад Каяфы павялі Ісуса да Прэторыі — судзілішча; была ўжо раніца, і яны самі не ўвайшлі ў Прэторыю, каб не аграшыцца, і каб можна было спажываць Пасху.

Пілат выйшаў вонкі да іх і сказаў: — якое вінавачаньне падаецца на Чалавека Гэтага? Яны-ж у адказ сказалі: — калі-б Ён ня быў злачынца, мы-б ня выдалі Яго табе. Пілат-жа сказаў ім: — вазьмеце Яго і самі, паводля вашага закону, судзеце Яго; тады юдэі сказалі яму: — нам нікога забіваць ня можна. І спраўдзілася слова Ісусава, (калі Ён праракаў), якою сьмерцяй мае памерці. Тады Пілат зноў увайшоў у Прэторыю і, паклікаўшы Ісуса, сказаў Яму: — ці Ты Кароль Юдэйскі? Ісус-жа адказаў яму: — ці ад самога сябе ты гэтае гаворыш, ці іншыя сказалі табе пра Мяне? Адказаў Пілат: — ці-ж я юдэй? людзі Твае і архісьвятары выдалі Цябе мне; што Ты ўчыніў. Ісус прамовіў: — Каралеуства Маё не ад гэтага сьвету; калі-б ад гэтага сьвету было Каралеуства Мае, слугі Мае баранілі-б Мяне, каб ня быў Я выданы юдэям; але цяпер Каралеуства Маё не адгэтуль. І сказаў Яму Пілат: — дык Ты Кароль? Ісус адказаў: — ты кажаш, што Я Кароль. Я на тое радзіўся і на тое прыйшоў у сьвет, каб дать сьветчаньне праўдзе; і кажны хто ад праўды, слухае голасу Майго. Пілат сказаў Яму: — што ёсьць праўда? і гэта сказаўшы, зноў выйшаў да юдэяў і сказаў ім: — я ніякае віны не знаходжу ў Ім. Ёсьць-жа ў вас звычай, каб я аднаго кагось адпушчаў вам на Пасху; калі хочаце, адпушчу вам Караля Юдэйскага? Яны-ж зноў усе закрычалі: — ня Гэтага, але Вараўву! Вараўва-ж быў разбойнік.

Тады Пілат узяў Ісуса і учыніў Яму бічаваньне. І воіны, сплёўшы вянец з цярніны, узлажылі Яму на галаву, і адзелі Яго ў баграніцу, — І гаварылі: — радуйся, Кароль Юдэйскі, і білі Яго па абліччы. Пілат-жа зноў выйшаў навонкі і сказаў ім: — вось я выводжу Яго да вас, каб вы ведалі, што я не знайходжу ў Ім ніякае віны. І выйшаў Ісус у церневым вянцы і ў рызе — баграніцы; і сказаў ім Пілат: — во, Чалавек! Калі-ж убачылі Яго архісьвятары і слугі іхныя, то пачалі крычаць, кажучы: — укрыжуй, укрыжуй Яго. Гаворыць ім Пілат: — вазьмеце Яго вы і ўкрыжуйце, бо я не знайходжу ў Ім віны. Юдэі адказалі яму: — мы маем закон, і подля закону нашага Ён мусіць умерці, бо Ён удае Сябе за Сына Божага. Пілат, пачуўшы гэтае слова, яшчэ больш затрывожыўся. І зноў увайшоў у Прэторыю і прамовіў да Ісуса: — адкуль Ты? — але Ісус ня даў яму адказу. І сказаў Яму Пілат: — Ты не адказваеш мне? ці ня ведаеш, што я маю ўладу ўкрыжаваць Цябе, і маю ўладу адпусьціць Цябе. Ісус-жа адказаў: — ня меў-бы ты нада Мною ніякае ўлады, калі-б ня было табе дадзена зузвыш; дзеля таго, больш грэху на тым, хто прадаў Мяне табе. З таго маменту Пілат стараўся звольніць Ісуса, але юдэі крычалі, вымаўляючы: — калі звольніш Яго, ты ня прыяцель кесару; кажны, хто робіць сябе каралём, ёсьць праціўнік кесара.

Пілат, пачуўшы гэтыя словы, вывеў Ісуса навонкі, і сеў на судовым пасадзе, на месцы, званым Літостратон, а пагэбрайску Гаўвафа. Была-ж тады пятніца перад Пасхай і гадзіна шостая; і сказаў Пілат юдэям: — вось, кароль ваш. Яны-ж закрычалі: — вазьмі, вазьмі! укрыжуй Яго! Пілат сказаў ім: — ці-ж маю ўкрыжаваць караля вашага? архісьвятары адказалі: — няма ў нас караля, апроча кесара. Тады аддаў Яго ім на ўкрыжаваньне; і ўзялі Ісуса і павялі. І, нясучы на Сабе крыж, выйшаў на пляц, званы Чараповішча, а пагэбрайску Галгофа. І там укрыжавалі Яго, а з Ім двух іншых, з аднаго і другога боку, а пасяродку Ісуса. Пілат і надпіс напісаў і прылажыў на крыжы; а напісана было: — Ісус Назаранін Кароль Юдэйскі. Многія з юдэяў чыталі гэты надпіс, бо пляц, дзе быў укрыжаваны Ісус, быў недалёка ад места, і напісана было пагэбрайску, пагрэцку і палатінску.

Гаварылі-ж архісьвятары юдэйскія Пілату: — ня пішы — Кароль Юдэйскі, — але што Ён Сам казаў: — Я Кароль Юдэйскі. Пілат адказаў: — што я напісаў, то напісаў. Воіны-ж, укрыжаваўшы Ісуса, узялі адзеньне Ягонае і падзялілі на чатыры часьці, кажнаму па аднэй, таксама і хітон; а хітон-жа ня быў шыты, але вытканы ўвесь ад самага верху. Тады гаварылі між сабою: — ня будзем разьдзіраць яго, але кінем на яго жэрабе, каму дастанецца; — і збылося сказанае ў Пісаньні: — падзялілі адзеньне Мае між сабою, і на вопратку Маю жэрабе кідалі; гэтак і воіны учынілі.

Стаялі-ж пры Крыжы Ісусавым — Маці Ягоная і сястра Маці Яго, Марыя Клеопава і Марыя Магдалена. Ісус, угледзеўшы Маці і вучня, які стаяў тут, і якога любіў, сказаў Маці Сваёй: — жанчына! вось сын Твой. Пасля кажа вучню: — вось Маці твая; і з таго часу вучань узяў Яе да сябе.

Пасьля гэтага Ісус, ведаючы, што ўсё ўжо даканалася, каб збылося Пісаньне, прамовіў: — смагну! Стаяла-ж тут посудзіна, поўная воцту; воіны, напаішы губку воцтам і насадзіўшы яе на трысьціну, паднясьлі да вуснаў Ягоных. І калі Ісус прыняў воцту, прамовіў: — зьдзейсьнілася! і скланіўшы галаву, аддаў дух. Юдэі-ж, дзеля таго што была пятніца (Дзень Прыгатовы), і подля звычаю, целы ўкрыжаваных не павінны былі заставацца на сыботу, бо быў Вялікі той дзень сыботні, прасілі Пілата, каб перабіць ім галені ды пазьнімаць іх. І вось воіны прыйшлі і перабілі галені першаму і другому, укрыжаванаму з Ім. Калі-ж падыйшлі да Ісуса, то ўбачылі, што Ён ужо ўмершы, і не перабівалі Яму галеняў. Толькі адзін з воінаў дзідай прабіў Яму бок, і ўраз-жа пацякла кроў і вада. І той, хто бачыў, засьветчыў, і праўдзівае ёсьць сьветчаньне яго; і ён ведае, што гаворыць праўду, каб і вы веру мелі. Сталася-ж гэта, каб спраўдзілася Пісаньне: — косьць Яго няхай ня скрушыцца. І яшчэ ў іншым Пісаньні гаворыцца: — узглянуць на Таго, Каго прабілі.

Пасьля гэтага Язэп з Арымафеі — вучань Ісуса, але скрытны з-за страху прад юдэямі, прасіў Пілата, каб зьняць Цела Ісуса, і Пілат дазволіў. Ён прыйшоў і зьняў Цела Ісусава. Прыйшоў і Нікадым, які раней прыйходзіў да Ісуса ўначы, і прынёс блізу сто фунтаў мірра, зьмешанага з алоэ. І ўзялі яны Цела Ісуса, і авінулі Яго надухмяненымі пялёнамі, як звычайна хаваюць у юдэяў. У тым-жа месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, а ў садзе новы гроб, у якім яшчэ ніхто ня быў паложаны. І там, дзеля таго, што было сьвята юдэйскае Дня Прыгатовы, а гроб быў блізка, палажылі Цела Ісуса.

У першы-ж дзень тыдня раніцай, калі яшчэ не разьвіднілася, прыйходзіць да гробу Марыя Магдалена і бачыць, што камень ад гробу адвалены. Яна пабегла і зайшла да Сымана Пятра і да другога вучня, якога любіў Ісус, і кажа ім: — вынеслі Госпада з гробу, і ня ведаем, дзе. Пётра і другі вучань ураз-жа выйшлі і пайшлі да гробу. Яны пабеглі разам, але другі вучань бег хутчэй за Пятра, і першы прыйшоў да гробу. І нахіліўшыся, пабачыў ляжачыя пялёны, але да гробу не ўвайшоў. Сьледам за ім прыйходзіць Сыман Пётра. Ён увайходзіць да гробу, і бачыць толькі ляжачыя пялёны. А плат, што быў на галаве Яго, ляжаў зьвінуты асобна ад пялёнаў, на іншым месцы. Тады ўжо ўвайшоў і другі вучань, які дабег да гробу першым, і пабачыў і паверыў. Бо яны яшчэ ня ведалі з Пісаньня, што Яму наляжала ўваскроснуць з мертвых. Тады вучні зноў вярнуліся дадому.

А Марыя стаяла ля гробу і плакала; і плачучы нахінулася да гробу. І ўбачыла двух ангелаў у белым адзеньні; яны сядзялі — адзін у галовах, а другі ў нагах, дзе ляжала Цела Ісусава. І кажуць яны ёй: — жанчына! чаго плачаш? яна-ж адказала: — бо забралі Госпада майго і ня ведаю, дзе палажылі Яго. Гэта сказаўшы, яна абярнулася і пабачыла постаць Ісуса, але не пазнала Яго. І кажа ёй Ісус: — жанчына, чаго ты плачаш, каго шукаеш? яна-ж, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: — дабрадзею! калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе палажыў Яго, і я забяру Яго. І прамовіў да яе Ісус: — Марыя! яна-ж, абярнуўшыся да Яго, усклікнула: — Раўвуні! — гэта значыць, Вычыцель. Ісус кажа ёй: — не дакранайся да Мяне, бо Я ня ўзыйшоў яшчэ да Айца Майго; ідзі-ж да братоў Маіх і скажы ім: — узыйходжу да Айца Майго і Айца вашага, і Бога Майго і Бога вашага. Марыя Магдалена йдзе і абвяшчае вучням, што бачыла Госпада, і што ўсё гэта сказаў ёй.

Увечары таго-ж першага тыдня, калі дзьверы дома, дзе зыйшліся вучні Яго, былі замкненыя з-за асьтярогі ад юдэяяў, прыйшоў Ісус і, стаўшы пасяродку, прамовіў да іх: — мір вам! І сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і ногі, і рэбры Свае; узрадаваліся-ж вучні, убачыўшы Госпада. І зноў сказаў ім Ісус: — мір вам! як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас. Сказаўшы гэта, дыхнуў і кажа ім: — прымеце Духа Сьвятога. Каму адпусьціце грахі, таму адпусьцяца, на кім затрымаеце, застануцца.

А Хама, адзін з дванаццацёх, званы Блізьнюк, ня быў з імі, калі прыйходзіў Ісус. Іншыя-ж вучні сказалі яму: — мы бачылі Госпада; але ён адказаў ім: — калі ня ўбачу на руках Яго прабоінаў ад цьвікоў, і не ўлажу пальца майго ў раны ад цьвікоў, і ня ўлажу рукі мае ў рэбры Ягоныя, не паверу.

Па восьмёх дзёх зноў былі ў доме вучні Ягоныя, і Хама быў з імі; прыйходзіць Ісус, калі дзьверы былі замкненыя, і стаў пасярод іх і сказаў: — мір вам. Потым гаворыць да Хамы: — падай сюды твой палец, і агледзь рукі Мае; і падай руку тваю, і ўлажыі ў рэбра Мае; і ня будзь нявернікам, але верным. І адказаў Яму Хама, прамовіўшы: — Госпадзе мой і Божа мой! Ісус гаворыць яму: — ты паверыў затым, што бачыў Мяне; шчасьлівыя тыя, якія ня бачылі, але паверылі. Шмат іншых цудаў стварыў Ісус прад вучнямі Сваімі, але яны не напісана ў кнігах гэтых. А гэтае-ж напісана, каб вы паверылі, што Ісус ёсьць Хрыстос Сын Божы, і ўверыўшы, мелі жыцьцё ў імя Ягонае.

Па ўваскрасеньне Сваім, пасьля гэтага, зноў зьявіўся Ісус вучням Сваім пры моры Тыверыядскім; зьявіўся-ж гэтак. Былі разам Сыман Пётра, і Хама, званы Блізьнюк, Натанаіл, які быў з Каны Галілейскай, і сыны Заведэевы, ды іншыя два з вучняў Ягоных. І кажа ім Сыман Пётра: — пайду рыбу лавіць; яму-ж кажуць: — пойдзем і мы з табою; і, пайшоўшы, ўвайшлі ў лодку, але тэй ночы нічога не злавілі. Калі-ж настала раніца, стаяў Ісус на беразе, але не пазналі вучні, што гэта Ісус. І гаварыць да іх Ісус: — дзеці! ці ня маеце чаго з ежы? Яму адказалі — няма. Ён-жа сказаў ім: — закіньце сець з правага боку лодкі, і знойдзеце; яны закінулі, і ўжо не маглі выцягнуць сеці ад мноства рыбы. Тады вучань, якога любіў Ісус, кажа Пётру: — гэта Госпад; Сыман-жа Пётра, пачуўшы, што гэта Госпад, аперазаўся накідкай, бо быў голы, і кінуўся ў мора. А іншыя вучні прыплылі лодкай, цягнучы за сабою сець з рыбай, бо былі недалёка ад зямлі, толькі каля двухсот локцяў. А калі выйшлі на зямлю, бачаць разложаны агонь і рыбу на ім паложаную і хлеб. Ісус кажа ім: — прынясеце рыбы, якое вы налавілі цяпер. Сыман Пётра пайшоў і выцягнуў на зямлю сець, поўную вялікіх рыбінаў, іх было сто пяцьдзясят тры; і ад такога мноства сець не парвалася. Ісус кажа ім: — ідзеце сьнедаць; і ніхто з вучняў не адважыўся папытацца ў Яго: Хто Ты? — бо ўсе ведалі, што гэта Госпад. Ісус прыйходзіць, бярэ хлеб і дае ім, таксама і рыбу. Гэта ўжо трэйці раз зьявіўся Ісус вучням Сваім па Уваскрасеньні Сваім.

Калі-ж яны сьнедалі, кажа Ісус Сыману Пятру: — Сыман Іонін, ці любіш ты Мяне больш, як яны? Пётра гаворыць Яму: — так, Госпадзе, Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: — пасі ягняты Мае. І яшчэ гаворыць яму другі раз: — Сыман Іонін, ці любіш ты Мяне? і той адказвае Яму: — так, Госпадзе, Ты ведаеш, што я люблю; кажа яму: — пасі ягняты Мае. І трэйці раз кажа яму: — Сыман Іонін, ці любіш ты Мяне? і засумаваў Пятра, што пытае ў яго трэйці раз — ці любіш ты Мяне? — і сказаў Яму: — Госпадзе, Ты ведаеш ўсё; Ты ведаеш, што я люблю Цябе; Ісус кажа яму: — пасі ягняты Мае. Папраўдзе, папраўдзе кажу табе: калі ты быў малады, то апяразваўся сам, і хадзіў, куды хацеў; калі-ж састарэеш, то выцягнеш рукі, і іншы апяража цябе і павядзе, куды ня хочаш. Гэтае гаварыў, прадракаючы, якою сьмерцяй ён праславіць Бога; і прамовіўшы гэта, кажа яму: — ідзі за Мною. Пётра-ж, абярнуўшыся, бачыць, ідзе за ім вучань, якога любіў Ісус, і які на Вячэры, прыкланіўшыся да грудзей Ягоных, гаварыў: — Госпадзе! хто прадасьць Цябе? Убачыўшы яго, Пётра кажа Ісусу: — Госпадзе! а ён што? Кажа яму Ісус: — калі Я хачу, каб ён аставаўся, пакуль прыйду, што табе да таго? ты йдзі за Мною. І разьняслося гэтае слова між братамі, што вучань той не памрэ; але Ісус не сказаў яму, што не памрэ, а сказаў: — калі Я хачу, каб ён аставаўся, пакуль прыйду, што табе да таго?

І гэты ёсьць той вучань, які сьветчыць пра гэтае, і ён напісаў гэтае, і мы ведаем, што сьветчаньне ягонае праўдзівае. Многа чаго іншага стварыў Ісус, такога, што калі-б дакладна пісаць пра ўсё тое, то думаю цэламу сьвету не зьмясьціць-бы ўсіх напісаных кніг. Амін.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.