Библия › Сёмухі › 2 да Фесаланікійцаў
Павал і Сілуан і Цімафей — Фесаланіцкай Царкве ў Богу Айцы нашым і Госпадзе Ісусе Хрысьце: мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. Заўсёды па справядлівасьці мы павінны дзякаваць Богу за вас, браты, бо ўзрастае вера вашая, і памнажаецца любоў кожнага адно да аднаго паміж усімі вамі. так што мы самі хвалімся вамі ў цэрквах Божых, цярплівасьцю вашай і вераю ва ўсіх ганеньнях і нягодах, якія вы пераносіце у доказ таго, што будзе справядлівы суд Божы, каб вам быць вартымі Царства Божага, дзеля якога вы і пакутуеце. Бо праведна прад Богам — тым, хто вас зьневажае, плаціць смуткам, а вам, каго зьневажаюць, радасьцю разам з намі, у прышэсьце Госпада Ісуса зь неба, з анёламі моцы Ягонай, у полымным вагні таго, хто помсьціцца тым, што не спазналі Бога і не ўпакорваюцца зьвеставаньню Госпада нашага Ісуса Хрыста, якія прымуць кару, вечную пагібель ад імя Госпада і ад славы магутнасьці Ягонай, калі Ён прыйдзе праславіцца ў сьвятых Сваіх і зьявіцца дзівосным у дзень той усім вернікам, бо вы паверылі нашаму сьведчаньню. На тое і молімся заўсёды за вас, каб Бог наш зрабіў вас вартымі пакліканьня і ўчыніў усякую добрую ласку даброці і справу веры ў моцы. Няхай праславіцца імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў вас, і вы ў Ім, па мілаце Бога нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
Молім вас, браты, за прышэсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста, за нашу сустрэчу зь Ім, не сьпяшацца пахіснуцца ў розуме і бянтэжыцца ні ад духа, ні ад слова, ні ад пасланьня, нібыта намі (пасланага), быццам ужо настаў дзень Хрыстовы. Хай не ашукае вас ніхто ніяк: бо дзень той ня прыйдзе, пакуль ня прыйдзе раней адступленьне і не адкрыецца чалавек грэху, сын пагібелі, які супрацівіцца і выстаўляецца вышэй за ўсё, што называецца Богам ці сьвятыняю, так што ў храме Божым сядзе ён, як Бог, выдаючы сябе за Бога. Ці ж не памятаеце, як я, яшчэ калі быў у вас, казаў вам пра гэта? І цяпер вы ведаеце, што не дазваляе адкрыцца яму ў сваім часе. Бо таямніца беззаконьня ўжо ў дзеяньні; толькі ня зьдзейсьніцца да таго часу, пакуль ня будзе ўзяты з асяродзьдзя той, хто трымае цяпер, — і тады адкрыецца беззаконьнік, якога Гасподзь Ісус заб’е духам вуснаў Сваіх і зьнішчыць зьяўленьнем прышэсьця Свайго, таго, прышэсьце якога, пасьля дзеяньня сатаны, будзе з усякаю сілаю і азнакамі і цудамі фальшывымі, і з усякім няправедным ашуканствам тых, якія гінуць за тое, што яны не прынялі любові ісьціны дзеля свайго збавеньня. І за гэта пашле ім Бог дзеяньне аблуды, так што яны будуць верыць хлусьні, хай будуць асуджаны ўсе тыя, што ня верылі ісьціне, а ўпадабалі няпраўду. А мы заўсёды павінны дзякаваць Богу за вас, любасныя Богу браты, што Бог ад пачатку, праз асьвячэньне Духа і веру ісьціне, выбраў вас на ратаваньне, да якога і паклікаў вас зьвеставаньнем нашым, дзеля дасягненьня славы Госпада нашага Ісуса Хрыста. Дык вось, браты, стойце і трымайце паданьні, якім вы навучаны або словам, або пасланьнем нашым. А Сам Гасподзь наш Ісус Хрыстос і Бог і Айцец наш, Які палюбіў нас і даў уцеху вечную і надзею добрую ў мілаце, няхай суцешыць вашыя сэрцы і ўмацуе вас у кожным слове і справе добрай.
Дык вось, малецеся за нас, браты, каб слова Гасподняе шырылася і праслаўлялася, як і ў вас, і каб нам пазбыцца падступных і ліхіх людзей; бо не ва ўсіх вера. Але верны Гасподзь, Які ўмацуе вас і аслоніць ад ліхадзея. Мы пэўныя за вас у Госпадзе, што вы выконваеце і будзеце выконваць тое, што мы вам наказваем. А Гасподзь хай скіруе сэрцы вашыя ў любоў Божую і ў цярплівасьць Хрыстовую. А наказваем вам, браты, імем Госпада нашага Ісуса Хрыста, цурацца кожнага брата, які жыве гультаём, а не паводле паданьня, якое прынялі ад нас, бо вы самі ведаеце, як павінны вы пераймаць нас; бо мы не гультаявалі ў вас, ні ў кога ня елі хлеба дарма, а займаліся працай і рабілі ноч і дзень, каб ня стацца цяжарам каму-небудзь з вас, не таму, каб мы ня мелі ўлады, а каб сябе саміх даць вам у прыклад на перайманьне нас. Бо, калі мы былі ў вас, дык наказвалі вам вось што: калі хто ня хоча працаваць, той і ня еж. Але чуем, што некаторыя ў вас жывуць гультаямі, нічога ня робяць, а хітра абыходзяцца; такіх умаўляем і пераконваем Госпадам нашым Ісусам Хрыстом, каб яны, моўчкі працуючы, елі свой хлеб. А вы, браты, ня падайце духам, робячы дабро. Калі ж хто не паслухае слова нашага ў гэтым пасланьні, таго майце на прыкмеце і не вадзецеся зь ім, каб даць яму сораму; але ня лічэце яго за ворага, а стаўце на розум, як брата. А Сам Гасподзь міру няхай дасьць вам мір заўсёды ва ўсім; Гасподзь з усімі вамі! Прывітаньне маёю рукою Паўлаваю, што служыць знакам у кожным пасланьні; пішу я так: мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.
Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002