Библия › Клышка › Іаана

Іаана

У пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Яно было ў пачатку ў Бога. Усё праз Яго ўзнікла, і без Яго нічога не ўзнікла, што ўзнікла. У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей; і святло ў цемры свеціць, і цемра не агарнула яго. З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога, імя яму Іаан. Ён прыйшоў для сведчання, каб засведчыць пра Святло, каб усе ўверавалі праз яго. Ён не быў святлом, але быў пасланы, каб засведчыць пра Святло. Гэта было Святло праўдзівае, Якое асвятляе кожнага чалавека, што прыходзіць у свет. У свеце Ён быў, і свет узнік праз Яго, але свет не пазнаў Яго. Ён прыйшоў да сваіх, і свае не прынялі Яго. А ўсім, хто прыняў Яго, Ён даў уладу стаць дзецьмі Божымі, тым, што веруюць у Яго імя, якія не ад крыві, не ад жадання цела, не ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіліся. І Слова зрабілася целам і пасялілася ў нас. І мы ўбачылі Яго славу, славу як Адзінароднага ад Бацькі, — поўнае ласкі і праўды. Іаан сведчыць пра Яго і, усклікваючы, кажа: Гэта быў Той, пра Каго я сказаў: «Той, Хто за мною ідзе, стаў перада мною, бо Ён быў раней за мяне». Бо1 ад Яго паўнаты мы ўсе атрымалі, і ласку за ласкаю; таму што закон быў дадзены праз Маісея, ласка і праўда сталіся праз Ісуса Хрыста. Бога ніхто не бачыў ніколі; Адзінародны Сын2, што ёсць ва ўлонні Бацькі, Той аб’явіў Яго. І вось сведчанне Іаана, калі іудзеі паслалі да яго з Іерусаліма святароў і лявітаў, каб спыталіся ў яго: Хто ты? І ён вызнаў і не адмовіўся, а вызнаў: Я не Хрыстос. І яны спыталіся ў яго: Дык што? Ты Ілія? — І ён адказаў: Не. — Ці ты прарок? — І ён адказаў: Не. Дык яны сказалі яму: Хто ты, каб нам даць адказ тым, хто паслаў нас? Што ты кажаш пра самога сябе? Ён сказаў: Я вокліч прапаведніка ў пустэльні: «Выпрастайце дарогу Гасподнюю», як сказаў Ісаія-прарок. А пасланыя былі з фарысеяў. І яны спыталіся ў яго і сказалі яму: Што ж ты хрысціш, калі ты не Хрыстос, і не Ілія, і не прарок? Адказаў ім Іаан, кажучы: Я хрышчу ў вадзе, [але] сярод вас стаіць Той, Каго вы не ведаеце, Які за мною ідзе і Якому я не варты, каб развязаць раменьчык Яго сандаля. Гэта адбылося ў Віфаніі3 за Іарданам, дзе Іаан хрысціў. На другі дзень ён4 бачыць Ісуса, што да яго ідзе, і кажа: вось Ягнятка Божае, Якое бярэ на Сябе грэх свету. Гэта Той, пра Каго я сказаў: «За мною ідзе Муж, Які стаў перада мною, бо Ён быў раней за мяне». І я не ведаў Яго, але, каб Ён быў абвешчаны Ізраілю, — для гэтага я прыйшоў хрысціць у вадзе. І Іаан засведчыў, кажучы: Я ўбачыў Духа, што сходзіў, як голуб, з неба, і Ён застаўся на Ім. І я не ведаў Яго, але Той, Хто паслаў мяне хрысціць у вадзе, мне сказаў: «На Каго ўбачыш, што сходзіць Дух і застаецца на Ім, — гэта Той, Хто хрысціць Святым Духам». І я ўбачыў і засведчыў, што Гэты — Сын Божы. На другі дзень зноў стаяў Іаан і два з яго вучняў; і, убачыўшы Ісуса, што праходзіў, ён кажа: Вось Ягнятка Божае. І два вучні пачулі, як ён гэта сказаў і пайшлі ўслед за Ісусам. А Ісус, павярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць услед, кажа ім: Што вы шукаеце? — Яны ж сказалі Яму: Равві (што ў перакладзе значыць «Настаўніку»), дзе Ты жывеш? Ён кажа ім: Ідзіце і ўбачыце. — Дык яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і прабылі ў Яго той дзень; было каля дзесятай гадзіны. Андрэй, брат Сімана Пятра, быў адзін з двух, што пачулі гэта ад Іаана і пайшлі ўслед за Ім. Ён знаходзіць спярша5 свайго брата Сімана і кажа яму: Мы знайшлі Месію (што ў перакладзе значыць: «Хрыстос»); [і ён] прывёў яго да Ісуса. Ісус, глянуўшы на яго, сказаў: «Ты — Сіман, сын Іаанаў6, ты будзеш называцца Кіфа (што перакладаецца «Пётр»7). На другі дзень Ён захацеў пайсці ў Галілею і знаходзіць Філіпа. І кажа яму Ісус: Ідзі ўслед за Мною. А Філіп быў з Віфсаіды, з горада Андрэя і Пятра. Філіп знаходзіць Нафанаіла і кажа яму: Мы знайшлі Таго, пра Каго напісаў Маісей у законе і прарокі, Ісуса, Іосіфавага сына, з Назарэта. І Нафанаіл сказаў яму: Ці ж можа быць з Назарэта што добрае? — Філіп кажа яму: Прыйдзі і паглядзі. Ісус убачыў Нафанаіла, што ішоў да Яго, і кажа пра яго: Вось сапраўды ізраільцянін, у якім няма хітрыкаў. Нафанаіл кажа Яму: Адкуль Ты мяне ведаеш? — У адказ Ісус сказаў яму: Перш чым паклікаў цябе Філіп, калі ты быў пад фігавым дрэвам, Я бачыў цябе. Нафанаіл адказаў Яму: Равві, Ты Сын Божы, Ты Цар Ізраілеў. У адказ Ісус сказаў яму: Ты верыш, таму што я сказаў табе, што бачыў цябе пад фігавым дрэвам; болей за гэта пабачыш. І кажа яму: Сапраўды, сапраўды кажу вам: [з гэтага часу] ўбачыце раскрытае неба і Анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сходзяць да Сына Чалавечага.

І на трэці дзень адбывалася вяселле ў Кане Галілейскай, і была там Ісусава Маці. Быў запрошаны на вяселле таксама і Ісус, і Яго вучні. І калі не стала віна, Ісусава Маці кажа Яму: У іх няма віна. [І] Ісус кажа Ёй: Што Мне і Табе, Жанчына? Яшчэ мая гадзіна не прыйшла. Яго Маці кажа слугам: Што Ён вам скажа, зрабіце. А там паводле іудзейскага абраду ачышчэння стаяла шэсць каменных пасудзін на ваду, што змяшчалі па дзве ці тры меры. Ісус кажа ім: Напоўніце пасудзіны вадою. — І яны напоўнілі іх даверху. І кажа ім: Цяпер зачарпніце і нясіце распарадчыку балю. — І яны занеслі. Калі ж распарадчык паспыта вады, што зрабілася віном, а ён не ведаў, адкуль яно ўзялося, слугі ж, што чэрпалі ваду, ведалі, — тады кліча распарадчык маладога і кажа яму: Кожны чалавек спярша ставіць добрае віно, а калі ап’янеюць, [тады] горшае; ты дагэтуль збярог добрае віно. Так Ісус зрабіў у Кане Галілейскай пачатак знакаў і выявіў Сваю славу, і Яго вучні ўверавалі ў Яго. Пасля гэтага сышоў у Капернаум Ён Сам, і Яго Маці, і (Яго) браты, і Яго вучні, і там заставаліся некалькі дзён. І набліжалася іудзейская Пасха, і Ісус узышоў у Іерусалім. І Ён знайшоў у святыні людзей, што прадавалі валоў, авечак, галубоў, і грашаменаў, якія тут сядзелі. І Ён, зрабіўшы бізун з аборак, усіх выгнаў са святыні, і авечак, і валоў, а ў мяняйлаў рассыпаў манеты і абярнуў сталы і прадаўцам галубоў сказаў: Забірайце гэта адсюль, не рабіце дом Майго Бацькі домам гандлю. [І] ўспомнілі Яго вучні, што напісана: «Руплівасць пра дом Твой з’ядае Мяне». Тады іудзеі ў адказ сказалі Яму: Які знак нам пакажаш, што маеш уладу гэта рабіць? У адказ Ісус сказаў ім: Зруйнуйце гэты храм, і Я за тры дні ўзвяду яго. Тады іудзеі сказалі: Сорак шэсць гадоў будавалі гэты храм, а Ты за тры дні ўзвядзеш яго? А Ён казаў пра храм Свайго Цела. Дык калі ж Ён быў уваскрэшаны з мёртвых, Яго вучні ўспомнілі, што Ён казаў гэта, і паверылі Пісанню і слову, якое сказаў Ісус. І калі Ён быў у Іерусаліме на свяце Пасхі, многія ўверавалі ў Яго імя, бачачы знакі, якія Ён рабіў. Але Сам Ісус не давяраўся ім, бо Ён ведаў усіх, і таму не меў патрэбы, каб хто сведчыў пра чалавека, бо Ён Сам ведаў, што было ў чалавеку.

А быў адзін чалавек з фарысеяў, імя яму Нікадзім, іудзейскі начальнік. Ён прыйшоў да Яго8 ўночы і сказаў Яму: Равві, мы ведаем, што Ты прыйшоў ад Бога як Настаўнік, бо ніхто не можа рабіць такіх знакаў, якія Ты робіш, калі Бог не будзе з ім. У адказ Ісус сказаў яму: Сапраўды, сапраўды кажу Я табе: Калі хто не народзіцца нанова9, не можа ўбачыць Царства Божага. Нікадзім кажа Яму: Як можа нарадзіцца чалавек, будучы старым? Хіба можа ён другі раз увайсці ва ўлонне свае маці і нарадзіцца? Ісус адказаў: Сапраўды, сапраўды кажу Я табе: Калі хто не народзіцца з вады і Духа, не можа ўвайсці ў Царства Божае. Народжанае ад цела ёсць цела, а народжанае ад Духа, ёсць дух. Не здзіўляйся, што Я сказаў табе: Вы павінны нарадзіцца нанова. Вецер, дзе хоча, дзьме, і яго голас чуеш, але не ведаеш, адкуль ён прыходзіць і куды адыходзіць; так бывае з кожным, хто нарадзіўся ад Духа. У адказ Нікадзім сказаў Яму: Як гэта можа быць? У адказ Ісус сказаў Яму: Ты — настаўнік Ізраілеў і гэтага не ведаеш? Сапраўды, сапраўды кажу Я табе: Што мы ведаем, пра тое кажам, і, што бачылі, пра тое сведчым, а вы Нашага сведчання не прымаеце. Калі Я пра зямное сказаў, і вы не верыце, як паверыце вы, калі Я скажу вам пра нябеснае? І ніхто не ўзыходзіў на неба, толькі Той, Хто з неба зышоў, — Сын Чалавечы, [што ёсць у небе]. І, як Маісей узняў змяю ў пустэльні, так павінен быць узняты Сын Чалавечы, каб кожны, хто веруе ў Яго, [не загінуў, а] меў вечнае жыццё. Бо так Бог палюбіў свет, што даў [Свайго] Адзінароднага Сына, каб кожны, хто веруе ў Яго, не загінуў, але меў вечнае жыццё. Бо не паслаў Бог Сына ў свет, каб Ён судзіў свет, але каб свет быў уратаваны праз Яго. Хто веруе ў Яго, не судзіцца; хто ж не веруе, ужо асуджаны, бо не ўвераваў у імя Адзінароднага Сына Божага. А гэта ёсць суд, што святло прыйшло ў свет, а людзі палюбілі больш цемру, чым святло, бо ліхія былі іх учынкі. Бо кожны, хто робіць ліхое, ненавідзіць святло і не ідзе да святла, каб не выкрылі яго ўчынкаў. А хто творыць праўду, ідзе да святла, каб выявіліся яго ўчынкі, бо яны ў Богу зроблены. Пасля гэтага прыйшоў Ісус і Яго вучні ў Іудзейскую зямлю, і там жыў з імі і хрысціў. І Іаан таксама хрысціў у Эноне, паблізу Саліма, бо там было шмат вады, і людзі прыходзілі і хрысціліся; бо Іаан яшчэ не быў кінуты ў турму. Дык у Іаанавых вучняў усчалася спрэчка з адным іудзеем10 пра ачышчэнне. І яны прыйшлі да Іаана і сказалі яму: Равві, Той, Хто быў з табою за Іарданам, пра Каго ты засведчыў, вось, Ён хрысціць, і ўсе ідуць да Яго. У адказ Іаан сказаў: Чалавек не можа атрымаць нічога, калі яму не будзе дадзена з неба. Вы самі пра мяне сведчыце, што я сказаў: «Я не Хрыстос, але я пасланы перад Ім». Хто мае маладую, той малады; а дружок маладога, што стаіць і слухае яго, радасцю радуецца голасу маладога. Дык гэта мая радасць спраўдзілася. Яму належыць расці, а мне ж — змяншацца. Хто з вышыняў прыходзіць, Той над усімі; хто — ад зямлі — зямны і ад зямлі гаворыць. Хто з неба прыходзіць, — [Той над усімі]: што Ён бачыў і чуў, пра тое сведчыць, ды Яго сведчання ніхто не прымае. Хто прыняў Яго сведчанне, той пячаткаю сцвердзіў, што Бог праўдзівы. Бо Той, Каго паслаў Бог, кажа словы Божыя, бо не мераю дае Бог Духа. Бацька любіць Сына і даў усё ў Яго руку. Хто веруе ў Сына, той мае вечнае жыццё; а хто не пакараецца Сыну, той не ўбачыць жыцця, а гнеў Божы на ім застаецца.

Калі ж даведаўся Ісус, што пачулі фарысеі, нібы Ісус бывае і хрысціць болей вучняў, чым Іаан, — хоць не хрысціў Сам Ісус, а Яго вучні, то пакінуў Іудзею і адышоў зноў у Галілею. І трэба было Яму праходзіць праз Самарыю. Дык Ён прыходзіць у самарыйскі горад, што завецца Сіхар, побліз зямлі, якую даў Іякаў Іосіфу, свайму сыну; там жа быў калодзеж Іякава. Дык Ісус, здарожыўшыся, сядзеў так ля калодзежа; было каля шасці гадзін11. Прыходзіць жанчына з Самарыі зачэрпнуць вады. Ісус кажа ёй: Дай Мне піць. Бо Яго вучні адлучыліся ў горад купіць яды. Дык жанчына, самаранка, кажа Яму: Як Ты, будучы іудзеем, просіш піць у мяне, самаранкі? Бо іудзеі не водзяцца з самаранамі. У адказ Ісус сказаў ёй: Калі б ты ведала дар Божы і Хто кажа табе: «Дай Мне піць», ты б прасіла ў Яго, і Ён даў бы табе жывую ваду. Жанчына кажа Яму: Гаспадару, у Цябе і вядра няма, а студня глыбокая, — адкуль жа ў Цябе жывая вада? Хіба Ты большы за нашага бацьку Іякава, які даў нам гэтую студню і сам з яе піў, і яго сыны, і яго жывёла? У адказ Ісус сказаў ёй: Кожны, хто п’е гэтую ваду, зноў захоча піць; хто ж пап’е вады, якой Я дам яму, не запрагне навекі, а вада, якую дам яму, зробіцца ў ім крыніцаю вады, што цячэ ў вечнае жыццё. Жанчына кажа Яму: Гаспадару, дай мне гэтай вады, каб я смагі не мела і не прыходзіла сюды чэрпаць. Ён кажа ёй: Ідзі, пакліч свайго мужа і прыходзь сюды. У адказ жанчына сказала Яму: Няма ў мяне мужа. — Кажа ёй Ісус: Добра ты сказала: «Няма ў мяне мужа», бо пяць мужчын мела і цяпер каторага маеш, не муж табе; ты гэта праўдзіва сказала. Жанчына кажа Яму: Гаспадару, бачу, што Ты прарок. Нашы бацькі на гэтай гары пакланяліся, а вы кажаце, што ў Іерусаліме ёсць месца, дзе належыць пакланяцца. Ісус кажа ёй: Вер Мне, жанчына, што надыходзіць гадзіна, калі ні на гэтай гары і ні ў Іерусаліме будзеце пакланяцца Бацьку. Вы пакланяецеся таму, чаго не ведаеце; мы пакланяемся таму, што ведаем, бо збавенне — ад іудзеяў. Але надыходзіць гадзіна, і цяпер яна ёсць, калі праўдзівыя паклоннікі будуць пакланяцца Бацьку ў духу і ў праўдзе; бо Бацька і шукае Сабе такіх паклоннікаў. Бог ёсць Дух, і тыя, што Яму пакланяюцца, павінны пакланяцца ў духу і ў праўдзе. Жанчына кажа Яму: Я ведаю, што прыйдзе Месія, які завецца Хрыстос; калі Ён прыйдзе, то абвесціць нам усё. Ісус кажа ёй: Гэта Я, што гавару з табою. І тут прыйшлі Яго вучні і дзівіліся, што Ён размаўляе з жанчынаю; ніхто, аднак, не спытаўся: «Чаго ты хочаш?» ці «Чаму з ёй размаўляеш?» Тады жанчына пакінула сваю пасудзіну і пайшла ў горад і кажа людзям: Ідзіце, пабачце Чалавека, Які сказаў мне ўсё, што я зрабіла. Ці не Хрыстос Ён? Яны выйшлі з горада і пайшлі да Яго. Тым часам вучні прасілі Яго, кажучы: Равві, еш! Ён жа сказаў ім: Я маю ежу, каб паесці, якой вы не ведаеце. Дык вучні казалі адзін аднаму: Ці не прынёс Яму хто-небудзь паесці? Ісус кажа ім: Спажыва Мая — выканаць волю Таго, Хто паслаў Мяне, і справу Яго завяршыць. Ці не вы кажаце: Яшчэ чатыры месяцы, і надыдзе жніво? Вось, кажу вам: узніміце свае вочы і гляньце на нівы, бо запалавелі яны для жніва. [І] хто жне, той атрымлівае плату і збірае плён у вечнае жыццё, каб разам цешыліся хто сее і хто жне. Бо ў гэтым праўдзівае выслоўе: «Адзін сее, а другі жне». Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі; іншыя працавалі, а вы ў іх працу ўвайшлі. І шмат хто з самаранаў з таго горада ўверавалі ў Яго праз слова жанчыны, што сведчыла: «Ён сказаў мне ўсё, што я зрабіла». Пасля калі самаране прыйшлі да Яго, то прасілі Яго застацца ў іх; і Ён заставаўся там два дні. І яшчэ больш народу ўверавала праз Яго слова. А жанчыне яны казалі: Ужо не праз тваё расказванне веруем, бо самі пачулі і ведаем, што Ён сапраўды Збаўца свету [Хрыстос]. А праз два дні Ён выйшаў адтуль [і пайшіў] у Галілею. Бо Ісус Сам засведчыў, што прарок у сваёй бацькаўшчыне пашаны не мае. Калі ж Ён прыйшоў у Галілею, галілеяне прынялі Яго, пабачыўшы ўсё, што зрабіў Ён у Іерусаліме на свяце, бо і самі яны хадзілі на свята. Тады Ён12 зноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе ператварыў ваду ў віно. І быў адзін прыдворны, у якога ў Капернауме быў хворы сын. Ён, пачуўшы, што Ісус прыйшоў з Іудзеі ў Галілею, пайшоў да Яго і прасіў, каб Ён прыйшоў і вылечыў яго сына, бо той быў пры смерці. Тады Ісус сказаў яму: Калі знакаў і цудаў не ўбачыце, не ўверуеце. Прыдворны кажа яму: Госпадзе, прыйдзі, пакуль яшчэ не памерла маё дзіця. Ісус кажа яму: Ідзі, твой сын жыве. — Паверыў чалавек слову, што сказаў яму Ісус, і пайшоў. І калі яшчэ ён быў у дарозе, яго слугі сустрэлі яго і сказалі, што яго хлопчык жыве. Дык ён спытаўся ў іх пра гадзіну, калі яму палягчэла. Тады яны сказалі яму: Учора ў сем гадзін адпусціла яго гарачка. Зразумеў тады бацька, што гэта было ў тую гадзіну, калі сказаў яму Ісус: «Твой сын жыве»; і ўвераваў сам і ўвесь яго дом. Гэта ўжо другі знак зрабіў Ісус, прыйшоўшы з Іудзеі ў Галілею.

Пасля гэтага было іудзейскае свята, і Ісус узышоў у Іерусалім. А ў Іерусаліме каля Авечай брамы ёсць купальня, па-яўрэйску завецца Віфзафа13, якая мае пяць крытых хадоў. У іх ляжала мноства хворых: сляпых, кульгавых, спаралізаваных, [што чакалі руху вады. Бо Анёл Гасподні час ад часу сходзіў у купальню і хваляваў ваду; тады хто першы ўваходзіў пасля хвалявання вады, выздараўліваў, якой бы хваробаю ні быў апанаваны]. І быў там адзін чалавек, разбіты хваробаю трыццаць восем гадоў; Ісус, убачыўшы, што той ляжыць, і даведаўшыся, што гэта з ім ужо доўгі час, пытаецца ў яго: Хочаш быць здаровым? Хворы адказаў яму: Гаспадару, няма ў мяне чалавека, каб, калі ўсхвалюецца вада, апусціў мяне ў купальню; а калі я прыходжу, іншы раней за мяне сходзіць. Кажа яму Ісус: Устань, вазьмі сваю пасцель і хадзі. І адразу зрабіўся гэты чалавек здаровым, узяў сваю пасцель і пайшоў. А ў той дзень была субота. Дык іудзеі казалі вылечанаму: Сёння субота, і не дазваляецца табе браць сваю пасцель. Але ён адказаў ім: Хто зрабіў мяне здаровым, Той мне сказаў: «Вазьмі сваю пасцель і хадзі». Яны спыталіся ў яго: Хто Той Чалавек, Які сказаў табе: «Вазьмі [сваю пасцель] і хадзі?» Вылечаны ж не ведаў, Хто ён, бо Ісус аддаліўся ад натоўпу, што быў на тым месцы. Пасля гэтага Ісус знайшоў яго ў святыні і сказаў яму: Вось ты выздаравеў, больш не грашы, каб не зрабілася табе чаго горшага. Гэты чалавек пайшоў і расказаў іудзеям, што зрабіў яго здаровым Ісус. І з-за гэтага іудзеі пачалі гнаць Ісуса [і шукалі Яго забіць], таму што Ён зрабіў гэта ў суботу. Але [Ісус] адказаў ім: Мой Бацька дагэтуль працуе, і Я працую. І вось з-за гэтага яшчэ больш шукалі іудзеі забіць Яго, бо Ён не толькі суботу парушыў, але і называў Бога Сваім Бацькам, робячы Сябе роўным Богу. Ісус жа ў адказ сказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: не можа Сын нічога рабіць Сам ад Сябе, калі не ўбачыць, што гэта робіць Бацька, бо што Той робіць, тое і Сын гэтак жа робіць. Бо Бацька любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што Сам робіць, і пакажа Яму ўчынкі большыя за гэтыя, так што вы здзівіцеся. Бо як Бацька ўваскрашае мёртвых і ажыўляе, так і Сын, каго хоча, ажыўляе. Бо і не судзіць Бацька нікога, а ўвесь суд аддаў Сыну, каб усе шанавалі Сына, як шануюць Бацьку. Хто не шануе Сына, не шануе Бацьку, Які паслаў Яго. Сапраўды, сапраўды кажу вам: Хто слухае Маё слова і веруе ў Таго, Хто паслаў Мяне, мае вечнае жыццё і на суд не прыходзіць, але перайшоў са смерці ў жыццё. Сапраўды, сапраўды кажу вам: Надыходзіць гадзіна, і цяпер ёсць, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага і тыя, што пачуюць, ажывуць. Бо як Бацька мае жыццё ў Самім Сабе, так і Сыну Ён даў мець жыццё ў Самім Сабе. І даў Яму ўладу [і] чыніць суд, бо Ён — Сын Чалавечы. Не здзіўляйцеся гэтаму, бо надыходзіць гадзіна, калі ўсе, хто ў магілах, пачуюць голас Яго, і выйдуць тыя, што рабілі дабро, ва ўваскрэсенне жыцця, а тыя, што ліхое рабілі, ва ўваскрэсенне суду. Я нічога не магу рабіць Сам ад Сябе; як Я чую, — так і суджу, і Мой суд справядлівы, бо не шукаю Маёй волі, а волі Таго, Хто14 паслаў Мяне. Калі Я сведчу Сам пра Сябе, Маё сведчанне не праўдзівае; ёсць іншы, Хто сведчыць пра Мяне, і Я ведаю, што праўдзівае пасведчанне, якім Ён сведчыць пра Мяне. Вы пасылалі да Іаана, і ён засведчыў аб праўдзе; Я ж не ад чалавека прымаю сведчанне, але кажу гэта, каб вы былі ўратаваныя. Той быў светачам, што гарэў і свяціў, вы ж хацелі на кароткі час парадавацца ў яго святле. Але Я маю сведчанне большае за Іаанава, бо справы, якія даў Мне Бацька, каб Я іх выканаў, самі гэтыя справы, якія раблю Я, сведчаць пра Мяне, што Мяне паслаў Бацька. І Бацька, што паслаў Мяне, Сам засведчыў пра Мяне. Вы ні голасу Яго ніколі не чулі, ні Яго аблічча не бачылі, і Яго слова не маеце, каб у вас заставалася, бо не верыце Таму, Каго Ён паслаў. Вы даследуеце Пісанні, бо вы думаеце, што ў іх маеце вечнае жыццё; а яны сведчаць пра Мяне; і не хочаце прыйсці да Мяне, каб мець жыццё. Славы ад людзей Я не прымаю, але Я ведаю вас, што вы любові да Бога ў сабе не маеце. Я прыйшоў у імя Майго Бацькі, і вы Мяне не прымаеце; калі іншы прыйдзе ў сваё імя, таго вы прымеце. Як вы можаце ўвераваць, калі славу адзін ад аднаго прымаеце, а славы, што ад Бога Адзінага, не шукаеце? Не думайце, што Я буду абвінавачваць вас перад Бацькам; ёсць абвінаваўца для вас — Маісей, на каго вы спадзяецеся. Бо калі б вы верылі Маісею, веравалі б Мне; бо ён пісаў пра Мяне. Калі ж яго пісанням не верыце, як паверыце Маім словам?

Пасля гэтага Ісус пайшоў на той бок Галілейскага, ці Тыверыядскага, мора. А ўслед за Ім ішоў вялікі натоўп, бо бачылі Яго знакі, якія рабіў над хворымі. Ісус жа ўзышоў на гару і сядзеў там са Сваімі вучнямі. А была блізка Пасха, іудзейскае свята. Калі Ісус узняў вочы і ўбачыў, што да Яго ідзе вялікі натоўп, кажа Філіпу: Дзе б нам купіць хлябоў, каб яны паелі? А казаў Ён гэта, выпрабоўваючы яго, бо Сам ведаў, што збіраўся рабіць. Філіп адказаў Яму: На дзвесце дынарыяў не стане ім хлеба, каб кожны атрымаў хоць трошкі. Адзін з Яго вучняў, Андрэй, брат Сімана Пятра, кажа Яму: Ёсць тут [адзін] хлапец, што мае пяць ячменных хлябоў і дзве рыбкі; але што гэта на такое мноства? Ісус адказаў: Скажыце людзям узлегчы. — А было на тым месцы шмат травы. Дык узлягло мужчын лікам каля пяці тысяч. Тады Ісус узяў хлябы і, уздаўшы падзяку, раздаў [вучням, а вучні ж] тым, што ўзлягалі, таксама і рыбак, колькі яны хацелі. А калі пад’елі яны, Ён кажа Сваім вучням: Збярыце кавалкі, што засталіся, каб нічога не прапала. Яны сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі ад пяці ячменных хлябоў, што засталіся ў тых, хто еў. Тады людзі, убачыўшы знак, які зрабіў Ён15, казалі: Гэта сапраўды Прарок, Які павінен прыйсці ў свет. Ісус жа, даведаўшыся, што рыхтуюцца прыйсці і схапіць Яго, каб зрабіць царом, зноў пайшоў на гару адзін. А як надышоў вечар, Яго вучні спусціліся да мора і, увайшоўшы ў лодку, паплылі на той бок мора ў Капернаум. І ўжо сцямнела, а Ісус яшчэ не прыходзіў да іх. І мора ўзбурылася, бо дзьмуў моцны вецер. Тады, праплыўшы стадый з дваццаць пяць ці з трыццаць, яны ўбачылі, што Ісус ідзе па моры і набліжаецца да лодкі, і спалохаліся. Ён жа кажа ім: Гэта Я; не бойцеся. Тады яны хацелі ўзяць Яго ў лодку, але лодка зараз жа апынулася каля берага, да якога яны плылі. На другі дзень натоўп, што стаяў на тым баку мора, бачыў, што другой лодкі, апроч адной, там не было і што Ісус не ўваходзіў у лодку са Сваімі вучнямі, а Яго вучні адплылі адны. А з Тыверыяды прыйшлі іншыя лодкі блізка да таго месца, дзе елі хлеб пасля Гасподняй падзякі. Калі ж натоўп убачыў, што ні Ісуса там няма, ні Яго вучняў, яны ўвайшлі ў лодкі і прыехалі ў Капернаум, шукаючы Ісуса. І, знайшоўшы Яго на тым баку мора, спыталіся ў Яго: Равві, калі Ты сюды прыбыў? У адказ ім Ісус сказаў: Сапраўды, сапраўды кажу вам: Вы шукаеце Мяне не таму, што бачылі знакі, а таму, што паелі хлябоў і наеліся. Працуйце не дзеля спажывы, што гіне, а дзеля спажывы, што застаецца на вечнае жыццё, якое дасць вам Сын Чалавечы; бо Яго адзначыў Сваёю пячаткаю Бацька, Бог. Тады яны спыталіся ў Яго: Што нам рабіць, каб тварыць справы Божыя? У адказ Ісус сказаў ім: Гэта справа Божая, каб вы верылі ў Таго, Каго Ён паслаў. Тады яны сказалі Яму: Дык які знак Ты зробіш, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? Што Ты робіш? Нашы бацькі елі манну ў пустэльні, як напісана: «Хлеб з неба даў ім есці». Тады Ісус сказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: Не Маісей даў вам хлеб з неба, а Мой Бацька дае вам праўдзівы хлеб з неба. Бо хлеб Божы ёсць Той, Хто сходзіць з неба і дае жыццё свету. Дык яны сказалі Яму: Госпадзе, давай нам заўсёды гэты хлеб! Ісус сказаў ім: Я — хлеб жыцця; хто да Мяне прыходзіць — не зазнае голаду, а хто веруе ў Мяне — не зазнае смагі ніколі. Але я сказаў вам, што вы і бачылі [Мяне], ды не верыце. Усё, што дае Мне Бацька, да Мяне прыйдзе, і таго, хто да Мяне прыходзіць, я не выганю вон. Бо Я зышоў з неба не Маю волю тварыць, а волю Таго, Хто паслаў Мяне. Гэта ж воля Таго, Хто16 паслаў Мяне, каб з усяго, што Ён даў Мне, Я нічога не страціў, а ўваскрасіў усё гэта ў апошні дзень. Бо гэта воля Майго Бацькі17, каб кожны, хто бачыць Сына і веруе ў Яго, меў вечнае жыццё, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень. Тады іудзеі пачалі наракаць на Яго, таму што ён сказаў: «Я — хлеб, што зышоў з неба», і казалі яны: Ці не Ісус гэта, Іосіфаў сын, бацьку і Маці Якога мы ведаем? Як [жа] Ён цяпер кажа: «Я зышоў з неба»? Ісус у адказ сказаў ім: Не спрачайцеся між сабою. Ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі Бацька, што паслаў Мяне, не прыцягне яго, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень. Напісана ў прарокаў: «І будуць усе навучаны Богам». Кожны, хто ад Бацькі пачуў і навучыўся, прыходзіць да Мяне. Гэта не значыць, што Бацьку нехта бачыў, толькі Той, Хто ад Бога, Бацьку бачыў. Сапраўды, сапраўды кажу вам: Той, хто веруе [ў Мяне], мае вечнае жыццё. Я — хлеб жыцця. Вашы бацькі елі ў пустэльні манну і памерлі. Хлеб, што сходзіць з неба, такі, што той, хто есць яго, не памрэ. Я — жывы хлеб, што зышоў з неба: калі хто будзе есці гэты хлеб, будзе жыць вечна, і хлеб жа, што Я дам, гэта Цела Маё, [якое Я аддам] за жыццё свету. Тады іудзеі спрачаліся між сабою, кажучы: Як Ён можа даць нам есці Сваё Цела? Тады Ісус сказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: Калі вы не будзеце есці Цела Сына Чалавечага і піць Яго Крыві, то не будзеце мець у сабе жыцця. Хто есць Маё Цела і п’е Маю Кроў, той мае вечнае жыццё, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень. Бо Маё Цела — сапраўдная18 яда, а Мая Кроў — сапраўднае18 пітво. Хто есць Маё Цела і п’е Маю Кроў, той ува Мне застаецца, і Я ў ім. Як паслаў Мяне жывы Бацька, і Я жыву Бацькам, так і хто Мяне есць, будзе жыць Мною. Гэта — хлеб, што з неба зышоў. Не так, як елі бацькі [вашы манну] і памерлі; хто гэты хлеб есць, будзе жыць вечна. Гэта сказаў Ён у сінагозе, навучаючы ў Капернауме. Многія ж з Яго вучняў, пачуўшы гэта, сказалі: Жорсткае гэтае слова; хто можа слухаць яго? Ісус жа, ведаючы ў Сабе, што Яго вучні наракаюць на гэта, сказаў ім: Ці гэта вас спакушае? А што, калі ўбачыце Сына Чалавечага, як узыходзіць туды, дзе Ён быў раней? Дух дае жыццё, цела ні ў чым не прыносіць карысці; словы, якія казаў19 Я вам — гэта дух і жыццё. Але ёсць некаторыя з вас, што не веруюць. — Бо Ісус ведаў з пачатку, хто не веруе і хто выдасць Яго. І Ён сказаў: Таму Я сказаў вам, што ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі не будзе дадзена яму ад [Майго] Бацькі. З гэтага часу шмат хто з Яго вучняў адышоў і больш з Ім не хадзіў. Тады Ісус сказаў дванаццаці: Ці не хочаце і вы адысці? Сіман Пётр адказаў Яму: Госпадзе, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы вечнага жыцця, і мы ўверавалі і пазналі, што Ты Святы Божы20. Ісус адказау ім: Ці не Я вас, дванаццаць, выбраў? Ды адзін з вас — д’ябал. А казаў Ён пра Іуду, сына Сімана, Іскарыёта. Бо гэты збіраўся выдаць Яго, адзін з дванаццаці.

І пасля гэтага Ісус хадзіў па Галілеі; бо па Іудзеі Ён не хацеў хадзіць, таму што іудзеі шукалі нагоды Яго забіць. А было блізка іудзейскае свята — Стаўленне Буданоў. Тады Яго браты сказалі Яму: «Пайдзі адсюль і ідзі ў Іудзею, каб і Твае вучні ўбачылі Твае ўчынкі, што Ты робіш; бо ніхто нічога не робіць употай, а сам стараецца быць вядомым. Калі Ты гэта робіш, пакажы Сябе свету. Бо нават Яго браты не верылі ў Яго. Ісус жа ім кажа: Мой час яшчэ не надышоў, а для вас заўсёды час. Свет не можа ненавідзець вас, Мяне ж ён ненавідзіць, бо Я сведчу пра яго, што яго ўчынкі ліхія. Вы ідзіце на свята; Я не пайду на гэтае свята, таму што мой час яшчэ не прыспеў. І, сказаўшы гэта, Ён застаўся ў Галілеі. Калі ж Яго браты пайшлі на свята, тады і Ён пайшоў: не адкрыта, а [як бы] ўпотай. І вось іудзеі шукалі Яго на свяце і казалі: Дзе Ён? І шмат спрэчак было пра Яго ў натоўпах: адны казалі: Ён добры, іншыя [ж] казалі: Не, наадварот, ашуквае людзей. Ніхто, аднак, адкрыта не казаў пра Яго з-за боязі перад іудзеямі. А ў палавіне ўжо свята, увайшоў Ісус у святыню і вучыў. І здзіўляліся іудзеі, кажучы: Як Ён ведае Пісанні, не вучыўшыся? Тады ў адказ ім Ісус сказаў: Маё вучэнне не Маё, а Таго, Хто паслаў Мяне. Калі хто хоча выконваць Яго волю, той даведаецца пра вучэнне, ці ад Бога яно, ці Я Сам ад Сябе кажу. Хто кажа сам ад сябе, той шукае ўласнай славы; а хто шукае славы Таго, Хто паслаў Яго — Той праўдзівы, і няправеднасці ў Ім няма. Ці не Маісей вам даў закон? Ды ніхто з вас не выконвае закона. За што вы хочаце забіць Мяне? Натоўп адказаў: У Табе дэман! Хто шукае забіць Цябе? Адказаў Ісус і сказаў ім: Адзін учынак Я зрабіў, і вы ўсе здзіўляецеся. Вось Маісей даў вам абразанне, — хоць яно не ад Маісея, але ад бацькоў, — вы і ў суботу абразаеце чалавека. Калі чалавек у суботу прымае абразанне, каб не быў парушаны закон Маісееў, чаму на Мяне гневаецеся, што Я ўсяго чалавека зрабіў здаровым у суботу? Не судзіце з выгляду, а судзіце справядлівым судом. Тады некаторыя з іерусалімлян казалі: Ці не Той гэта, Каго яны шукаюць забіць? І вось Ён адкрыта гаворыць, і нічога Яму не кажуць. Няўжо сапраўды ўведалі начальнікі, што гэта Хрыстос? Але ж мы ведаем Гэтага чалавека, адкуль Ён, а калі Хрыстос прыйдзе, ніхто не будзе ведаць, адкуль Ён. Усклікнуў тады ў святыні Хрыстос, навучаючы і кажучы: І ведаеце Мяне і ведаеце, адкуль Я; але Я прыйшоў не ад Самога Сябе, ды праўдзівы Той, Хто паслаў Мяне, Якога вы не ведаеце; Я ведаю Яго, таму што Я ад Яго, і Ён Мяне паслаў. Тады яны шукалі, як схапіць Яго, але ніхто не наклаў на Яго рукі, бо яшчэ не надышла Яго гадзіна. З натоўпу ж многія ўверавалі ў Яго і казалі: Няўжо Хрыстос, калі прыйдзе, зробіць болей знакаў, чым Гэты зрабіў? Фарысеі пачулі гэтыя погаласкі пра Яго ў натоўпе, і паслалі першасвятары і фарысеі служак, каб схапіць Яго. Ісус жа сказаў [ім]: Яшчэ нядоўга пабуду Я з вамі і пайду да Таго, Хто паслаў Мяне. Будзеце шукаць Мяне, і не знойдзеце [Мяне], і, дзе буду Я, туды вы не можаце прыйсці. Тады іудзеі казалі між сабою: Куды Ён збіраецца ісці, што мы не знойдзем Яго? Ці не збіраецца Ён ісці да высяленцаў між эленаў і навучаць эленаў? Што гэта за слова, якое Ён сказаў: «Будзеце шукаць Мяне і не знойдзеце [Мяне], і, дзе буду Я, туды вы не можаце прыйсці?» А ў апошні, вялікі дзень Свята стаяў Ісус і ўсклікнуў, кажучы: Калі хто з вас засмяг, няхай прыходзіць да Мяне і п’е. Хто веруе ў Мяне, як кажа Пісанне, у таго з нутра пацякуць рэкі жывой вады. Гэта ж Ён сказаў пра Духа, што павінны былі атрымаць тыя, хто ўвераваў у Яго; яшчэ не было [на іх Святога] Духа, таму што Ісус яшчэ не быў праслаўлены. Тады [многія] з натоўпу, пачуўшы гэтыя словы, казалі: Гэта сапраўды Прарок. Іншыя казалі: Гэта Хрыстос. — А іншыя казалі: Хіба ж з Галілеі прыйдзе Хрыстос? Ці не ў Пісанні сказана, што Хрыстос прыйдзе ад патомства Давідавага і з Віфлеема, таго паселішча, адкуль быў Давід? І вось зрабіўся з-за Яго разлад у натоўпе; некаторыя ж з іх хацелі схапіць Яго, але ніхто не наклаў на Яго рук. І вось прыйшлі служкі да першасвятароў і фарысеяў, і тыя сказалі ім: Чаму вы не прывялі Яго? Служкі адказалі: Ніколі так не гаварыў чалавек, [як Гэты чалавек]. Тады фарысеі адказалі ім: Няўжо і вас ашукалі? Хіба хто-небудзь з начальнікаў увераваў у Яго ці з фарысеяў? Але гэты натоўп не ведае закона, — яны пракляты. Кажа ім Нікадзім, што прыходзіў да Яго раней21 і быў адным з іх: Хіба наш закон судзіць чалавека, не выслухаўшы яго спярша і не даведаўшыся, што ён робіць? Яны сказалі ў адказ яму: Няўжо і ты з Галілеі? Даследуй і пабач, што з Галілеі прарок не прыходзіць. І пайшоў кожны ў свой дом.

Ісус жа пайшоў на Аліўную гару. А на досвітку Ён зноў прыйшоў у святыню, і ўвесь народ сходзіўся да Яго, і Ён, сеўшы, навучаў іх. І прыводзяць кніжнікі і фарысеі жанчыну, заспетую на чужаложстве, і, паставіўшы яе пасярэдзіне, кажуць Яму: Настаўніку, гэтую жанчыну забралі на самым учынку чужаложства. А ў законе Маісей загадаў нам такіх каменаваць. Дык што Ты скажаш? Гэта ж яны казалі, выпрабоўваючы Яго, каб мець зачэпку абвінаваціць Яго. Ісус жа, уніз нахіліўшыся, пісаў пальцам на зямлі, не зважаючы на іх. Калі ж яны ўсё пыталіся ў Яго, Ён выпрастаўся і сказаў ім: Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень. І, зноў нахіліўшыся, пісаў на зямлі. Яны ж, пачуўшы гэта [і адчуўшы дакоры сумлення], сталі выходзіць адзін за адным, пачынаючы са старэйшых [да апошніх], і застаўся адзін Ісус і жанчына, што стаяла пасярэдзіне. І Ісус, выпрастаўшыся [і не ўбачыўшы нікога, акрамя жанчыны], сказаў ёй: Жанчына, дзе яны, [твае абвінаваўцы]? Ніхто цябе не засудзіў? Яна ж сказала: Ніхто, Госпадзе. — І сказаў Ісус: «І Я цябе не засуджаю; ідзі [і] з гэтага часу ўжо не грашы»22. Тады зноў Ісус прамаўляў да іх, кажучы: Я — святло свету; той, хто ідзе ўслед за Мною, не будзе хадзіць у цемры, а будзе мець святло жыцця. Тады фарысеі сказалі Яму: Ты сведчыш пра Сябе Самога; Тваё сведчанне непраўдзівае. Адказаў Ісус і сказаў ім: Нават калі Я сведчу пра Самога Сябе, Маё сведчанне праўдзівае, бо Я ведаю, адкуль Я прыйшоў і куды іду; вы ж не ведаеце, адкуль Я прыходжу ці23 куды Я іду. Вы паводле выгляду судзіце, Я не суджу нікога. Калі ж і Я суджу, то Мой суд праўдзівы, бо Я не адзін, але Я і Бацька, што паслаў Мяне. А ў вашым жа законе напісана, што сведчанне двух чалавек праўдзівае. Я сведчу пра Самога Сябе, і сведчыць пра Мяне Бацька, што паслаў Мяне. Тады яны казалі яму: Дзе Твой Бацька? — Адказаў Ісус: Ні Мяне вы не ведаеце, ні Майго Бацькі; калі б вы Мяне ведалі, то ведалі б Майго Бацьку. Гэтыя словы казаў Ён пры скарбніцы, навучаючы ў святыні; і ніхто не схапіў Яго, бо яшчэ не надышла Яго гадзіна. Дык Ён зноў сказаў ім: Я іду, і вы будзеце шукаць Мяне і памраце ў сваім граху; куды Я іду, вы не можаце прыйсці. Тады іудзеі казалі: Ці не заб’е Ён Сам Сябе, што кажа: «Куды Я іду, вы не можаце прыйсці»? І Ён сказаў ім: Вы ад нізу, Я з вышыні; вы з гэтага свету, Я не з гэтага свету. Таму сказаў Я вам, што вы памраце ў сваіх грахах; бо калі не ўверуеце, што гэта Я, то памраце ў сваіх грахах. Тады яны спыталіся ў Яго: Хто Ты? — Ісус сказаў ім: Той, Хто ад пачатку, пра што і кажу вам. Я маю шмат гаварыць пра вас і судзіць, але Той, Хто паслаў Мяне, праўдзівы, і што Я чуў ад Яго, гэта і кажу свету. Яны не зразумелі, што Ён казаў ім пра Бацьку. Тады Ісус сказаў [ім]: Калі вы ўзвысіце Сына Чалавечага, тады даведаецеся, што гэта Я, і што Сам ад Сябе Я нічога не раблю, а як навучыў Мяне [Мой] Бацька, гэта кажу. І Той, Хто паслаў Мяне, са Мною; Ён не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што Яму даспадобы. Калі Ён гэта казаў, шмат хто ўвераваў у Яго. Тады Ісус казаў іудзеям, што ўверавалі ў Яго: Калі застаняцеся ў Маім слове, вы сапраўды Мае вучні. І пазнаеце праўду, і праўда вызваліць вас. Яны адказалі Яму: Мы патомства Аўраамава і нікому ніколі не былі рабамі. Як Ты кажаш: «Вы зробіцеся вольнымі?» Ісус адказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: кожны, хто чыніць грэх, той раб граху. Ды раб не застаецца ў доме навекі. Сын застаецца навекі. Вось калі Сын вызваліць вас, вы сапраўды будзеце вольныя. Ведаю, што вы патомства Аўраамава; аднак вы шукаеце, каб Мяне забіць, бо Маё слова не змяшчаецца ў вас. Што бачыў Я ў [Майго] Бацькі, тое кажу; і вы ж, што чулі ў вашага бацькі, тое робіце. Адказалі яны і сказалі Яму: Наш бацька — Аўраам. — Ісус кажа ім: Калі б вы былі дзеці Аўраамавы, то рабілі б учынкі Аўраамавы. Цяпер жа вы шукаеце, каб Мяне забіць: Чалавека, што сказаў вам праўду, якую пачуў Я ад Бога; гэтага Аўраам не рабіў. Вы робіце ўчынкі вашага бацькі. — [Тады] яны адказалі Яму: Мы не з распусты народжаныя, адзін у нас Бацька: Бог. Ісус сказаў ім: Калі б Бог быў ваш Бацька, вы любілі б Мяне, бо Я ад Бога выйшаў і прыйшоў, бо не Сам ад Сябе Я прыйшоў, а Ён Мяне паслаў. Чаму вы Маёй мовы не разумееце? Бо вы не можаце чуць Майго слова. Вы — ад вашага бацькі, д’ябла, і хочаце рабіць пажадлівасці вашага бацькі. Ён чалавеказабойцам быў ад пачатку і ў праўдзе не ўстояў, бо праўды няма ў ім. Калі ён кажа хлусню, то ад сябе кажа, бо ён хлус і бацька яе. А таму, што Я праўду кажу, вы не верыце Мне. Хто з вас выкрые Мяне ў граху? Калі Я кажу праўду, чаму вы не верыце Мне? Хто ад Бога, той слухае словы Божыя; вы таму не слухаеце, што вы не ад Бога. Адказалі [тады] іудзеі і сказалі Яму: Ці ж не праўду мы кажам, што Ты самаранін і ў Табе дэман? Ісус адказаў: Ува Мне няма дэмана, ды Я шаную Майго Бацьку, а вы ганьбіце Мяне. Я ж не шукаю Маёй славы; ёсць Той, Хто шукае і судзіць. Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі хто Маё слова захавае, не ўбачыць смерці навек. [Тады] іудзеі сказалі Яму: Цяпер мы ведаем, што ў Табе дэман. Аўраам памёр і прарокі, а Ты кажаш: «Калі хто Маё слова захавае, не спазнае смерці навек». Няўжо Ты большы за нашага бацьку Аўраама, які памёр? І прарокі памерлі. Кім Ты Сябе робіш? Ісус адказаў: Калі Я Сам Сябе слаўлю, Мая слава — нішто; ёсць Бацька Мой, Які праслаўляе Мяне, пра Якога вы кажаце, што Ён наш24 Бог. І вы не пазналі Яго, Я ж ведаю Яго. І калі скажу, што не ведаю Яго, Я буду падобны да вас хлус; але Я ведаю Яго і захоўваю слова Яго. Аўраам, ваш бацька, рад быў, што ўбачыць Мой дзень, і ўбачыў, і ўсцешыўся. Тады іудзеі сказалі Яму: Табе і пяцідзесяці гадоў яшчэ няма, і Ты Аўраама бачыў? Ісус сказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: Перш чым з’явіўся Аўраам, Я ёсць. Тады яны паднялі каменне, каб кінуць у Яго. Ісус жа знік і выйшаў са святыні, [прайшоўшы між імі, і так пайшоў].

І, праходзячы, Ён убачыў чалавека, сляпога ад нараджэння. І Яго вучні спыталіся ў Яго, кажучы: Равві, хто саграшыў: ён ці яго бацькі, што нарадзіўся сляпым? Ісус адказаў: Ні ён не саграшыў, ні яго бацькі, а каб на ім былі выяўлены ўчынкі Божыя. Нам25 трэба рабіць справы Таго, Хто паслаў Мяне, пакуль дзень; надыходзіць ноч, калі ніхто не можа рабіць. Пакуль Я ў свеце, Я святло свету. Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў сумесь са сліны і памазаў яму26 сумессю вочы, і сказаў яму: Ідзі, памыйся ў купальні Сілаам (што перакладаецца: «Пасланы»). — І той пайшоў, памыўся і прыйшоў відушчым. Тады суседзі і тыя, якія бачылі раней яго, што ён быў папрасімцам27, казалі: Ці не той гэта, што сядзеў і прасіў? Адны казалі: Гэта ён. — Другія казалі: Не, але падобны да яго. — Ён [жа] казаў: Гэта я. Тады спыталіся ў яго: Як [жа] адкрыліся твае вочы? Той адказаў: Чалавек, Якога зваць Ісус, зрабіў сумесь, памазаў мае вочы і сказаў мне: «Ідзі ў Сілаам28 і памыйся». І вось я пайшоў і, памыўшыся, стаў бачыць. І сказалі яму: Дзе Ён? — Той кажа: Не ведаю. Вядуць яго, былога сляпога, да фарысеяў. А была субота ў той дзень, калі Ісус зрабіў сумесь і адкрыў яму вочы. Дык зноў спыталіся ў яго і фарысеі, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: Ён паклаў мне сумесь на вочы, і я памыўся — і бачу. Тады некаторыя з фарысеяў казалі: Не ад Бога Гэты Чалавек, бо не захоўвае суботы. — [А] іншыя казалі: Як можа грэшны чалавек рабіць такія знакі? — І быў разлад у іх. Тады зноў пытаюцца ў сляпога: Што ты скажаш пра Яго, бо Ён адкрыу табе вочы? — Той жа сказаў: Ён Прарок. Іудзеі тады не паверылі яму, што ён быў сляпы і стаў бачыць, аж пакуль не паклікалі бацькоў гэтага чалавека, што зрабіўся відушчым, і спыталіся ў іх, кажучы: Гэта ваш сын, пра якога вы кажаце, што ён нарадзіўся сляпым? Як жа ён цяпер бачыць? Тады ў адказ яго бацькі сказалі: Мы ведаем, што гэта наш сын і што ён нарадзіўся сляпым; а як ён цяпер бачыць, не ведаем, або хто адкрыў яму вочы, мы не ведаем; спытайцеся ў яго, ён дарослы, сам пра сябе скажа. Яго бацькі сказалі гэта, таму што баяліся іудзеяў; бо іудзеі ўжо ўмовіліся: каб таго, хто вызнае Яго за Хрыста, адлучыць ад сінагогі. Таму яго бацькі сказалі: «Ён дарослы, у яго спытайцеся». Дык яны другі раз паклікалі чалавека, што быў сляпы, і сказалі яму: Уздай славу Богу; мы ведаем, што Гэты Чалавек — грэшнік. Дык той адказаў: Ці Ён грэшнік, я не ведаю; адно ведаю, што я быў сляпы, а цяпер бачу. Тады яны сказалі яму: Што Ён зрабіў табе? Як адкрыў табе вочы? Ён адказаў ім: Я ўжо сказаў вам, ды вы не слухалі. Што хочаце зноў пачуць? Ці не хочаце і вы зрабіцца Яго вучнямі? І яны вылаялі яго і сказалі: Ты вучань Таго, а мы вучні Маісеевы; мы ведаем, што Маісею казаў Бог, а пра Гэтага мы не ведаем, адкуль Ён. Той чалавек сказаў ім у адказ: Гэта і дзіўна, што вы не ведаеце, адкуль Ён, а Ён адкрыў мне вочы. Мы [ж] ведаем, што грэшнікаў Бог не слухае, але, калі хто богабоязны і Яго волю выконвае, таго Ён слухае. Адвеку не было чуваць, каб хто адкрыў вочы сляпому ад нараджэння. Калі б Гэты не быў ад Бога, Ён не мог бы рабіць нічога. У адказ яны сказалі яму: У грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты вучыш нас? — І выгналі яго вон. Ісус пачуў, што яго выгналі вон, і, знайшоўшы яго, сказаў: Ці веруеш ты ў Сына Чалавечага?29 Той сказаў у адказ: А хто Ён, Госпадзе, каб я вераваў у Яго? Ісус сказаў яму: І бачыў ты Яго, і Той, Хто гаворыць з табою, — гэта Ён. І той сказаў: Верую, Госпадзе, — і пакланіўся Яму. І Ісус сказаў: На суд Я прыйшоў у гэты свет, каб невідушчыя бачылі, а відушчыя зрабіліся сляпымі. Некаторыя з фарысеяў, што былі з Ім, пачулі гэта і сказалі Яму: Няўжо і мы сляпыя? Ісус сказаў ім: Калі б вы былі сляпыя, не мелі б граху; а як цяпер вы кажаце: «Мы бачым», то ваш грэх застаецца на вас.

Сапраўды, сапраўды кажу вам: Хто не праз дзверы ўваходзіць у авечы двор, а пералазіць дзе-небудзь, — той злодзей і разбойнік; хто ўваходзіць праз дзверы, той пастыр авечак. Яму брамнік адчыняе, і авечкі чуюць яго голас, і ён кліча па імю сваіх авечак і выводзіць іх. Калі ён выпусціць усіх сваіх [авечак], ідзе перад імі, і авечкі ідуць услед за ім, бо ведаюць голас яго; за чужым жа ўслед не пойдуць, а ўцякуць ад яго, бо не ведаюць голасу чужых. Гэтую прыпавесць сказаў ім Ісус, але тыя не зразумелі значэння таго, што Ён ім казаў. Тады Ісус зноў сказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: Я — дзверы авечкам. Усе, колькі іх ні прыходзіла [перада Мною], зладзеі і разбойнікі, ды авечкі не паслухалі іх. Я — дзверы: калі хто праз Мяне ўвойдзе, будзе ўратаваны, і ўвойдзе, і выйдзе, і пашу знойдзе. Злодзей прыходзіць толькі, каб украсці, забіць і знішчыць. Я прыйшоў, каб мелі жыццё і паддастаткам мелі. Я — добры пастыр. Добры пастыр сваё жыццё аддае за авечак; найміт [жа] — не пастыр, той, каму авечкі не свае, бачыць, як прыходзіць воўк, і пакідае авечак і ўцякае, і воўк хапае іх і разганяе [авечак], [а найміт уцякае], бо ён найміт, і яму не рупіць пра авечак. Я — добры пастыр і ведаю Маіх, і Мае ведаюць Мяне, як ведае Мяне Бацька, так і Я ведаю Бацьку, і Маё жыццё аддаю за авечак. І іншых авечак Я маю, якія не з гэтага двара; і тых Мне трэба прывесці, і яны пачуюць Мой голас, і будзе адна чарада, адзін Пастыр. За гэта любіць Мяне Бацька, што Я аддаю Маё жыццё, каб зноў прыняць яго. Ніхто не забірае яго ў Мяне, а Я аддаю яго Сам. Маю ўладу аддаць яго і маю ўладу зноў прыняць яго; гэтую запаведзь Я атрымаў ад Майго Бацькі. Зноў адбыўся разлад між іудзеямі з-за гэтых слоў. І шмат хто з іх казаў: У ім дэман, і Ён шалее; што вы Яго слухаеце? Іншыя казалі: Гэта не словы апантанага дэманам; хіба можа дэман адкрываць сляпым вочы? Настала тады ў Іерусаліме свята Аднаўлення; была зіма, і хадзіў Ісус у святыні, у Саламонавым прытворы. Тады іудзеі абступілі Яго і казалі Яму: Дакуль будзеш трымаць у няпэўнасці нашу душу? Калі Ты Хрыстос, скажы нам адкрыта. Ісус адказаў ім: Я сказаў вам, і вы не верыце; учынкі, што Я раблю ў імя Майго Бацькі, сведчаць пра Мяне; але вы не верыце, бо вы не з Маіх авечак, [як Я казаў вам]. Мае авечкі чуюць Мой голас, і Я ведаю іх, і яны ідуць услед за Мною, і Я даю ім вечнае жыццё, і яны не загінуць навекі, і ніхто не выхапіць іх з Маёй рукі. Мой Бацька, Які даў Мне іх, большы за ўсіх, і ніхто не можа выхапіць іх з рукі [Майго] Бацькі. Я І Бацька — адно. І вось іудзеі зноў прынеслі каменне, каб укаменаваць Яго. Ісус адказаў ім: Шмат добрых учынкаў паказаў Я вам ад [Майго] Бацькі; за які з гэтых учынкаў хочаце каменаваць Мяне? Іудзеі адказалі Яму, [кажучы]: Не за добры ўчынак мы камянуем Цябе, а за блюзнерства і за тое, што Ты, будучы чалавекам, робіш Сябе Богам. Ісус адказаў ім: Ці не напісана ў вашым законе: «Я сказаў: Вы — багі»? Калі Ён назваў багамі тых, да якіх было слова Божае, а Пісанне не можа быць парушана, — то як пра Таго, Каго Бацька асвяціў і паслаў у свет, вы кажаце: «Ты блюзнерыш», бо Я сказаў: «Я — Сын Божы»? Калі Я не раблю спраў Майго Бацькі, не верце Мне; а калі Я раблю, то нават калі Мне не верыце, верце Маім справам, каб пазналі і ведалі30, што ўва Мне Бацька і Я ў Бацьку31. [Тады] яны зноў шукалі, каб схапіць Яго, ды Ён ухіліўся ад іх рук. І Ён зноў пайшоў за Іардан, на тое месца, дзе спачатку Іаан хрысціў, і застаўся там. І многія прыйшлі да Яго і казалі: Іаан ніякага знаку не зрабіў, ды ўсё, што Іаан сказаў пра Яго, было праўдзівае. І многія там уверавалі ў Яго.

І быў хворы нейкі Лазар з Віфаніі, з паселішча Марыі і яе сястры Марфы. А Марыям32 — гэта тая, што памазала Госпада мірам і выцерла Яго ногі сваімі валасамі; яе брат Лазар быў хворы. Дык сёстры паслалі да Яго, кажучы: Госпадзе, вось, той, каго Ты любіш, хварэе. Але Ісус, пачуўшы гэта, сказаў: Гэтая хвароба не на смерць, а дзеля славы Божай, каб праславіўся праз яе Сын Божы. Ісус жа любіў Марфу, і яе сястру, і Лазара. Калі ж пачуў, што той хварэе, то заставаўся Ён два дні ў тым месцы, дзе быў. Потым, пасля гэтага, Ён кажа вучням: Пойдзем зноў у Іудзею. Вучні кажуць Яму: Равві, толькі што іудзеі шукалі, каб укаменаваць Цябе, а Ты зноў ідзеш туды? Ісус адказаў: Хіба ў дні не дванаццаць гадзін? Калі хто ходзіць удзень, не спатыкаецца, таму што ён бачыць святло гэтага свету; а калі хто ходзіць уночы, той спатыкаецца, таму што няма з ім святла. Ён сказаў гэта і пасля гэтага кажа ім: Лазар, сябар наш, заснуў, але Я іду, каб разбудзіць яго. Тады вучні сказалі Яму: Госпадзе, калі ён заснуў, то выздаравее. Ісус жа казаў пра яго смерць, а тыя падумалі, што ён гаворыць пра адпачынак у сне. Тады Ісус сказаў ім адкрыта: Лазар памёр. І я радуюся за вас, што Я не быў там, каб вы ўверавалі; але пойдзем да яго. Тады Фама, званы Блізня, сказаў іншым вучням: Хадзем і мы, каб памерці з ім. Тады Ісус, прыйшоўшы, знайшоў, што ён ужо чатыры дні ў магільні. Віфанія была ж паблізу Іерусаліма, стадыяў за пятнаццаць. І многія з іудзеяў прыйшлі да Марфы і Марыям33, каб суцешыць іх у горы па [іх] браце. Марфа ж, калі пачула, што Ісус ідзе, пайшла насустрач Яму; а Марыям сядзела дома. Тады Марфа сказала Ісусу: Госпадзе, калі б Ты быў тут, не памёр бы мой брат; але і цяпер я ведаю, што ўсё, чаго Ты ні папрасіш у Бога, Бог дасць Табе. Ісус кажа ёй: Уваскрэсне твой брат. Марфа кажа Яму: Ведаю, што ён уваскрэсне пры ўваскрэсенні, у апошні дзень. Ісус сказаў ёй: Я — уваскрэсенне і жыццё; хто веруе ў Мяне, калі і памрэ, ажыве, і кожны, хто жыве і веруе ў Мяне, не памрэ навекі. Ці верыш ты ў гэта? Кажа яна Яму: Так, Госпадзе! Я верую, што Ты — Хрыстос, Сын Божы, Які павінен прыйсці ў гэты свет. І, сказаўшы гэта, яна пайшла і ўпотай паклікала Марыям, сваю сястру, сказаўшы: Настаўнік тут і кліча цябе. І тая, калі пачула, хутка ўстала і пайшла да Яго. А Ісус яшчэ не ўвайшоў у паселішча, і быў усё яшчэ ў тым месцы, дзе Яго сустрэла Марфа. Тады іудзеі, што былі з ёю ў доме і суцяшалі яе, убачыўшы, як Марыям хутка ўстала і выйшла, пайшлі ўслед за ёю, падумаўшы, што яна ідзе да магільні, каб плакаць там. І вось Марыям, калі прыйшла туды, дзе быў Ісус, убачыўшы Яго, упала Яму ў ногі і казала Яму: Госпадзе, калі б Ты быў тут, не памёр бы ў мяне брат. Тады Ісус, калі ўбачыў, як плача яна і плачуць іудзеі, што з ёю прыйшлі, узрушыўся духам Сам і расхваляваўся, і спытаўся: Дзе вы паклалі яго? — Яны кажуць Яму: Госпадзе, ідзі і паглядзі. Ісус заплакаў. Тады іудзеі казалі: Глядзі, як Ён любіў яго! А некаторыя з іх сказалі: Няўжо не мог зрабіць Ён, што адкрыў вочы сляпому, каб і гэты чалавек не памёр? Тады Ісус, зноў узрушаны ў Сабе, прыходзіць да магільні; была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй. Ісус кажа: Прыміце камень! — Сястра памерлага Марфа кажа Яму: Госпадзе, смярдзіць ужо, бо чацвёрты дзень ён там. Ісус кажа ёй: Хіба Я не казаў табе, калі ўверуеш, убачыш славу Божую? Тады прынялі камень ад пячоры, [дзе ляжаў памерлы]. Ісус узвёў жа вочы ўгару і сказаў: Татухна, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне. Я ж ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне, але сказаў дзеля натоўпу, што стаіць вакол, каб яны паверылі, што Ты Мяне паслаў. І, сказаўшы гэта, усклікнуў моцным голасам: Лазару, выйдзі сюды! І выйшаў памерлы, абвязаны па нагах і руках пахавальнымі пялёнамі, і твар яго быў абвязаны хусткаю. Ісус кажа ім: Развяжыце яго ды пусціце, няхай ідзе. Тады многія з іудзеяў, што папрыходзілі да Марыям і бачылі, што Ён зрабіў, уверавалі ў Яго; а некаторыя з іх пайшлі да фарысеяў і сказалі ім, што зрабіў Ісус. Тады першасвятары і фарысеі сабралі раду і казалі: Што будзем рабіць, бо Гэты Чалавек шмат знакаў творыць? Калі пакінем Яго так, то ўсе ўверуюць у Яго, і прыйдуць рымляне і захопяць і наша месца34 і народ! Але адзін жа з іх, Каіяфа, што быў першасвятаром у той год, сказаў ім: Вы нічога не ведаеце, і не разумееце, што лепей вам35, каб адзін чалавек памёр за народ, а не ўвесь народ загінуў. Але гэта ён сказаў не ад сябе, а быўшы першасвятаром у той год, прарочыў, што Ісус павінен памерці за народ, і не толькі за народ, але каб і рассеяных дзяцей Божых Ён сабраў у адно. Дык з таго дня яны пастанавілі забіць Яго. Таму Ісус ужо не хадзіў адкрыта між іудзеямі, але пайшоў адтуль у край паблізу пустэльні, у горад, называны Ефраім, і там застаўся з [сваімі] вучнямі. А была блізка іудзейская Пасха і многія перад Пасхаю прыйшлі з усёй краіны ў Іерусалім, каб ачысціцца. Людзі шукалі тады Ісуса і казалі адзін аднаму, стоячы ў святыні: Як вам здаецца? Ці не прыйдзе Ён на свята? А першасвятары і фарысеі далі загад: калі хто ўведае, дзе Ён, няхай данясе, каб схапіць Яго.

Тады Ісус за шэсць дзён да Пасхі прыйшоў у Віфанію, дзе быў памерлы Лазар, якога Ісус уваскрэсіў з мёртвых. І вось справілі Яму там вячэру, і Марфа прыслугоўвала, а Лазар быў адным з тых, што ўзлягалі з Ім. Тады Марыям, узяўшы фунт міра з чыстага найкаштоўнейшага нарда, памазала Ісусу ногі і выцерла сваімі валасамі Яго ногі; і дом напоўніўся водарам міра. А Іуда Іскарыёт, адзін з Яго вучняў, што меўся Яго выдаць, кажа: Чаму не прадалі гэтае міра за трыста дынарыяў і не далі ўбогім? А сказаў ён гэта не таму, што рупіўся пра ўбогіх, а таму, што быў злодзей і, маючы скарбонку, насіў тое, што туды апускалі. Тады Ісус сказаў: Пакінь яе; яна зберагла яго на дзень Майго пахавання; бо ўбогіх заўсёды вы маеце з сабою, Мяне ж не заўсёды маеце. Тады вялікі натоўп іудзеяў даведаўся, што Ён там, і яны прыйшлі не толькі дзеля Ісуса, але і каб убачыць Лазара, якога Ён уваскрэсіў з мёртвых. А першасвятары пастанавілі забіць і Лазара, бо многія з іудзеяў з-за яго прыходзілі і ўверавалі ў Ісуса. На другі дзень мноства людзей, якія прыйшлі на свята, пачуўшы, што Ісус ідзе ў Іерусалім, узялі пальмавыя галіны і выйшлі насустрач Яму і ўсклікалі: Гасанна! Дабраславёны, Хто ідзе ў імя Гасподняе — Цар Ізраілеў! Ісус жа, знайшоўшы асляня, сеў на яго, як напісана: «Не бойся, дачка Сіёна! Вось, твой Цар ідзе, седзячы на маладым асле». Гэтага Яго вучні спярша не зразумелі, але калі Ісус быў праслаўлены, тады яны ўспомнілі, што гэта пра Яго было напісана і гэта зрабілі Яму. Сведчыў жа натоўп, які быў з Ім, калі Ён выклікаў Лазара з магільні і ўваскрэсіў Яго з мёртвых. Таму [і] выйшаў народ насустрач Яму, бо яны пачулі, што Ён стварыў гэты знак. Тады фарысеі казалі між сабою: Бачыце, што нічога не дасягаеце; вось, увесь свет пайшоў за Ім. Былі і некаторыя эліны між тых, што ішлі пакланіцца на свята; яны падышлі да Філіпа, што быў з Віфсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: Спадару, мы хочам убачыць Ісуса. Прыходзіць Філіп і кажа Андрэю, прыходзіць Андрэй і з ім Філіп і кажуць Ісусу. Ісус жа адказвае ім, кажучы: Надышла гадзіна, каб быў праслаўлены Сын Чалавечы. Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, яно застаецца адно; калі ж памрэ, шмат плёну прыносіць. Хто любіць сваю душу, той губіць36 яе, а хто ненавідзіць сваю душу ў гэтым свеце, захавае яе для вечнага жыцця. Калі Мне хто служыць, няхай ідзе ўслед за Мною; і дзе Я, там і Мой слуга будзе; калі хто Мне служыць, ушануе яго [Мой] Бацька. Цяпер Мая душа ўстрывожаная, і што Мне сказаць? Татухна, уратуй Мяне ад гэтай гадзіны? Але дзеля гэтага Я прыйшоў на гэтую гадзіну. Татухна, праслаў Тваё імя. — Тады прыйшоў голас з неба: І праславіў і зноў праслаўлю. А натоўп, які стаяў і чуў, казаў: Загрымела! — Іншыя казалі: З ім Анёл гаварыў. У адказ Ісус сказаў: Не для Мяне быў гэты голас, а для вас. Цяпер суд гэтаму свету, цяпер князь гэтага свету будзе выгнаны вон; і Я, калі буду ўзнесены ад зямлі, усіх прыцягну да Сябе. А гэта Ён казаў, даючы зразумець, якою смерцю належала Яму памерці. Тады натоўп адказаў Яму: Мы чулі з закона, што Хрыстос застаецца навекі, і як Ты кажаш, што Сын Чалавечы павінен быць узнесены? Хто Гэты Сын Чалавечы? Тады Ісус сказаў ім: Яшчэ няшмат часу святло між вамі37. Хадзіце, пакуль маеце святло, каб вас цемра не агарнула; а хто ў цемры ходзіць, не ведае, куды ідзе. Пакуль маеце святло, веруйце ў святло, каб зрабіцца сынамі святла. — Ісус сказаў гэта і, адышоўшы ад іх, знік. І хоць гэтулькі знакаў Ён стварыў перад імі, яны не ўверавалі ў Яго, каб спраўдзілася слова прарока Ісаіі, якое сказаў ён: «Госпадзе, хто паверыў чутаму ад нас? І рука Гасподняя каму адкрылася?» Яны таму не маглі ўвераваць, што яшчэ сказаў Ісаія: «Ён асляпіў іх вочы і скамяніў іх сэрца, каб яны не бачылі вачыма і не зразумелі сэрцам, і не далучыліся, каб Я зрабіў здаровымі іх». Ісаія сказаў гэта, таму што бачыў Яго славу і казаў пра Яго. Хоць, аднак, і з начальнікаў многія ўверавалі ў Яго, але з-за фарысеяў не прызнаваліся, каб іх не адлучылі ад сінагогі; бо палюбілі чалавечую славу больш за славу Божую. Ісус жа ўсклікнуў і сказаў: Хто веруе ў Мяне, не ў Мяне веруе, але ў Таго, Хто паслаў Мяне, і хто бачыць мяне, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне. Я, Святло, у свет прыйшоў, каб кожны, хто веруе ў Мяне, не застаўся ў цемры. І калі хто пачуе Мае словы і не зберажэ38, Я не суджу яго; бо Я прыйшоў не судзіць свет, а ўратаваць свет. Хто адхіляе Мяне і не прымае Маіх слоў, той мае суддзю сабе: слова, якое Я казаў, яно будзе судзіць яго ў апошні дзень. Бо Я не ад Сябе казаў, а Бацька, што паслаў Мяне, Сам Мне запаведзь даў, што Мне сказаць і што прамаўляць. І ведаю, што Яго запаведзь — вечнае жыццё. А што Я кажу, кажу так, як казаў Мне Бацька.

А перад святам Пасхі Ісус, ведаючы, што надышла Яго гадзіна перайсці з гэтага свету да Бацькі, палюбіўшы Сваіх у свеце, палюбіў іх да канца. І ў час вячэры, калі д’ябал ужо ўклаў у сэрца Іуды Іскарыёта, Сіманавага сына, каб ён выдаў Яго, Ісус, ведаючы, што Бацька ўсё даў Яму ў рукі і што Ён ад Бога выйшаў і да Бога ідзе, устае ад вячэры, здымае вопратку і, узяўшы ручнік, падперазаўся; пасля наліў вады ва ўмывальніцу і пачаў мыць ногі вучням і выціраць ручніком, якім быў падпяразаны. Тады [Ісус] падыходзіць да Сімана Пятра, той кажа Яму: Госпадзе, Ты мне мыеш ногі? У адказ Ісус сказаў яму: «Што Я раблю, ты не ведаеш цяпер, але ўведаеш пасля гэтага». Пётр кажа Яму: Не памыеш маіх ног павек. — Ісус адказаў яму: Калі не памыю цябе, то не будзеш мець супольнасці са Мною. Сіман Пётр кажа Яму: Госпадзе, не толькі мае ногі, але і рукі, і галаву. Ісус кажа яму: Абмытага няма патрэбы мыць, толькі ногі, ён жа чысты ўвесь; і вы чыстыя, але не ўсе. Бо Ён ведаў таго, хто выдасць Яго; таму сказаў: «Не ўсе вы чыстыя». Калі ж Ён памыў ім ногі [і] надзеў Сваю вопратку і ўзлёг зноў, Ён сказаў ім: Ці ведаеце, што Я зрабіў вам? Вы называеце Мяне Настаўнікам і Госпадам і правільна кажаце, бо Я і ёсць такі. Калі ж Я, Госпад і Настаўнік, памыў ногі, — то і вы павінны адзін аднаму мыць ногі. Бо Я даў вам прыклад, каб, як Я зрабіў вам, і вы рабілі. Сапраўды, сапраўды кажу вам: Раб не большы за свайго гаспадара, і пасланец не большы за таго, хто паслаў яго. Калі вы ведаеце гэта, то шчаслівыя вы, калі будзеце гэта рабіць. Не пра ўсіх вас кажу; Я ведаю, каго выбраў; але няхай спраўдзіцца Пісанне: «Той, хто есць са Мною хлеб, падняў на Мяне сваю пяту». Ужо цяпер кажу вам, раней, чым гэта настане, каб вы ўверавалі, калі настане, што Я ёсць. Сапраўды, сапраўды кажу вам: Хто прымае Майго пасланца, Мяне прымае, а хто Мяне прымае, прымае Таго, Хто паслаў Мяне. Сказаўшы гэта, Ісус узрушыўся духам і засведчыў, кажучы: Сапраўды, сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасць Мяне. Вучні глядзелі адзін на аднаго, не разумеючы, пра каго Ён кажа. Адзін з Яго вучняў, каго любіў Ісус, узлягаў ля Ісусавых грудзей. Дык Сіман Пётр ківае яму, каб ён спытаўся, хто б гэта мог быць, пра каго Ён кажа. Тады той, прыпаўшы да Ісусавых грудзей, кажа Яму: Госпадзе, хто гэта? Ісус адказвае: Той, каму Я абмакну і дам гэты кавалачак. — І, абмакнуўшы кавалачак, [бярэ і] дае Іуду [сыну] Сімана Іскарыёта. І тады, пасля гэтага кавалачка, увайшоў у таго сатана. І вось Ісус кажа яму: Што робіш, рабі хутчэй. [Але] ніводзін з тых, што ўзлягалі, не зразумеў, для чаго Ён сказаў яму гэта. А таму, што ў Іуды была скарбонка, то некаторыя думалі, што кажа яму Ісус: «Купі, што нам трэба на свята», ці каб ён даў што-небудзь убогім. Дык той, узяўшы кавалачак, адразу выйшаў. Была ж ноч. Тады, калі ён выйшаў, кажа Ісус: Цяпер праславіўся Сын Чалавечы, і Бог праславіўся ў Ім. [Калі Бог праславіўся ў Ім], то і Бог праславіць Яго ў Сабе, і праславіць Яго зразу ж. Дзеткі, яшчэ нядоўга Я з вамі; будзеце шукаць Мяне, і, як Я сказаў іудзеям: «Куды Я іду, вы не можаце прыйсці», так і вам кажу цяпер. Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго; як Я вас палюбіў, каб і вы любілі адзін аднаго. З гэтага ўведаюць усе, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў між сабою. Сіман Пётр кажа Яму: Госпадзе, куды Ты ідзеш? — Ісус адказаў [яму]: Куды Я іду, ты не можаш цяпер пайсці ўслед за Мною, але пойдзеш услед за Мною пасля». Пётр кажа Яму: Госпадзе, чаму я не магу пайсці ўслед за Табою цяпер? Я сваё жыццё39 за Цябе пакладу. Ісус адказвае: Сваё жыццё за Мяне пакладзеш? Сапраўды, сапраўды кажу табе: певень не прапяе, як ты тройчы ад Мяне адрачэшся.

Няхай не трывожыцца ваша сэрца: веруйце ў Бога і ў Мяне веруйце. У доме Майго Бацькі жылля шмат; а калі б не, Я сказаў бы вам, што іду падрыхтаваць вам месца. І калі пайду і падрыхтую месца вам, зноў прыйду і вазьму вас да Сябе, каб, дзе Я, і вы былі. І куды [Я] іду, вы дарогу ведаеце. Фама кажа Яму: Госпадзе, мы не ведаем, куды Ты ідзеш; як можам мы ведаць дарогу? Ісус кажа яму: Я — дарога, і праўда, і жыццё; ніхто не прыходзіць да Бацькі, як праз Мяне. Калі б вы ведалі Мяне, то ведалі б і Майго Бацьку; і з гэтага часу вы ведаеце Яго і бачылі Яго. Філіп кажа Яму: Госпадзе, пакажы нам Бацьку, і нам даволі. Ісус кажа Яму: Гэтулькі часу Я з вамі, і ты не ведаеш Мяне, Філіпе? Хто мяне ўбачыў, убачыў Бацьку; як ты кажаш: «Пакажы нам Бацьку?» Ці не веруеш ты, што Я ў Бацьку, і Бацька ўва Мне? Словы, што Я кажу вам, Я не ад Сябе кажу: Бацька, што застаецца ўва Мне, робіць Свае справы. Верце Мне, што Я ў Бацьку, і Бацька ўва Мне; калі ж не, верце [Мне] з-за саміх Маіх ўчынкаў. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто веруе ў Мяне, той будзе рабіць учынкі, якія Я раблю, і большыя за гэтыя зробіць, бо Я іду да Бацькі; і пра што ні папросіце ў імя Маё, Я зраблю, каб праславіўся Бацька ў Сыне. Калі што папросіце Мяне ў імя Маё, Я зраблю. Калі вы Мяне любіце, вы будзеце выконваць Мае запаведзі; і Я папрашу Бацьку, і Ён дасць вам другога Абаронцу, каб быў40 з вамі навекі, Духа праўды, Якога свет не можа прыняць, бо не бачыць Яго і не ведае; вы [ж] ведаеце Яго, бо Ён з вамі застаецца і ў вас будзе. Я не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас. Яшчэ нядоўга, і ўжо свет Мяне не ўбачыць; але вы ўбачыце Мяне, бо Я жыву, і вы будзеце жыць. У той дзень вы ўведаеце, што Я ў Маім Бацьку, і вы ўва Мне і Я ў вас. Хто мае запаведзі Мае і іх выконвае, той любіць Мяне; а таго, хто любіць Мяне, палюбіць Мой Бацька, і Я буду любіць яго і з’яўлюся яму Сам. Іуда, не Іскарыёт, кажа Яму: Госпадзе, што здарылася, што ты збіраешся паказаць Сябе нам, а не свету? Адказаў Ісус і сказаў Яму: Калі хто любіць Мяне, ён будзе выконваць Маё слова, і Мой Бацька будзе любіць яго, і да яго Мы прыйдзем і жыллё ў яго зробім Сабе. Хто не любіць Мяне, той Маіх слоў не выконвае; а слова, якое чуеце, не Маё, а Бацькі, што паслаў Мяне. Гэта Я сказаў вам, будучы з вамі. Абаронца ж, Святы Дух, Якога пашле Бацька ў Маё імя, навучыць вас усяму і прыгадае вам усё, што сказаў вам [Я]. Мір пакідаю вам, Мой мір даю вам: не так, як свет дае, Я даю вам. Няхай не трывожыцца ваша сэрца і не баіцца. Вы чулі, што Я сказаў вам: «Адыходжу і прыйду да вас». Калі б вы любілі Мяне, вы ўзрадаваліся б, што Я [сказаў:] іду да Бацькі, бо [Мой] Бацька большы за Мяне. І Я сказаў вам цяпер, раней, чым збылося, каб, калі збудзецца, вы ўверавалі. Я ўжо не буду шмат гаварыць з вамі, бо ідзе князь [гэтага] свету; і ён ува Мне не мае нічога, але каб свет уведаў, што Я люблю Бацьку і, як Бацька запаведаў Мне, так раблю. Уставайце, хадзем адсюль.

Я — праўдзівая вінаградная Лаза, а Мой Бацька — Вінаградар. Кожную галіну на Мне, што не родзіць плода, Ён адцінае, і кожную, што родзіць плод, ачышчае, каб радзіла больш плода. Вы ўжо чыстыя праз слова, якое сказаў Я вам; Застаньцеся ўва Мне, і Я ў вас. Як галіна не можа радзіць плода сама з сябе, калі не застаецца на лазе, так не можаце і вы, калі ўва Мне не застаняцеся. Я — вінаградная Лаза, вы — галіны. Хто ўва Мне застаецца, а Я ў ім, той прыносіць шмат плода, бо без Мяне вы нічога не можаце рабіць. Калі хто не застанецца ўва Мне, — ён будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне; і іх збіраюць і кідаюць у агонь, і яны згараюць. Калі застаняцеся ўва Мне і Мае словы ў вас застануцца, чаго хочаце, прасіце, і будзе вам. У тым праславіцца Мой Бацька, што вы шмат плода дасце і будзеце Маімі вучнямі. Як палюбіў Мяне Бацька, так і Я вас палюбіў: заставайцеся ў Маёй любові. Калі вы будзеце выконваць Мае запаведзі, вы застаняцеся ў Маёй любові, як Я запаведзі Майго Бацькі збярог і застаюся ў Яго любові. Гэта сказаў Я вам, каб Мая радасць была ў вас і ваша радасць была поўная. Гэта — Мая запаведзь, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Ніхто не мае большай любові, чым тая, калі хто сваё жыццё41 аддасць за сваіх сяброў. Вы мае сябры, калі робіце тое, што Я запаведую вам. Я ўжо не называю вас рабамі, бо раб не ведае, што робіць яго гаспадар; а вас Я назваў сябрамі, бо ўсё, што пачуў ад Майго Бацькі, Я даў знаць вам. Не вы Мяне выбралі, а Я выбраў вас і паставіў вас, каб вы ішлі і плод давалі, і ваш плод заставаўся, каб, чаго вы Бацьку ні папрасілі ў Маё імя, Ён даў вам. Гэта і запаведую вам, каб вы любілі адзін аднаго. Калі свет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне ён раней за вас зненавідзеў. Калі б вы ад свету былі, свет любіў бы сваё; а таму што вы не ад свету, а Я выбраў вас ад свету, таму ненавідзіць вас свет. Помніце слова, якое Я сказаў вам: «Раб не большы за свайго гаспадара». Калі Мяне гналі, і вас будуць гнаць; калі Маё слова выконвалі, і ваша будуць выконваць. Але гэта ўсё будуць рабіць вам з-за Майго імя, бо не ведаюць Таго, Хто паслаў Мяне. Калі б Я не прыйшоў і не казаў ім, яны не мелі б граху; цяпер жа яны не маюць апраўдання за свой грэх. Той, хто ненавідзіць Мяне, ненавідзіць і Майго Бацьку. Калі б Я не зрабіў між іх спраў, якіх ніхто іншы не зрабіў, яны не мелі б граху; цяпер жа яны і бачылі, і зненавідзелі і Мяне, і Майго Бацьку. Але гэта для таго, каб спраўдзілася слова, напісанае ў іх законе: «Зненавідзелі Мяне без прычыны». Калі [ж] прыйдзе Абаронца, Якога я пашлю вам ад Бацькі, Дух праўды, што ад Бацькі зыходзіць, Ён будзе сведчыць пра Мяне; і вы таксама павінны сведчыць, бо вы ад пачатку са Мною.

Гэта Я сказаў вам, каб вы не спакусіліся. Вас будуць адлучаць ад сінагогі; але надыходзіць гадзіна, калі кожны, хто будзе забіваць вас, будзе думаць, што ён служыць Богу. І гэта яны будуць рабіць, бо не спазналі ні Бацькі, ні Мяне. Але Я сказаў вам гэта, дзеля таго, калі надыдзе іх гадзіна, вы памяталі, пра што Я казаў вам. А не сказаў вам гэта спачатку, таму што быў з вамі. Цяпер жа іду да Таго, Хто паслаў Мяне, і ніхто з вас не пытаецца ў Мяне: «Куды ідзеш?» Але таму, што Я сказаў вам гэта, смутак напоўніў ваша сэрца. Але Я праўду кажу вам: лепш вам, каб Я адышоў. Бо калі Я не адыду, Абаронца не прыйдзе да вас; калі ж пайду, пашлю Яго да вас. І Ён, прыйшоўшы, выкрые свет у граху, у праведнасці і ў судзе. У граху, бо не веруюць у Мяне; у праведнасці, бо Я да [Майго] Бацькі іду, і вы ўжо не ўбачыце Мяне; а ў судзе, — што князь гэтага свету засуджаны. Яшчэ шмат чаго маю сказаць вам, але цяпер вы не зможаце асягнуць. Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, то ўвядзе вас ва ўсю праўду; бо Ён не будзе казаць ад Сябе, але будзе казаць тое, што пачуе, і будучыню абвесціць вам. Ён Мяне праславіць, таму што ад Майго возьме і абвесціць вам. Усё, што мае Бацька, — Маё; таму Я сказаў, што Ён ад Майго возьме і абвесціць вам. Яшчэ нядоўга і вы ўжо не ўбачыце Мяне, і зноў нядоўга — і вы ўбачыце Мяне, [бо Я іду да Бацькі]. Тады некаторыя з вучняў сказалі адзін аднаму: Што гэта Ён кажа нам: «Яшчэ нядоўга — і вы не ўбачыце Мяне, і зноў нядоўга — і вы ўбачыце Мяне», і: «Таму што Я іду да Бацькі»? Яны казалі: Што гэта такое, [што Ён кажа]: «Яшчэ нядоўга»? Не ведаем, што Ён кажа. Ісус зразумеў, што хацелі ў Яго спытацца, і сказаў ім: Ці не пра тое між сабою разважаеце, што Я сказаў: «Яшчэ нядоўга — і вы не ўбачыце Мяне, і зноў нядоўга — і вы ўбачыце Мяне»? Сапраўды, сапраўды кажу вам, што вы будзеце плакаць і галасіць, а свет будзе радавацца; вы будзеце смуткаваць, але ваш смутак у радасць абернецца. Жанчына, калі нараджае, церпіць боль, бо надышла яе гадзіна; калі ж народзіць дзіцятка, ужо не памятае мукі з радасці, што чалавек нарадзіўся на свет. І вось вы цяпер церпіце боль; але Я зноў убачу вас і ўзрадуецца ваша сэрца, і вашай радасці ніхто не адыме ў вас. І ў той дзень вы ў Мяне ні пра што не спытаецеся. Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі чаго папросіце Бацьку ў Маё імя, дасць вам. Дагэтуль вы не прасілі нічога ў Маё імя; прасіце і атрымаеце, каб ваша радасць была поўная. Гэта я ў прыпавесцях казаў вам; надыходзіць гадзіна, калі я ўжо не ў прыпавесцях буду казаць вам, а адкрыта пра Бацьку абвяшчу вам. У той дзень будзеце прасіць у Маё імя, і не кажу вам, што Я буду маліць Бацьку за вас. Бо Сам Бацька любіць вас, таму што вы Мяне палюбілі і ўверавалі, што Я ад Бога выйшаў. Я выйшаў ад Бога і прыйшоў у свет; зноў пакідаю свет і іду да Бацькі. Яго вучні кажуць: Вось, цяпер Ты гаворыш адкрыта, і ніякай прыпавесці не кажаш. Цяпер мы ведаем, што Ты ведаеш усё і не маеш патрэбы, каб хто-небудзь у Цябе пытаўся; таму веруем, што Ты выйшаў ад Бога. Ісус адказаў ім: Цяпер веруеце? Вось надыходзіць гадзіна і прыйшла [цяпер], калі вы рассеяцеся кожны ў свой бок, і пакінеце Мяне аднаго; але Я не адзін, таму што Бацька са Мною. Гэта сказаў Я вам, каб вы ўва Мне мелі спакой. У свеце вы зазнаеце муку; але адважней: Я перамог свет.

Ісус прамовіў гэта і, узвёўшы свае вочы ў неба, сказаў: Татухна, надышла гадзіна; праслаў Твайго Сына, каб Сын праславіў Цябе, як Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб усяму, што Ты даў Яму, Ён даў вечнае жыццё. І гэта — жыццё вечнае, каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і Таго, Каго Ты паслаў: Ісуса Хрыста. Я праславіў Цябе на зямлі, скончыўшы работу, якую Ты даў Мне зрабіць. І цяпер праслаў Мяне Ты, Татухна, у Цябе Самога славаю, якую Я меў у Цябе раней, чым быў свет. Я адкрыў Тваё імя людзям, якіх Ты даў мне ад свету. Яны былі Твае, і Ты іх даў Мне, і Тваё слова яны збераглі. Цяпер яны зразумелі, што ўсё, што Ты даў Мне, — ад Цябе; бо словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны прынялі і зразумелі праўдзіва, што Я ад Цябе выйшаў, і ўверавалі, што Ты Мяне паслаў. Я за іх малю, не за ўвесь свет малю, але за тых, каго Ты даў Мне, бо яны — Твае. І ўсё Маё — Тваё, і Тваё — Маё, і Я праславіўся ў іх. І Я ўжо не ў свеце, а яны ў свеце, і Я да Цябе іду. Татухна Святы, зберажы іх у Тваім імені, якое42 Ты даў Мне, каб яны былі адно, як [і] Мы. Калі Я быў [у свеце] з імі, Я бярог іх у Тваім імені, якое42 Ты даў Мне, і збярог, і ніхто з іх не загінуў, акрамя сына пагібелі, каб спраўдзілася Пісанне. А цяпер да Цябе іду і кажу гэта ў свеце, каб яны мелі Маю радасць у сабе поўную. Я даў ім Тваё Слова, і свет зненавідзеў іх, бо яны не ад свету, як Я не ад свету. Я не малю, каб Ты ўзяў іх са свету, а каб збярог іх ад ліхога. Яны не ад свету, як Я не ад свету. Асвяці іх [Тваёю] праўдаю: Тваё слова — праўда. Як Ты паслаў Мяне ў свет, і Я паслаў іх у свет; і за іх Я прысвячаю Самога Сябе, каб і яны былі асвечаны праўдаю. І не толькі за іх малю, але і за тых, што ўверавалі ў Мяне паводле іх слова, каб усе яны былі адно, як Ты, Татухна, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны ў Нас былі [адно], каб увераваў свет, што Ты Мяне паслаў. І славу, якую Ты даў Мне, Я ім даў, каб яны былі адно, як Мы адно; Я ў іх, і Ты ўва Мне, каб яны былі ў дасканаласці адно, каб пазнаў свет, што Ты Мяне паслаў і палюбіў іх, як Мяне палюбіў. Татухна, хачу, каб тыя, каго даў Ты мне, са Мною былі, дзе Я, каб яны бачылі Маю славу, якую Ты даў Мне, бо палюбіў Мяне яшчэ да заснавання свету. Татухна Праведны, і свет Цябе не пазнаў, а Я пазнаў Цябе, і яны пазналі, што Ты Мяне паслаў; І Я абвясціў ім Тваё імя і буду абвяшчаць, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх.

Сказаўшы гэта, Ісус выйшаў са Сваімі вучнямі за паток Кедрон, дзе быў сад, у які ўвайшоў Ён і Яго вучні. Але ведаў гэтае месца і Іуда, што выдаў Яго, бо Ісус часта збіраўся там са Сваімі вучнямі. Тады Іуда, узяўшы кагорту, а ад першасвятароў і фарысеяў — стражнікаў, прыходзіць туды з паходнямі, светачамі і зброяй. Тады Ісус жа, ведаючы ўсё, што павінна адбыцца з Ім, выйшаў і кажа ім: Каго вы шукаеце? Яны адказалі Яму: Ісуса Назарэя. — Кажа ім Ісус: Гэта Я. — Стаяў жа з імі Іуда, што выдаў Яго. І як толькі Ён сказаў ім: «Гэта Я», яны адступілі назад і ўпалі на зямлю. Тады Ён зноў спытаўся ў іх: Каго вы шукаеце? — Яны сказалі: Ісуса Назарэя. Ісус адказаў: Я сказаў вам, што гэта Я. Дык калі Мяне шукаеце, пусціце гэтых, няхай ідуць, — каб спраўдзілася слова, якое Ён сказаў: «З тых, каго Ты даў Мне, Я не страціў нікога». Тады Сіман Пётр, у якога быў меч, выхапіў яго і ўдарыў першасвятаровага слугу і адсек яму правае вуха; а імя слугі было Малх. Тады Ісус сказаў Пятру: укладзі меч у похву. Чашу, якую даў Мне Бацька, — няўжо Я не вып’ю яе? Тады кагорта і тысячаначальнік, і іудзейскія стражнікі ўзялі Ісуса і звязалі Яго, і павялі Яго спярша да Ганны: бо ён быў цесць Каіяфы, які быў на той год першасвятаром. Гэта ж быў той Каіяфа, хто параіў іудзеям, што лепш аднаму чалавеку памерці за народ. А ўслед за Ісусам ішоў Сіман Пётр і другі вучань. І той вучань быў знаёмы першасвятару, і ён увайшоў разам з Ісусам у двор першасвятара, а Пётр стаяў за дзвярыма знадворку. Тады другі вучань, [які быў] знаёмы першасвятару, выйшаў і сказаў брамніцы і ўвёў Пятра. Тады служка-брамніца кажа Пятру: І ты ці не з вучняў Гэтага Чалавека? — Той кажа: Не! А слугі і стражнікі там стаялі, расклаўшы агонь, бо было холадна, і грэліся; і Пётр таксама стаяў з імі і грэўся. Тады першасвятар спытаўся ў Ісуса пра Яго вучняў і пра Яго навуку. Ісус адказаў яму: Я адкрыта казаў свету; Я заўсёды вучыў у сінагозе і ў святыні, дзе сходзяцца ўсе43 іудзеі, і патаемна не гаварыў нічога. Што ты ў Мяне пытаешся? Спытайся ў тых, хто чуў, што Я казаў ім; вось, яны ведаюць, што Я казаў. І калі Ён сказаў гэта, адзін са стражнікаў, што стаяў паблізу, ударыў Ісуса па шчацэ і сказаў: Гэтак Ты адказваеш першасвятару? Ісус адказаў яму: Калі Я кепска сказаў, засведчы, што кепска; а калі добра, чаму ты Мяне б’еш? Тады Ганна паслаў Яго, звязанага, да першасвятара Каіяфы. А Сіман Пётр стаяў і грэўся. Тады сказалі яму: Ці і ты не з Яго вучняў? — Ён адрокся і сказаў: Не! Кажа адзін з першасвятаровых слуг, сваяк таго, каму Пётр адсек вуха: Ці не цябе я бачыў у садзе з Ім? Пётр зноў адрокся, і адразу праспяваў певень. І вось вядуць Ісуса ад Каіяфы ў прэторыю. Было ж вельмі рана, яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не апаганіцца, але [каб] можна было есці пасху. Тады Пілат выйшаў да іх на двор і кажа: Якое абвінавачванне выносіце вы супроць Гэтага Чалавека? Яны сказалі яму ў адказ: Калі б Гэты Чалавек не быў злачынцам, мы не выдалі б Яго табе. Пілат жа сказаў ім: Вы вазьміце Яго і паводле вашага закона судзіце Яго. — Іудзеі сказалі яму: Нам нікога не дазваляецца караць смерцю, — каб спраўдзілася слова Ісуса, якое Ён сказаў, даючы зразумець, якою смерцю Ён павінен памерці. Тады Пілат увайшоў зноў у прэторыю, паклікаў Ісуса і сказаў Яму: Ты — Цар Іудзейскі? Ісус адказаў: Ад сябе ты гэта гаворыш ці іншыя сказалі табе пра Мяне? Пілат адказаў: Хіба я іудзей? Твой народ і першасвятары выдалі Цябе мне. Што Ты ўчыніў? Ісус адказаў: Маё Царства не ад гэтага свету; калі б ад гэтага свету было Маё Царства, Мае слугі змагаліся б за тое, каб Я не быў выдадзены іудзеям. Але цяпер Маё Царства не адсюль. Тады Пілат сказаў Яму: Так значыць, Ты цар? — Ісус адказаў: Ты кажаш, што Я Цар. Я на тое нарадзіўся і для таго прыйшоў у свет, каб сведчыць аб ісціне. Кожны, хто ад ісціны, чуе Мой голас. Пілат кажа Яму: Што ёсць ісціна? — І, сказаўшы гэта, ён зноў выйшаў да іудзеяў і кажа ім: Я не знаходжу ў Ім ніякай віны. А ў вас ёсць звычай, каб я адпускаў вам аднаго чалавека на Пасху; дык хочаце, каб я адпусціў вам Цара Іудзейскага? Тады яны зноў44 закрычалі, кажучы: Не Гэтага, а Вараву! — А Варава быў разбойнік.

Тады Пілат узяў Ісуса і аддаў на бічаванне. І воіны, звіўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву і накінулі на Яго пурпуровы плашч, і падыходзілі да Яго і казалі: Радуйся45, Цар Іудзейскі! — і білі Яго па шчоках. І Пілат зноў выйшаў на двор і кажа ім: Вось, я выводжу Яго да вас, каб вы ведалі, што я ніякай віны не знаходжу ў Ім. Тады Ісус выйшаў на двор у цярновым вянку і пурпуровым плашчы. І кажа ім Пілат: Вось — Чалавек! Дык калі ўбачылі Яго першасвятары і служкі, то пачалі крычаць, кажучы: Укрыжуй ! Укрыжуй [Яго]! — Пілат кажа ім: Вы вазьміце Яго і ўкрыжуйце, бо я не знаходжу ў Ім віны. Іудзеі адказалі Яму: У нас ёсць закон, і паводле закона Ён павінен памерці, таму што зрабіў Сябе Сынам Божым. Калі Пілат пачуў гэтае слова, ён яшчэ больш спалохаўся, і ўвайшоў зноў у прэторыю і кажа Ісусу: Адкуль Ты? — Але Ісус адказу яму не даў. Тады Пілат кажа [яму]: Мне Ты не адказваеш? Хіба не ведаеш, што я маю ўладу вызваліць Цябе і маю ўладу ўкрыжаваць Цябе? Ісус адказаў яму: Ты не меў бы нада Мною ніякай улады, каб табе не было дадзена зверху; таму той, хто Мяне выдаў табе, мае большы грэх. З гэтага часу Пілат шукаў, як вызваліць Яго. Іудзеі ж крычалі, кажучы: Калі ты Гэтага Чалавека вызваліш, ты не друг кесару; кожны, хто робіць сябе царом, выступае супроць кесара. Тады Пілат, пачуўшы гэтыя словы, вывеў Ісуса на двор і сеў на ўзвышэнне, на месца, званае Каменным памостам, а па-яўрэйску Гаввафа. Была ж пятніца перад Пасхаю, каля шостай гадзіны. І ён кажа іудзеям: Вось ваш Цар. Тады тыя закрычалі: Вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго! — Пілат кажа ім: Вашага цара ўкрыжаваць? — Першасвятары адказалі: Няма ў нас цара, акрамя кесара. Тады ён аддаў Яго ім, каб Яго ўкрыжавалі. Яны ж забралі Ісуса, і Ён, несучы Сабе крыж46, выйшаў на месца, званае Чарапавішчам, якое па-яўрэйску завецца Галгофа, дзе Яго ўкрыжавалі і з Ім двух іншых, з аднаго і другога боку, пасярэдзіне ж Ісуса. А Пілат напісаў і таблічку і змясціў на крыжы; было ж напісана: «Ісус Назарэй, Цар Іудзейскі». Дык гэтую таблічку прачыталі многія з іудзеяў, таму што блізка было ад горада тое месца, дзе быў укрыжаваны Ісус, і было напісана па-яўрэйску, па-лацінску, па-грэцку. Тады першасвятары іудзейскія казалі Пілату: Не пішы «Цар Іудзейскі», але напішы, што Ён сказаў: «Я Цар Іудзейскі». Пілат адказаў: Што я напісаў, тое напісаў. Воіны ж, калі ўкрыжавалі Ісуса, узялі Яго адзенне і падзялілі на чатыры часткі, кожнаму воіну па частцы, і хітон. А хітон быў не шыты, а тканы суцэльна ад самага верху. Тады яны сказалі адзін аднаму: Не будзем ірваць яго, але кінем на яго жэрабя, чый будзе, — каб спраўдзілася Пісанне, якое кажа: «Яны падзялілі Маё адзенне між сабою і на шаты Мае кінулі жэрабя». І воіны гэта зрабілі. А каля крыжа Ісуса стаялі Яго Маці і сястра Яго Маці, Марыя Кляопава, і Марыя Магдаліна. Ісус жа, убачыўшы Маці і вучня, што стаяў побач, якога Ён любіў, кажа [Сваёй] Маці: Жанчына, вось Твой сын. Пасля кажа вучню: Вось твая Маці. — І з той гадзіны вучань узяў Яе да сябе. Пасля гэтага Ісус, ведаючы, што ўжо ўсё закончана, кажа, каб спраўдзілася Пісанне: Прагну. Стаяла тут пасудзіна, поўная воцату. Тады наткнуўшы на ісоп губку, поўную воцату, паднеслі да Яго вуснаў. І калі Ісус скаштаваў воцату, Ён сказаў: Закончана. — І, схіліўшы галаву, аддаў дух. А таму што была пятніца, то іудзеі, каб целы не заставаліся на крыжы ў суботу, бо тае суботы быў Вялікдзень, папрасілі Пілата, каб перабіць у іх галёнкі і зняць іх. Тады прыйшлі воіны і ў першага перабілі галёнкі, і ў другога, укрыжаванага з Ім. А падышоўшы да Ісуса, яны, калі ўбачылі, што Ён памёр ужо, не перабівалі яму галёнкаў, але адзін з воінаў дзідаю пракалоў Яму бок, і выйшла адразу ж кроў і вада. І той, хто бачыў, засведчыў, і яго сведчанне праўдзівае, і ён ведае, што кажа праўду, каб і вы верылі. Бо адбылося гэта, каб спраўдзілася Пісанне: «Яго косць не будзе разбіта». І яшчэ ў другім месцы Пісанне кажа: «Будуць глядзець на Таго, Каго пракалолі». А пасля гэтага Іосіф з Арымафеі — ён быў вучань Ісуса, але патаемны, бо баяўся іудзеяў, — папрасіў у Пілата дазволу, каб узяць Ісусава цела; і Пілат дазволіў. Тады той прыйшоў і ўзяў Яго цела47. І прыйшоў таксама Нікадзім, што першы раз прыходзіў да Яго48 ўначы і прынёс сумесь са смірны і алоэ літраў пад сто49. Тады яны ўзялі Ісусава цела і абвязалі Яго пялёнамі з духмянасцямі, як і ёсць звычай хаваць у іудзеяў. А на тым месцы, дзе Яго ўкрыжавалі, быў сад і ў гэтым садзе новая магільня, у якой ніхто яшчэ не быў пакладзены. Дык там, з-за пятніцы іудзейскай, бо магільня была блізка, паклалі Ісуса.

А ў першы дзень тыдня Марыя Магдаліна прыходзіць рана, яшчэ поцемкам, да магільні і бачыць, што камень адвалены ад магільні. Тады яна бяжыць і прыходзіць да Сімана Пятра і да другога вучня, якога любіў Ісус, і кажа ім: Забралі Госпада з магільні і не ведаем, дзе паклалі Яго. Тады выйшаў Пётр і другі вучань і прыйшлі да магільні. Беглі яны абодва разам, але другі вучань прабег хутчэй за Пятра і прыйшоў першы да магільні, і, нахіліўшыся, бачыць, што ляжаць пялёны, аднак усярэдзіну ён не ўвайшоў. Тады прыходзіць таксама Сіман Пётр услед за ім, і ён увайшоў у магільню і бачыць, што ляжаць пялёны, і што хустка, якая была на Яго галаве, не з пялёнамі ляжыць, а асобна скручаная ў адным месцы. Тады ўвайшоў і другі вучань, што першы прыйшоў да магільні, і ўбачыў і паверыў: бо яны яшчэ не разумелі Пісання, што Яму належала ўваскрэснуць з мёртвых. Тады вучні пайшлі зноў да сябе. Марыя ж стаяла каля магільні знадворку плачучы. І вось, калі плакала, нахілілася яна ў магільню, і бачыць, што сядзяць два Анёлы ў белым, адзін у галавах, другі ў нагах, дзе ляжала Ісусава цела. І яны кажуць ёй: Жанчына, чаго ты плачаш? — Яна кажа ім: Забралі майго Госпада і не ведаю, дзе Яго паклалі . Сказаўшы гэта, яна павярнулася назад і бачыць, што стаіць Ісус, але яна не пазнала, што гэта Ісус. Кажа ёй Ісус: Жанчына, чаго ты плачаш? Каго шукаеш? — Яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: Гаспадару, калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе Ты паклаў Яго, і я Яго вазьму. Ісус кажа ёй: Марыям!50 — Яна, павярнуўшыся, кажа яму па-яўрэйску: Раввуні (што азначае «Настаўнік»)! Ісус кажа ёй: Не дакранайся да Мяне, бо Я яшчэ не ўзышоў да [Майго] Бацькі; а ідзі да Маіх братоў і скажы ім: Я ўзыходжу да Бацькі Майго і Бацькі вашага і да Бога Майго і Бога вашага. Марыям51 Магдаліна прыходзіць і аб’яўляе вучням: Я Госпада бачыла, — і што Ён гэта сказаў ёй. Увечары таго дня, першага дня тыдня, калі дзверы там, дзе знаходзіліся вучні, былі замкнёныя са страху перад іудзеямі, прыйшоў Ісус, і стаў пасярэдзіне, і кажа ім: Мір вам! І, сказаўшы гэта, Ён паказаў ім [Свае] рукі, ногі і бок. І ўзрадаваліся вучні, убачыўшы Госпада. Тады [Ісус] зноў сказаў ім: Мір вам; як паслаў Мяне Бацька, так і Я пасылаю вас. І, сказаўшы гэта, Ён дзьмухнуў і кажа ім: Прыміце Святога Духа; калі даруеце каму грахі, таму даруюцца, і, калі ж пакінеце на кім, пакінуцца. А Фама, адзін з дванаццаці, якога называлі Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Ісус. Другія ж вучні казалі яму: Мы бачылі Госпада. — А ён сказаў ім: Калі не ўбачу на Яго руках следу ад цвікоў, і не ўкладу свайго пальца ў след ад цвікоў, і не ўкладу сваёй рукі ў Яго бок, не паверу. І праз восем дзён Яго вучні зноў былі ў доме і Фама з імі. Прыходзіць Ісус, калі дзверы былі замкнёныя; і стаў пасярэдзіне, і сказаў: Мір вам! Пасля кажа Фаме: Дай сюды свой палец і паглядзі на Мае рукі, і дай сваю руку і ўкладзі ў Мой бок, і не будзь нявернікам, а будзь вернікам. Фама сказаў Яму ў адказ: Госпад мой і Бог мой! Ісус кажа яму: Ты паверыў, таму што ўбачыў Мяне? Шчаслівыя тыя, што не бачылі і ўверавалі. Шмат жа і іншых знакаў зрабіў Ісус перад Сваімі вучнямі, пра якіх не напісана ў гэтай кнізе. Гэта напісана, каб вы веравалі, што Ісус — Хрыстос, Сын Божы, і каб, веруючы, мелі жыццё ў Яго імя.

Пасля гэтага Ісус зноў з’явіўся [Сваім] вучням каля Тыверыядскага мора; з’явіўся ж так. Былі разам Сіман Пётр, Фама, званы Блізня, Нафанаіл з Каны Галілейскай, [сыны] Зевядзеевы і два іншыя з Яго вучняў. Сіман Пётр кажа ім: Іду лавіць рыбу. — Яны кажуць яму: Пойдзем і мы з табою. — Яны выйшлі і [зараз жа] ўвайшлі ў лодку, але ў тую ноч не злавілі нічога. І калі ўжо надышла раніца, Ісус стаў на беразе, але вучні не пазналі, што гэта Ісус. Тады Ісус кажа ім: Дзеткі, ці не маеце якой яды? — Яны адказалі Яму: Не. І Ён сказаў ім: Закіньце сетку з правага боку лодкі і знойдзеце. — Тады яны закінулі і ўжо не маглі яе выцягнуць з-за мноства рыбы. Тады той вучань, якога любіу Ісус, кажа Пятру: Гэта Госпад. — Сіман жа Пётр, пачуўшы, што гэта Госпад, падперазаўся вопраткаю, бо ён быў голы, і кінуўся ў мора, а іншыя вучні прыплылі ў лодцы — бо былі яны недалёка ад берага, локцяў з дзвесце, цягнучы сетку з рыбаю. Калі ж яны зышлі на зямлю, бачаць раскладзенае вуголле і рыбу, што ляжыць на ім, і хлеб. Ісус кажа ім: Прынясіце рыбы з той, што вы цяпер злавілі. Тады Сіман Пётр увайшоў у лодку і выцягнуў на бераг сетку, поўную вялікіх рыб, якіх было сто пяцьдзесят тры; і хоць было гэтулькі, сетка не парвалася. Ісус кажа ім: Хадзіце, снедайце. — Але ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: «Хто Ты?» — ведаючы, што гэта Госпад. Ісус падыходзіць, бярэ хлеб і дае ім, і рыбу таксама. Гэта ўжо трэці раз Ісус з’явіўся [Сваім] вучням, уваскрэшаны з мёртвых. Калі ж яны паснедалі, Ісус кажа Сіману Пятру: Сімане, [сыне] Іаанаў52, ці любіш ты Мяне больш, чым яны? — Той кажа Яму: Так, Госпадзе, Ты ведаеш, што я люблю Цябе. — Ісус кажа Яму: Пасі Маіх ягнятак. Кажа яму зноў, другі раз: Сімане, [сыне] Іаанаў52, ці любіш ты Мяне? — Пётр кажа Яму: Так, Госпадзе, Ты ведаеш, што я люблю Цябе. — Ісус кажа яму: Пасі Маіх авечак. Трэці раз Ён кажа яму: Сімане, [сыне] Іаанаў52, ці любіш ты Мяне? — Засмуціўся Пётр, што Ён спытаўся ў яго трэці раз: «Ці любіш ты Мяне?» кажа53 Яму: Госпадзе, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе. — [Ісус] кажа яму: Пасі Маіх авечак. Сапраўды, сапраўды кажу табе: Калі ты быў маладзейшы, то сам падпяразваўся і хадзіў, куды хацеў; а калі састарэеш, выцягнеш свае рукі і іншы падперажэ цябе і павядзе, куды не хочаш. А гэта Ён сказаў, даючы зразумець, якою смерцю Пётр праславіць Бога. І, сказаўшы гэта, кажа яму: Ідзі ўслед за Мною. Пётр, павярнуўшыся, бачыць, што следам ідзе вучань, якога любіў Ісус, той самы, які і прыпаў на вячэры да Яго грудзей і сказаў: «Госпадзе, хто выдасць Цябе?» І, ўбачыўшы яго, Пётр кажа Ісусу: Госпадзе, а ён што? Ісус кажа яму: Калі я захачу, каб ён заставаўся, пакуль прыйду, што табе? Ты ідзі ўслед за Мною. Тады разышлося гэтае слова між братамі, што вучань той не памрэ, але Ісус не сказаў яму, што не памрэ, а сказаў: «Калі я захачу, каб ён заставаўся, пакуль прыйду, што табе?» Гэта і ёсць той вучань, што сведчыць пра ўсё гэта і напісаў гэта, і мы ведаем, што праўдзівае яго сведчанне. Ёсць жа і шмат іншага, што зрабіў Ісус; калі б усё гэта запісаць падрабязна, думаю, што і сам свет не ўмясціў бы напісаных кніг. [Амін.]


Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.