Пачатак Дабравесця Ісуса Хрыста, [Сына Божага]. Як напісана ў прарока Ісаіі1: «Вось, Я пасылаю Майго пасланца перад Тваім абліччам, які падрыхтуе Тваю дарогу [перад Табою]; голас вестуна ў пустэльні: «Падрыхтуйце дарогу Госпаду, прастуйце сцежкі Яму». З’явіўся Іаан, які хрысціў у пустэльні і абвяшчаў хрышчэнне пакаяння дзеля даравання грахоў. І выходзіла да яго ўся Іудзейская краіна і ўсе іерусалімцы, і хрысціліся ад яго ў рацэ Іардане, вызнаючы свае грахі. І быў Іаан у вопратцы з вярблюджай шэрсці і са скураным поясам на паясніцы сваёй, і еў саранчу ды палявы мёд. І абвяшчаў, кажучы: Ідзе за мною Мацнейшы за мяне, у Якога я няварты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык Яго сандаляў. Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць у Святым Духу. І сталася: у тыя дні прыйшоў Ісус з Назарэта Галілейскага і быў ахрышчаны Іаанам у Іардане. І адразу, выходзячы з вады, убачыў, як раскрываюцца нябёсы і Дух, як голуб, зыходзіць на Яго; І голас пачуўся з нябёсаў: Ты Мой Сын улюбёны, у Табе Маё задавальненне. І адразу Дух вядзе Яго ў пустэльню. І быў Ён [там] у пустэльні сорак дзён, спакушваны сатаною; і быў са звярамі, і Анёлы служылі Яму. А пасля таго, як Іаан быў зняволены, прыйшоў Ісус у Галілею, абвяшчаючы Дабравесце2 Божае і кажучы: Споўніўся час, і наблізілася Царства Божае: кайцеся і веруйце ў Дабравесце. І, праходзячы паўз Галілейскае мора, Ён убачыў Сімана і Андрэя, Сіманавага брата, якія закідвалі сеткі ў мора; бо яны былі лаўцамі рыбы. І сказаў ім Ісус: Ідзіце за Мною, і Я зраблю, што вы будзеце лаўцамі людзей. І, адразу пакінуўшы [свае] сеткі, яны пайшлі ўслед за Ім. І, прайшоўшы [адтуль] крыху, Ён убачыў Іякава Зевядзеевага і яго брата Іаана, якія, таксама ў лодцы, папраўлялі сеткі, і адразу паклікаў іх. І яны, пакінуўшы свайго бацьку Зевядзея ў лодцы з наймітамі, пайшлі за Ім. І ўваходзяць яны ў Капернаум; і адразу, у суботу, Ён, увайшоўшы ў сінагогу, вучыў. І здзіўляліся Яго навуцы: бо Ён вучыў іх як Той, Хто мае ўладу, а не як кніжнікі. І адразу выявіўся ў іх сінагозе чалавек, апантаны нячыстым духам, і ён закрычаў, кажучы: Што Табе да нас, Ісусе Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас? Я ведаю Цябе, хто Ты, — Святы Божы. Але Ісус забараніў яму, кажучы: Змоўкні і выйдзі з яго! І нячысты дух, скурчыўшы яго і ўскрыкнуўшы гучным голасам, выйшаў з яго. І ўсе жахнуліся, так што пыталіся адзін у аднаго, кажучы: Што гэта? Навука новая з уладаю? І Ён загадвае нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго. І адразу чутка пра Яго разышлася скрозь па ўсёй ваколіцы ў Галілеі. І адразу, выйшаўшы з сінагогі, яны з Іякавам і Іаанам прыйшлі ў дом Сімана і Андрэя. А Сіманава цешча ляжала ў гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе. І, падышоўшы, Ён падняў яе, узяўшы за руку; і гарачка [тут жа] адпусціла яе, і яна прыслужвала ім. А з надыходам вечара, калі зайшло сонца, дастаўлялі да Яго ўсіх нямоглых і апантаных дэманамі; і ўвесь горад сабраўся да дзвярэй. І Ён вылечыў многіх заняпалых на розныя хваробы і шмат дэманаў выгнаў і не дапускаў дэманам гаварыць, бо яны ведалі3 Яго. І вельмі рана, яшчэ ўначы ўстаўшы, выйшаў Ён і пайшоў у пустэльнае месца і там маліўся. А Сіман і тыя, што былі з Ім, нагналі Яго і знайшлі Яго і кажуць Яму: Усе шукаюць Цябе. І Ён кажа ім: Хадзем у іншае месца, у навакольныя мястэчкі, каб і там Я прапаведаваў: бо на тое Я выйшаў. І Ён пайшоў, прапаведуючы ў іх сінагогах па ўсёй Галілеі і выганяючы дэманаў. І прыходзіць да Яго пракажоны і просіць, [упаўшы на калені], кажучы Яму: Калі Ты хочаш, можаш ачысціць мяне. І [Ісус], злітаваўшыся, працягнуў руку, дакрануўся да яго і кажа: Хачу — ачысціся! І [калі Ён сказаў], праказа адразу сышла з таго, і той ачысціўся. І, сурова загадаўшы яму, адразу адправіў яго і кажа яму: Глядзі, нікому нічога не кажы, а ідзі, пакажыся святару і прынясі за сваё ачышчэнне, што загадаў Маісей, у сведчанне ім. А той, выйшаўшы, пачаў шмат абвяшчаць і расказваць пра тое, што адбылося, так што [Ісус] не мог ужо адкрыта ўвайсці ў горад, а быў наводшыбе ў пустэльных месцах; і прыходзілі да Яго адусюль.
І праз некалькі дзён Ён зноў увайшоў у Капернаум, і пачулі, што Ён дома. І сабраліся многія, так што нават пры дзвярах ужо не было месца, і Ён казаў ім слова. І прыходзяць, несучы да Яго спаралізаванага, якога трымалі чацвёра. І не могучы данесці да Яго з-за натоўпу, яны раскрылі дах там, дзе Ён быў, і, пракапаўшы, спускаюць пасцель, на якой ляжаў спаралізаваны. І Ісус, убачыўшы іх веру, кажа спаралізаванаму: Дзіця, даруюцца твае грахі. Сядзелі ж там некаторыя з кніжнікаў і разважалі ў сваіх сэрцах: Што Ён такое кажа? Ён блюзнерыць; хто можа дараваць грахі, акрамя аднаго Бога? І Ісус, адразу ўведаўшы Сваім духам, што яны так разважаюць у сабе, кажа ім: Што гэта вы разважаеце ў вашых сэрцах? Што лягчэй: сказаць спаралізаванаму: «Даруюцца твае грахі» ці сказаць: «Уставай і вазьмі сваю пасцель і хадзі»? Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу дараваць грахі на зямлі, — Ён кажа спаралізаванаму: Табе кажу, уставай, вазьмі сваю пасцель і ідзі ў свой дом! І той падняўся і адразу4, узяўшы пасцель, выйшаў перад усімі, так што ўсе здзіўляліся і славілі Бога, кажучы: Такога мы ніколі не бачылі! І Ён зноў выйшаў да мора; і ўвесь натоўп прыходзіў да Яго, і Ён вучыў іх. І, праходзячы, Ён убачыў Лявія Алфеевага, які сядзеў на месцы збору падаткаў, і кажа яму: Ідзі ўслед за Мною! — І той, устаўшы, пайшоў услед за Ім. І сталася: калі Ісус узлягаў за сталом у яго дома, то многія зборшчыкі падаткаў і грэшнікі ўзлягалі з Ім і Яго вучнямі: бо было іх шмат, і яны ішлі ўслед за Ім. І кніжнікі з фарысеяў5, убачыўшы, што Ён есць з грэшнікамі і зборшчыкамі падаткаў, казалі Яго вучням: Чаму Ён есць і [п’е] са зборшчыкамі падаткаў і грэшнікамі? І, пачуўшы, Ісус кажа ім: Не здаровыя маюць патрэбу ў доктары, а хворыя. Я прыйшоў заклікаць не праведных, а грэшных [да пакаяння]. А вучні Іаанавы і фарысеі6 пасцілі. І прыходзяць яны і кажуць Яму: Чаму Іаанавы вучні і вучні фарысеяў посцяць, а Твае вучні не посцяць? І сказаў ім Ісус: Хіба могуць сыны шлюбнага пакоя пасціць, калі з імі малады? Увесь час пакуль малады з імі, яны не могуць пасціць. Але прыйдуць дні, калі малады будзе ўзяты ад іх і тады, у той дзень7, яны будуць пасціць. Ніхто не прышывае латкі з суравой тканіны да старога адзення; калі ж не — прышытае ад яго адарвецца, новае ад старога, і дзірка будзе горшая. І ніхто не ўлівае маладога віна ў старыя бурдзюкі, калі ж не — прарве віно бурдзюкі, і віно прападзе, і бурдзюкі; а віно маладое ўліваюць у новыя бурдзюкі. І надарылася Яму ў суботу праходзіць збажыною, і Яго вучні пачалі дарогаю зрываць калоссе. І фарысеі казалі Яму: Паглядзі, чаму яны ў суботу робяць тое, чаго не дазваляецца? І Ён кажа ім: Ці вы ніколі не чыталі, што зрабіў Давід, калі меў патрэбу і быў сам галодны і тыя, што былі з ім, як ён увайшоў у Божы дом пры Афіяфары-першасвятары і з’еў хлябы прапановы, якіх не дазваляецца есці нікому, акрамя святароў, і даў таксама тым, што былі з ім? І Ён казаў ім: субота створана для чалавека, а не чалавек для суботы; так што Сын Чалавечы — гаспадар і суботы.
І Ён зноў увайшоў у сінагогу. І быў там чалавек, які меў усохлую руку. І сачылі за Ім, ці не вылечыць яго ў суботу, каб абвінаваціць Яго. І кажа Ён чалавеку, які меў сухую руку: Падыміся і стань на сярэдзіну. А ім кажа: Ці дазваляецца ў суботу дабро рабіць ці ліха чыніць, жыццё ўратаваць ці забіць? — Яны ж маўчалі. І, агледзеўшы іх з гневам, засмучаны закамянеласцю іх сэрцаў, кажа Ён гэтаму чалавеку: Выцягні сваю руку. — І той выцягнуў, і яго рука ўзнавілася8. Фарысеі ж, выйшаўшы, адразу з ірадыянамі прынялі рашэнне супроць Яго, каб Яго загубіць. А Ісус са Сваімі вучнямі адышоў да мора, і вялікае мноства з Галілеі [пайшло ўслед за Ім], і з Іудзеі, і з Іерусаліма, і з Ідумеі, і з Заіардання, і з ваколіц Тыра і Сідона, — вялікае мноства, пачуўшы пра ўсё, што Ён рабіў, прыйшло да Яго. І сказаў Ён Сваім вучням, каб лодка для Яго была напагатове з-за натоўпу, каб не напіралі на Яго; бо многіх Ён вылечыў, так што ўсе, каго даймалі хваробы, кідаліся да Яго, каб дакрануцца да Яго. І нячыстыя духі, калі Яго бачылі, падалі перад Ім і крычалі, кажучы: Ты — Сын Божы. Ды Ён сурова забараняў ім абвяшчаць пра Яго. І Ён узыходзіць на гару і кліча да Сябе, каго Сам хацеў, і яны пайшлі да Яго. І прызначыў дванаццаць, [якіх і Апосталамі назваў], каб былі з Ім і каб Ён пасылаў іх прапаведаваць і каб яны мелі ўладу [вылечваць хваробы і] выганяць дэманаў; [і вызначыў гэтых дванаццаць]: і даў імя Сіману — Пётр і Іякава Зевядзеевага, і Іаана, Іякавага брата, і даў ім імя Ваанергес, гэта значыць «Громавы сыны»; і Андрэя, і Філіпа, і Варфаламея, і Матфея, і Фаму, і Іякава Алфеевага, і Фадзея, і Сімана Кананіта, і Іуду Іскарыёта, які і выдаў Яго. І прыходзіць Ён у дом; і сходзіцца зноў натоўп, так што яны не маглі нават хлеба з’есці. І Яго родныя, дачуўшыся, выйшлі забраць Яго; бо казалі: Ён не ў Сабе. А кніжнікі, якія прыйшлі з Іерусаліма, казалі: у Ім веельзевул, і Ён праз уладара дэманаў выганяе дэманаў. І, паклікаўшы іх, казаў ім у прыпавесцях: Як можа сатана сатану выганяць? І калі царства падзеліцца само супроць сябе, то не можа ўстаяць тое царства; і калі дом падзеліцца сам супроць сябе, то не можа ўстаяць той дом. І калі сатана паўстаў сам супроць сябе і падзяліўся, не можа ён устаяць, а прыйшоў канец яму. Але ніхто не можа, увайшоўшы ў дом дужага, абрабаваць яго дабро, калі спярша не звяжа дужага, — і тады яго дом абрабуе. Сапраўды кажу вам: будуць дараваны чалавечым сынам усе грахі і ўсе блюзнерствы, якімі б яны ні блюзнерылі; але хто зблюзнерыць на Святога Духа, таму няма даравання навекі, а вінаваты ён у вечным граху. Ён сказаў гэта, бо яны казалі: у Ім нячысты дух. І прыходзіць Яго Маці і Яго браты і, стоячы знадворку, паслалі да Яго, каб паклікаць Яго. І вакол Яго сядзеў натоўп; і кажуць Яму: Вось Твая Маці і Твае браты [і Твае сёстры] знадворку, шукаюць Цябе. І ў адказ ім Ён кажа: Хто Мая маці і [Мае] браты? І, аглядзеўшы тых, што сядзелі вакол Яго, кажа: Вось Мая маці і Мае браты! [Бо] хто выконвае волю Божую, той Мой брат, і сястра, і Маці.
І Ён зноў пачаў вучыць каля мора; і сабраўся да Яго вялізны натоўп, так што Ён, увайшоўшы ў лодку на моры, сядзеў, а ўвесь натоўп быў на зямлі пры моры. І Ён вучыў іх многаму ў прыпавесцях і казаў ім у Сваёй навуцы: Слухайце! Вось выйшаў сейбіт сеяць. І сталася, калі ён сеяў, адно зерне ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі і падзяўблі яго. А другое ўпала на скалісты грунт, дзе няшмат было зямлі, і адразу ўзышло, бо зямля была не глыбокая; і калі ўзышло сонца — прыпаліла яго і, таму што не мела кораня, засохла. А іншае ўпала ў церні, і ўзняліся церні і заглушылі яго, і плоду яно не дало. А іншыя ўпалі ў добрую зямлю і давалі плод, уздымаючыся і ўзрастаючы, і прыносіла адно — у трыццаць, і адно — у шэсцьдзесят, і адно — у сто разоў. І казаў ім: Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе! І калі Ён застаўся адзін, тыя, што былі вакол Яго разам з дванаццаццю, пыталіся ў Яго аб прыпавесцях. І казаў ім: Вам дадзена таямніца Царства Божага; тым жа, па-за вамі, усё паўстае ў прыпавесцях, каб яны, гледзячы, бачылі і не ўгледзелі, і, слухаючы, чулі і не разумелі, каб не далучыліся яны, і было даравана ім9. І кажа ім: Не разумееце гэтай прыпавесці, а як зразумееце ўсе прыпавесці? Сейбіт сее слова. А вось тыя, што пры дарозе, дзе сеецца слова; і калі яны пачуюць, адразу прыходзіць сатана і забірае слова, пасеянае ў іх [сэрцах]. І гэтак жа тыя, што сеюцца на скалістым грунце, — яны, калі пачуюць слова, адразу з радасцю прымаюць яго, ды не маюць кораня ў сабе і дачасныя; пасля, калі падыходзіць уціск або ганенне за слова, адразу разуверваюцца. А іншыя — гэта тыя, што сеюцца ў церні, гэта тыя, хто пачуў слова, ды турботы веку і зман багацця ды жаданні чаго-небудзь іншага, уваходзячы, зусім заглушаюць слова, і яно робіцца бясплодным. А вось тыя, пасеяныя на добрую зямлю: гэта тыя, што чуюць слова і прымаюць і даюць плод: адно — у трыццаць, і адно — у шэсцьдзесят, і адно — у сто разоў. І казаў ім: Хіба лямпа прыносіцца на тое, каб паставілі яе пад пасудзіну ці пад ложак? А ці не на тое, каб паставілі яе на падстаўку? Бо няма нічога таемнага, каб не стала яўным, і нічога ўтоенага, каб не выйшла на яўнае. Калі хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе. І Ён казаў ім: Зважайце, што чуеце. Якою мераю вы мерыце, такою будзе адмерана вам і будзе дададзена вам, [хто слухае]. Бо хто мае, таму будзе дададзена, а хто не мае, і тое, што мае, будзе ўзята ад яго. І Ён казаў: Так і Царства Божае: як чалавек, што кіне насенне ў зямлю, і спіць, і ўстае ўночы і ўдзень, а насенне прарастае і выцягваецца, як — ён не ведае. [Бо] зямля сама сабою пладаносіць: спярша рунь, пасля колас, пасля поўнае зерне ў коласе. Калі ж плод даспее, ён адразу пасылае серп, бо надышло жніво. І Ён казаў: З чым параўнаем Царства Божае ці ў якім прыпадабненні выявім яго? Яно як гарчычнае зерне, што, калі пасеяна ў зямлю, найдрабнейшае з усяго насення на зямлі, а калі пасеяна, узыходзіць і робіцца большым за ўсю агародніну і пускае вялікія галіны, так што пад яго ценем могуць гняздзіцца птушкі нябесныя. І такімі многімі прыпавесцямі казаў ім слова, наколькі яны маглі чуць; а без прыпавесці не казаў ім, а Сваім вучням асобна ўсё растлумачваў. І ў той самы дзень з надыходам вечара кажа ім: Пераедзьма на той бок. І яны, пакінуўшы натоўп, бяруць Яго з сабою, як быў у лодцы; і іншыя лодкі былі з Ім. І ўзнімаецца моцны вецер-віхор, і хвалі білі ў лодку, так што ўжо напаўнялася лодка вадою. А Ён быў на карме і спаў на падушцы. І будзяць Яго і кажуць Яму: Настаўніку, няўжо не турбуе Цябе, што мы гінем? І, разбуджаны, Ён забараніў ветру і сказаў мору: Маўчы, суцішся! — І суняўся вецер і настала вялікая ціша. І Ён сказаў ім: Што вы такія баязлівыя? Хіба яшчэ няма ў вас веры? І яны настрашыліся страхам вялікім і казалі адзін аднаму: Хто ж тады Ён, што і вецер, і мора слухаюцца Яго?
І яны прыбылі на другі бок мора, у краіну герасінаў10. І калі Ён выйшаў з лодкі, адразу Яго сустрэў, выйшаўшы з магільняў, чалавек, апантаны нячыстым духам, што меў прыстанішча ў магільнях, і нават ланцугамі ніхто ўжо не мог звязаць яго, бо шмат разоў яго звязвалі кайданамі і ланцугамі, ды ён разрываў ланцугі і раструшчваў кайданы, і ніхто не мог яго ўтаймаваць; і заўсёды, уночы і ўдзень, ён у магільнях і ў гарах крычаў і біўся аб каменне. І, убачыўшы Ісуса здалёку, ён пабег і ўпаў ніцма перад Ім, і, закрычаўшы гучным голасам, кажа: Што Табе да мяне, Ісусе, Сыне Усявышняга Бога? Богам Цябе заклінаю, не муч мяне! Бо Ён казаў яму: Выйдзі, нячысты дух, з гэтага чалавека! І спытаўся ў яго: Як тваё імя? — І той кажа Яму: Легіён мне імя, бо шмат нас. І вельмі прасіў Яго, каб не высылаў іх з тае зямлі. А быў там пад гарою вялікі гурт свіней на пашы; і папрасілі Яго [ўсе дэманы], кажучы: Пашлі нас у свіней, каб мы ўвайшлі ў іх. І Ён дазволіў ім. І выйшаўшы, нячыстыя духі ўвайшлі ў свіней, і гурт рынуўся са стромы ў мора — тысяч з дзве — і патапіліся яны ў моры. А іх пастухі ўцяклі і расказалі ў горадзе і ў вёсках; і людзі прыйшлі паглядзець, што здарылася. І прыходзяць да Ісуса і бачаць, што апантаны дэманамі сядзіць [і] апрануты і ў здаровым розуме, — той, у якім быў легіён, — і спалохаліся. І відавочцы расказалі ім, як было з апантаным дэманамі, і пра свіней. І яны пачалі прасіць Яго, каб Ён адышоў з іх ваколіц. І калі Ён уваходзіў у лодку, той, што быў апантаны, прасіў Яго, каб быць з Ім. Ды Ён не дазволіў яму, а кажа яму: Ідзі ў свой дом, да сваіх, і раскажы ім, як шмат зрабіў для цябе Госпад і як злітаваўся над табою. І той пайшоў і пачаў абвяшчаць у Дзесяцігораддзі, як шмат зрабіў для яго Ісус, і ўсе здзіўляліся. І калі Ісус пераправіўся [ў лодцы] зноў на другі бок, да Яго сабраўся вялікі натоўп, а быў Ён ля мора. І прыходзіць адзін з начальнікаў сінагогі імем Іяір, і, убачыўшы Яго, падае да Яго ног і вельмі просіць Яго, кажучы: Мая дачушка пры смерці; прыйдзі, ускладзі рукі на яе, каб яна была ўратавана і выжыла. І Ён пайшоў з ім, і ўслед за Ім ішоў вялікі натоўп і напіраў на Яго. І была там жанчына, якая пакутавала на крывацёк дванаццаць гадоў, якая шмат нацярпелася ад многіх дактароў і спусціла на іх усё, што яна мела, і нічым не ўспамаглася, а яшчэ больш заняпала, пачуўшы пра Ісуса, падышла ў натоўпе ззаду і дакранулася да Яго вопраткі; бо яна казала: Калі дакрануся хоць бы да Яго вопраткі, буду ўратавана. І адразу высах выток яе крыві, і яна целам адчула, што вылечана ад хваробы. І адразу Ісус, адчуўшы ў Самім Сабе, што з Яго выйшла сіла, павярнуўся ў натоўпе і спытаўся: Хто дакрануўся да Маёй вопраткі? І Яго вучні казалі Яму: Ты бачыш, што натоўп цісне на Цябе, і пытаешся: «Хто дакрануўся да Мяне?» А Ён аглядваўся, каб убачыць тую, што гэта зрабіла. Жанчына ж, з бояззю і трымценнем, ведаючы, што адбылося з ёю, падышла і ўпала перад Ім і сказала Яму ўсю праўду. Ён жа сказаў ёй: Дачка, твая вера ўратавала цябе; ідзі ў міры і будзь здаровая ад сваёй хваробы. Калі яшчэ Ён казаў, прыходзяць ад начальніка сінагогі і кажуць: Твая дачка памерла; што ты яшчэ турбуеш Настаўніка? Ісус жа, прачуўшы сказанае слова, кажа начальніку сінагогі: Не бойся, только веруй. І не дазволіў нікому пайсці за Сабою, акрамя Пятра, Іякава і Іаана, Іякавага брата. І яны прыходзяць у дом начальніка сінагогі, і Ён бачыць перапалох: людзей, што плачуць і моцна галосяць, і Ён, увайшоўшы, кажа ім: Што мітусіцеся і плачаце? Дзіця не памерла, а спіць. І яны насміхаліся з Яго. Ён жа, выправадзіўшы ўсіх, забірае бацьку дзяўчынкі і маці і тых, што былі з Ім, і ўваходзіць туды, дзе была11 дзяўчынка. І, узяўшы дзяўчынку за руку, Ён кажа ёй: Таліфа кум, што ў перакладзе значыць: «Дзяўчынка, табе кажу, уставай!» І адразу дзяўчынка ўстала і хадзіла: бо было ёй дванаццаць гадоў. І яны [адразу] ўразіліся ўражаннем вялікім. І Ён сурова загадаў ім, каб ніхто не ўведаў пра гэта, і сказаў, каб ёй далі есці.
І Ён выйшаў адтуль і прыходзіць на Сваю бацькаўшчыну, і ідуць услед за Ім Яго вучні. І калі надышла субота, Ён пачаў вучыць у сінагозе, і многія, слухаючы, здзіўляліся, кажучы: Адкуль у Гэтага чалавека ўсё гэта? І што за мудрасць дадзена Яму? І такія цуды творацца Яго рукамі? Ці гэта не цесля, сын Марыі і брат Іякава, і Іасіі, і Іуды, і Сімана? І ці не Яго сёстры тут у нас? — І яны зняверыліся ў Ім. І казаў ім Ісус: Няма прарока без пашаны, акрамя як у сваёй бацькаўшчыне, і ў сваіх родных, і ў сваім доме. І Ён не мог зрабіць там ніводнага цуду, толькі няшмат хворых вылечыў, усклаўшы на іх рукі. І здзіўляўся іх нявер’ю. І Ён абходзіў навакольныя сёлы і вучыў. І паклікаў да Сябе дванаццаць, і пачаў пасылаць іх па два і даваў ім уладу над нячыстымі духамі, і загадаў ім, каб нічога не бралі ў дарогу, апроч аднаго посаха, — ні хлеба, ні торбы, ні медзі ў пояс, але каб былі абутыя ў сандалі і сказаў: Не надзявайце двух хітонаў. І казаў ім: Калі дзе ўвойдзеце ў дом, там заставайцеся, пакуль не выйдзеце адтуль. І калі якое месца не прыме вас, і не паслухаюць вас, — выходзячы адтуль, абтрасіце пыл з-пад сваіх ног у сведчанне супроць іх. [Сапраўды кажу вам: лягчэй будзе Садому ці Гаморы ў дзень суда, чым таму гораду]. І, выйшаўшы, яны прапаведавалі, каб каяліся, і выганялі шмат дэманаў і шмат нямоглых мазалі алеем і вылечвалі. І дачуўся цар Ірад, бо Яго імя зрабілася вядомым і казалі: Іаан Хрысціцель уваскрэс з мёртвых і таму цудатворныя сілы дзейнічаюць у ім. Другія ж казалі: Ён Ілія. — А іншыя казалі: Ён прарок, як12 адзін з прарокаў. А Ірад, пачуўшы, казаў: Іаан, якога я абезгаловіў, гэты быў уваскрэшаны. Бо Ірад сам, паслаўшы людзей, схапіў Іаана і зняволіў яго ў турму з-за Ірадыяды, жонкі яго брата Філіпа, таму што ажаніўся з ёю; бо Іаан казаў Іраду: Не дазваляецца табе мець жонку свайго брата! У Ірадыяды ж была злосць на яго, і яна хацела яго забіць, ды не магла; бо Ірад баяўся Іаана, ведаючы, што ён чалавек праведны і святы, і абараняў яго, і, слухаючы яго, моцна бянтэжыўся, але13 ахвотна слухаў яго. І надышоў зручны дзень, калі Ірад у дзень свайго нараджэння справіў банкет для сваіх вяльможаў і тысячаначальнікаў, і знатных людзей Галілеі, і калі ўвайшла дачка тае Ірадыяды і станцавала, спадабалася яна Іраду і яго застольнікам. Цар сказаў дзяўчыне: Прасі ў мяне, што хочаш, і дам табе. І [моцна] пакляўся ёй: Чаго ў мяне ні папросіш, дам табе, аж да палавіны майго царства. І, выйшаўшы, яна сказала сваёй маці: Што мне папрасіць? — І тая сказала: Галаву Іаана Хрысціцеля. І яна, увайшоўшы адразу з паспешлівасцю да цара, папрасіла, кажучы: Хачу, каб ты зараз жа даў мне на талерцы галаву Іаана Хрысціцеля. І вельмі засмуціўся цар, ды дзеля клятвы і застольнікаў не захацеў адмовіць ёй; і, адразу паслаўшы ката, цар загадаў прынесці яго галаву. І той, пайшоўшы, абезгаловіў яго ў турме, і прынёс яго галаву на талерцы і даў яе дзяўчыне, а дзяўчына дала яе сваёй маці. І, пачуўшы пра гэта, яго вучні прыйшлі і ўзялі яго цела і паклалі яго ў магільню. І збіраюцца апосталы да Ісуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі. І Ён кажа ім: Ідзіце вы самі асобна ў пустэльнае месца і трохі адпачніце. — Бо шмат народу прыходзіла і адыходзіла і нават паесці ім не было калі. І адышлі яны ў лодцы асобна ў пустэльнае месца. І многія ўбачылі іх, калі яны адплывалі, і пазналі і збегліся туды па сушы14 з усіх гарадоў, і апярэдзілі іх, [і зышліся да Яго]. І Ён, выйшаўшы, убачыў вялікі натоўп і злітаваўся над імі, бо яны былі як авечкі, у якіх няма пастуха, і пачаў іх шмат навучаць. І калі было позна ўжо, Яго вучні, падышоўшы да Яго, сказалі: Месца гэта пустэльнае, а ўжо час позні; адпусці іх, каб яны, пайшоўшы ў навакольныя вёскі і сёлы, купілі сабе што паесці15. Ён жа ў адказ ім сказаў: Вы дайце ім есці. — І яны кажуць Яму: Ці не пайсці нам купіць хлеба дынарыяў на дзвесце і даць ім есці? Ён жа кажа ім: Колькі ў вас хлябоў? Ідзіце, паглядзіце. — І яны, даведаўшыся, кажуць: Пяць і дзве рыбіны. І Ён загадаў ім размясціць усіх групамі на зялёнай траве. І ўзляглі яны радамі па сто і па пяцьдзясят. І Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны, паглядзеўшы на неба, дабраславіў і разламаў хлябы і даваў [Сваім] вучням, каб яны падавалі ім, і дзве рыбіны падзяліў на ўсіх. І елі ўсе і наеліся, і назбіралі дванаццаць кошыкаў, поўных кавалкаў хлеба і рэшткаў ад рыбы. А было едакаў [хлеба]16 пяць тысяч мужчын. І Ён адразу прымусіў Сваіх вучняў увайсці ў лодку і плысці ўперад на другі бок да Віфсаіды, пакуль Ён адпускае натоўп. І, развітаўшыся з імі, пайшоў на гару памаліцца. І калі надышоў вечар, лодка была пасярэдзіне мора, а Ён адзін на беразе. І, убачыўшы, як яны надрываюцца, вяслуючы, бо вецер быў супроць іх, каля чацвёртай варты ўночы прыходзіць Ён да іх, ідучы па моры; і хацеў абмінуць іх. Яны ж, убачыўшы, як Ён ідзе па моры, падумалі, што гэта прывід, і ўскрыкнулі: бо ўсе ўбачылі Яго і ўразіліся. Ён жа адразу загаварыў да іх і кажа ім: Адважней, гэта я, не бойцеся. І ўзышоў да іх у лодку, і вецер суняўся. І яны [надзвычайна] моцна самі ў сабе дзівіліся; бо не ўразумелі яны цуду з хлябамі, сэрца ж іх было скамянелае. І, пераправіўшыся, прыплылі яны ў зямлю Геннісарэцкую і прычалілі. І, калі яны выйшлі з лодкі, людзі, адразу пазнаўшы Яго, аббеглі ўсю тую ваколіцу і пачалі на пасцелях прыносіць нямоглых туды, дзе, яны чулі, Ён знаходзіцца. І, дзе б Ён ні ўваходзіў у сёлы, ці ў гарады, ці ў вёскі, клалі хворых на рыначных плошчах і прасілі Яго, каб ім хоць бы да краю вопраткі Яго дакрануцца; і ўсе, хто дакрануўся да Яго, вылечваліся.
І збіраюцца да Яго фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі з Іерусаліма. І, убачыўшы, што некаторыя з Яго вучняў ядуць хлеб нячыстымі, гэта значыць, нямытымі рукамі, [папракнулі], бо фарысеі і ўсе іудзеі, калі не вымыюць старанна рук, не ядуць, пільнуючыся падання старэйшых, і, вярнуўшыся з рынку, калі не абмыюцца, не ядуць і ёсць шмат іншага, чаго яны прынялі пільнавацца: мыцця чашаў, і кубкаў, і меднага посуду, [і лавак] — і пытаюцца ў Яго фарысеі і кніжнікі: Чаму Твае вучні не жывуць паводле падання старэйшых, а нячыстымі рукамі ядуць хлеб? Ён жа сказаў ім: Добра прарочыў Ісаія пра вас, крывадушных, як напісана: «Гэты народ вуснамі шануе Мяне, сэрца ж іх далёка адстаіць ад Мяне; але дарэмна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэнням чалавечым запаведзям. Пакінуўшы запаведзь Божую, вы трымаецеся чалавечага падання [абмывання кубкаў і чашаў і шмат іншага, падобнага да такога, робіце вы]. І казаў ім: Вы спрытна адхіляеце запаведзь Божую, каб ваша паданне захоўваць. Бо Маісей казаў: «Шануй свайго бацьку і сваю маці» і: «Хто ліхасловіць бацьку ці маці, няхай смерцю памрэ». Вы ж кажаце: «Калі чалавек скажа бацьку ці маці: Карван (гэта значыць дар Богу) тое, чым бы ты ад мяне пакарыстаўся», — вы ўжо дазваляеце яму нічога не рабіць для бацькі ці маці, адмяняючы слова Божае вашым паданнем, якое вы перадаяце; і шмат падобнага да гэтага вы робіце. І, паклікаўшы зноў натоўп, Ён казаў ім: Пачуйце Мяне ўсе і зразумейце! Няма нічога звонку чалавека, што, уваходзячы ў яго, можа апаганіць яго, але што з чалавека выходзіць, тое апаганьвае чалавека. [Калі хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе]17. І калі ад нотоўпу Ён увайшоў у дом, Яго вучні спыталіся ў Яго аб прыпавесці. І Ён кажа ім: Няўжо і вы такія някемлівыя? Не разумееце, што ўсё тое, што ўваходзіць звонку ў чалавека, не можа апаганіць яго, бо ўваходзіць яму не ў сэрца, а ў жывот і ў адыходнае месца выходзіць, чым ачышчаецца ўсялякая ежа. Ён жа казаў: Што з чалавека выходзіць, тое апаганьвае чалавека. Бо з сярэдзіны, з сэрца людзей, ліхія развагі выходзяць, распуста, крадзеж, забойствы, чужаложства, хцівасць, зласлівасць, подступ, распушчанасць, ліхое вока, блюзнерства, пыха, дурнота; усё гэтае ліха з сярэдзіны выходзіць і апаганьвае чалавека. І, устаўшы, Ён пайшоў адтуль у ваколіцы Тыра [і Сідона]. І, увайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто не ўведаў, ды не змог утаіцца; бо адразу пачула пра Яго жанчына, у чыёй дачкі быў нячысты дух, і, прыйшоўшы, прыпала да Яго ног; а была жанчына грачанка, сірафінікіянка родам; і прасіла Яго, каб выгнаў дэмана з яе дачкі. І Ён казаў ёй: Пусці спярша наесціся дзецям, бо нядобра забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам. Яна ў адказ Яму кажа: [Так], Госпадзе, [але] і шчаняты пад сталом ядуць крошкі ў дзяцей. І Ён сказаў ёй: За гэтае слова — ідзі, выйшаў дэман з твае дачкі. І, пайшоўшы ў свой дом, яна знайшла, што дзіця ляжыць на ложку і дэман выйшаў. І, зноў выйшаўшы з межаў Тыра, Ён прыйшоў праз Сідон да Галілейскага мора, пасярод межаў Дзесяцігораддзя. І прыводзяць да Яго глухога, які з цяжкасцю гаварыў, і просяць Яго, каб усклаў руку на яго. І, адвёўшы яго асобна ад натоўпу, Ён уклаў Свае пальцы яму ў вушы і, плюнуўшы, дакрануўся да яго языка, і, узвёўшы вочы ў неба, Ён цяжка ўздыхнуў і кажа яму: «Эффафа», гэта значыць: «Расчыніся». І адразу адчыніліся яго вушы, і развязаліся путы яго языка, і ён пачаў гаварыць чыста. І Ён загадаў ім, каб яны нікому не казалі; але чым больш загадваў, тым больш яны разносілі вестку. І надзвычай дзівіліся, кажучы: Добра ўсё Ён робіць: і глухім дае слых, і нямым — мову.
У тыя дні, калі зноў быў вялікі натоўп і ў іх не было чаго есці, Ён, паклікаўшы вучняў, кажа ім: Шкада Мне народу, бо ўжо тры дні яны астаюцца пры Мне і ў іх няма чаго есці; і, калі адпушчу іх галодных дадому, аслабеюць яны ў дарозе; а некаторыя з іх прыйшлі здалёку. І Яго вучні адказалі Яму: Адкуль хто зможа накарміць гэтых людзей хлябамі тут, у пустэльні? І Ён пытаўся ў іх: Колькі ў вас хлябоў? — Яны ж сказалі: Сем. І Ён загадвае натоўпу ўзлегчы на зямлю; і, узяўшы сем хлябоў, уздаўшы падзяку, разламаў і даваў Сваім вучням, каб раздавалі, і яны раздалі натоўпу. І было ў іх трохі рыбак; і, добраславіўшы іх, Ён сказаў раздаць і гэтыя. І яны елі і наеліся, і назбіралі з пазасталых кавалкаў сем кашоў. А было [едакоў] каля чатырох тысяч. І Ён адпусціў іх. І, адразу ўвайшоўшы ў лодку са Сваімі вучнямі, прыбыў у межы Далмануфскія. І выйшлі фарысеі і пачалі спрачацца з Ім, дамагаючыся ад Яго знака з неба, выпрабоўваючы Яго. І Ён, цяжка ўздыхнуўшы ў Сваім духу, кажа: Навошта гэтае пакаленне дамагаецца знака? Сапраўды кажу вам, не будзе дадзена знака гэтаму пакаленню. І, пакінуўшы іх, Ён зноў увайшоў у лодку і адплыў на той бок. І забыліся яны ўзяць хлябы і апрача аднаго хлеба, больш у іх не было з сабою ў лодцы. І Ён загадаў ім, кажучы: Глядзіце, сцеражыцеся закваскі фарысейскай і закваскі Ірадавай. І разважалі яны між сабою, [кажучы], што хлябоў у іх няма. І [Ісус], уведаўшы, кажа ім: Чаго разважаеце, што ў вас няма хлябоў? Ці яшчэ не цяміце і не разумееце? Ці ваша сэрца акамянелае? Вочы маючы, не бачыце? І, вушы маючы, не чуеце? І не памятаеце? Калі пяць хлябоў Я разламаў на пяць тысяч — колькі кошыкаў, поўных кавалкаў, назбіралі? — Кажуць Яму: Дванаццаць. Калі Я тыя сем — на чатыры тысячы, колькі кашоў, поўных кавалкаў, назбіралі? — І кажуць [Яму]: Сем. І Ён казаў ім: Вы яшчэ не разумееце? І прыходзяць яны ў Віфсаіду. І вядуць да Яго сляпога і просяць Яго, каб Ён да яго дакрануўся. І, узяўшы сляпога за руку, Ён вывеў яго з сяла і, плюнуўшы яму ў вочы, усклаў на яго рукі і спытаўся ў яго: Ці бачыш што? І, той, пачуўшы бачыць, сказаў: Бачу людзей, што як дрэвы… заўважаю, што ходзяць. Пасля Ён зноў усклаў рукі яму на вочы, і той угледзеўся і выздаравеў і стаў усё ясна бачыць. І паслаў яго дадому, кажучы: І ў сяло не заходзь [і нікому ў сяле не расказвай]. І пайшоў Ісус і Яго вучні ў сёлы Кесарыі Філіпавай: і ў дарозе Ён пытаўся ў Сваіх вучняў, кажучы ім: Што кажуць людзі: Хто Я? Яны ж сказалі Яму: Іаан Хрысціцель, а іншыя — Ілія, яшчэ іншыя — адзін з прарокаў. І Ён спытаўся ў іх: А вы што кажаце: Хто Я? — Пётр у адказ Яму кажа: Ты — Хрыстос. І Ён забараніў ім, каб яны нікому пра Яго не казалі. І Ён пачаў навучаць іх, што Сыну Чалавечаму належыць шмат выцерпець і быць адкінутым старэйшынамі, і першасвятарамі, і кніжнікамі і быць забітым і праз тры дні ўваскрэснуць. І казаў Ён гэтае слова адкрыта. І, адвёўшы Яго ўбок, Пётр пачаў пярэчыць Яму. Ён жа, павярнуўшыся і ўбачыўшы Сваіх вучняў, забараніў Пятру і кажа: Адыдзі ад Мяне, сатана, бо думаеш ты не пра Божае, а пра чалавечае. І, паклікаўшы натоўп разам са Сваімі вучнямі, Ён сказаў ім: Калі хто хоча за Мною ісці ўслед, няхай адрачэцца самога сябе і хай возьме свой крыж і ідзе ўслед за Мною. Бо хто хоча сваю душу18 ўратаваць, той загубіць яе; хто ж загубіць сваю душу дзеля Мяне і Дабравесця, уратуе яе. Бо якая карысць чалавеку здабыць увесь свет, а сваёй душы пашкодзіць? Бо што даў бы чалавек ў замен Свае душы? Бо хто пасаромеецца Мяне і Маіх слоў у гэтым пакаленні, чужым і грэшным, таго пасаромеецца і Сын Чалавечы, калі прыйдзе ў славе Свайго Бацькі са святымі Анёламі.
І Ён казаў ім: Сапраўды кажу вам: Ёсць некаторыя з тых, што стаяць тут, якія не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Царства Божага, якое прыйдзе ў сіле. І праз шэсць дзён Ісус забірае Пятра, і Іякава, і Іаана і ўзводзіць асобна іх адных на высокую гару. І перамяніўся Ён перад імі, і Яго адзенне зрабілася бліскучае, незвычайна белае, [як снег], як бялільшчык на зямлі не можа так выбеліць. І з’явіўся ім Ілія з Маісеем і размаўлялі з Ісусам. І, азваўшыся, Пётр кажа Ісусу: Равві, добра нам тут быць, і давай зробім тры палаткі, Табе адну, і Маісею адну, і Іліі адну. Бо не ведаў ён, што сказаць, бо яны былі перапалоханыя. І паўстала воблака, якое накрыла ценем іх, і пачуўся голас з воблака: Гэта Мой Сын Улюбёны, слухайце Яго! І раптам, агледзеўшыся, яны ўжо нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Ісуса з сабою. І, калі зыходзілі з гары, Ён загадаў ім, каб нікому не расказвалі таго, што бачылі, аж пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых. І яны захавалі ў сабе гэтае слова, спрачаючыся між сабою, што значыць уваскрэснуць з мёртвых. І спыталіся ў Яго, кажучы: Чаму кніжнікі кажуць, што спярша Ілія павінен прыйсці. Ён жа сказаў ім: Ілія, сапраўды, прыходзіць спярша і ўзнаўляе ўсё; а як напісана пра Сына Чалавечага, што шмат Яму належыць выцерпець і быць зняважаным? Але кажу вам, што і Ілія прыйшоў і зрабілі яму ўсё, што хацелі, як напісана пра яго. І, прыйшоўшы да вучняў, яны ўбачылі вялікі натоўп навокал іх і кніжнікаў, што спрачаліся з імі. І адразу ўвесь натоўп, убачыўшы Яго, уразіўся, і, падбягаючы, яны віталі Яго. І Ён спытаўся ў іх: Аб чым спрачаецеся з імі? І адзін з натоўпу адказаў Яму: Настаўніку, я прывёў да Цябе свайго сына, у якім нямы дух; і дзе ён ні схопіць яго, кідае вобземлю, і ён пену пускае, і скрыгоча зубамі і карчанее; і я сказаў Тваім вучням, каб выгналі яго, ды яны не змаглі. А Ён у адказ ім кажа: О бязвернае пакаленне, дакуль буду ў вас? Дакуль буду цярпець вас? Вядзіце яго да Мяне. І прывялі таго да Яго. І, убачыўшы Яго, дух адразу скруціў таго курчам і той, упаўшы на зямлю, качаўся, пускаючы пену. І Ён запытаўся ў яго бацькі: Як даўно гэта здарылася з ім? — І той сказаў: З дзяцінства; і часта і ў агонь кідаў яго, і ў ваду, каб загубіць яго, але, калі што можаш, дапамажы нам, злітаваўшыся над намі! Ісус жа сказаў яму: Ты кажаш: «Калі можаш». Усё мажлівае для таго, хто веруе. [І] адразу, усклікнуўшы, хлопцаў бацька [са слязьмі] сказаў: Верую, [Госпадзе], дапамажы майму нявер’ю. Ісус жа, убачыўшы, што збягаецца натоўп, забараніў нячыстаму духу, кажучы яму: Нямы і глухі дух, Я загадваю табе: выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго! І дух, ускрыкнуўшы і моцна скурчыўшы таго, выйшаў; а той зрабіўся як мёртвы, так што многія казалі, што ён памёр. Ісус жа, узяўшы яго [за] руку, падняў яго, і ён устаў. І калі Ён увайшоў у дом, Яго вучні на адзіноце пыталіся ў Яго: Чаму мы не змаглі выгнаць яго? І Ён сказаў ім: Гэты род не можа выйсці інакш, як ад малітвы [і посту]. І, выйшаўшы адтуль, яны праходзілі праз Галілею; і Ён не хацеў, каб хто-небудзь даведаўся пра гэта; бо Ён навучаў Сваіх вучняў і казаў ім: Сын Чалавечы будзе аддадзены ў рукі людзей, і заб’юць Яго, і, забіты, Ён праз тры дні ўваскрэсне. Яны ж не зразумелі гэтага слова і баяліся ў Яго спытацца. І прыйшлі ў Капернаум. І, калі быў ў доме, Ён спытаўся ў іх: Што вы дарогаю абмяркоўвалі? Яны ж маўчалі; бо ў дарозе адзін з адным паспрачаліся: хто большы. І Ён, сеўшы, паклікаў дванаццаць і кажа ім: Калі хто хоча быць першы, няхай будзе з усіх апошні і слуга ўсіх. І, узяўшы дзіця, Ён паставіў яго пасярод іх, і, абняўшы яго, сказаў ім: Хто прыме адно з такіх дзяцей у Маё імя, Мяне прымае; а хто Мяне прыме, не Мяне прымае, але Таго, Хто паслаў Мяне. Сказаў Яму Іаан: Настаўніку, мы бачылі аднаго чалавека, што Тваім імем выганяе дэманаў, і забаранілі яму, бо ён не ішоў услед за намі. Ісус жа сказаў: Не забараняйце яму. Бо няма таго, хто зрабіў бы цуд у Маё імя і мог бы неўзабаве ліхасловіць Мяне; бо хто не супроць нас, той за нас19. Бо хто напоіць вас кубкам вады ў Маё імя, таму што вы Хрыстовы, — сапраўды кажу вам: ні ў якім разе ён не страціць сваёй узнагароды. І хто ўвядзе ў грэх аднаго з гэтых малых, што веруюць [у Мяне], лепей было б яму, калі б млынавы20 жарон павесілі яму на шыю і кінулі яго ў мора. І калі твая рука будзе ўводзіць у грэх цябе, адсячы яе; лепей, каб ты калекам увайшоў у жыццё, чым, дзве рукі меўшы, пайшоў у геену, у нязгасны агонь, [дзе іх чарвяк не памірае і агонь не згасае]21. І калі твая нага будзе ўводзіць у грэх цябе, адсячы яе; лепей, каб ты кульгавым увайшоў у жыццё, чым, дзве нагі меўшы, быў кінуты ў геену, [у нязгасны агонь, дзе іх чарвяк не памірае і агонь не згасае]. І калі тваё вока будзе ўводзіць у грэх цябе, вырві яго; лепей, каб ты аднавокім ўвайшоў у Царства Божае, чым, два вокі меўшы, быў укінуты ў геену [вогненную], дзе іх чарвяк не памірае і агонь не згасае. Бо кожны агнём асоліцца [і кожная ахвяра соллю асоліцца]. Соль — добрая рэч, калі ж соль абяссолее, чым яе прыправіце? Майце соль у сабе і жывіце мірна між сабою!
І, падняўшыся адтуль, Ён прыходзіць у межы Іудзеі і ў22 Заіарданне, і зноў зыходзяцца да Яго натоўпы, і Ён, як звычайна, зноў вучыў іх. І, падышоўшы, фарысеі пыталіся ў Яго, ці дазваляецца мужу адпусціць жонку23, — выпрабоўваючы Яго. Ён жа ў адказ сказаў ім: Што вам запаведаў Маісей? І яны сказалі: Маісей дазволіў напісаць разводны ліст і адпусціць. А Ісус сказаў ім: З-за вашай жорсткасэрнасці ён напісаў вам гэтую запаведзь. Ад пачатку ж стварэння Бог мужчынам і жанчынаю стварыў іх. Таму пакіне чалавек свайго бацьку і маці [і прылепіцца да сваёй жонкі] і будуць двое адным целам, так што яны ўжо не двое, а адно цела. Дык вось, што Бог злучыў, няхай чалавек не разлучае. І ў доме вучні зноў пра гэта пыталіся ў Яго. І Ён кажа ім: Хто адпусціць сваю жонку і ажэніцца з іншаю, той чужаложыць супроць яе. І калі яна, адпусціўшы свайго мужа, выйдзе за іншага, чужаложыць. І прыносілі да Яго дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх; вучні ж забаранілі ім. Ісус жа, убачыўшы, абурыўся і сказаў ім: Пусціце дзяцей прыходзіць да Мяне, не парашкаджайце ім, бо такіх ёсць Царства Божае. Сапраўды кажу вам: Хто не прыме Царства Божае як дзіця, той ні ў якім разе не ўвойдзе ў яго. І, абняўшы іх, добраслаўляў, ускладаючы рукі на іх. І, калі Ён выпраўляўся ў дарогу, падбег адзін і, упаўшы на калені перад Ім, пытаўся ў Яго: Добры Настаўніку, што зрабіць мне, каб атрымаць у спадчыну вечнае жыццё? Ісус жа сказаў яму: Што ты завеш Мяне добрым? Ніхто не добры, акрамя аднаго Бога. Ты ведаеш запаведзі: «Не забі, не чужалож, не ўкрадзі, не сведчы лжыва, не ашуквай, шануй свайго бацьку і маці». А ён [у адказ] сказаў Яму: Настаўніку, усё гэта я выконваў са сваёй маладосці. Ісус жа, паглядзеўшы на яго, палюбіў яго і сказаў яму: Аднаго табе нестае: ідзі, усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе, і прыходзь, ідзі ўслед за Мною, [узяўшы крыж]. А ён, спахмурнеўшы ад гэтага слова, адышоў засмучаны: бо ў яго была вялікая маёмасць. І, паглядзеўшы навокал, Ісус кажа Сваім вучням: Як цяжка будзе тым, што маюць багацце, увайсці ў Царства Божае! Вучні жахнуліся ад Яго слоў. Ісус жа зноў кажа ім у адказ: Дзеці, як цяжка ўвайсці ў Царства Божае [тым, што ўскладаюць надзею не багацце]. Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Царства Божае. Яны ж надзвычай уражваліся, кажучы між сабою: І хто ж можа ўратавацца? Ісус, паглядзеўшы на іх, кажа: Людзям гэта немажліва, але не Богу: бо ўсё мажліва Богу. Пётр пачаў казаць Яму: Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Табою. Ісус сказаў [у адказ]: Сапраўды кажу вам, няма нікога, хто пакінуў дом, ці братоў, ці сясцёр, ці маці, ці бацьку, [ці жон], ці дзяцей, ці палі дзеля Мяне і дзеля Дабравесця, і не атрымае цяпер, у гэты час, пры ганеннях, у сто разоў больш дамоў, і братоў, і сясцёр, і мацярок, і дзяцей, і палёў, а ў веку наступным — вечнае жыццё. Многія ж першыя будуць апошнімі і апошнія першымі. Былі ж яны ў дарозе, узыходзячы ў Іерусалім, і Ісус ішоў паперадзе іх, і яны жахаліся, а тыя, што ішлі ўслед за Ім, баяліся. І, узяўшы зноў дванаццаць, Ён пачаў казаць ім, што павінна адбыцца з Ім: Вось мы ўзыходзім ў Іерусалім і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам, і засудзяць Яго на смерць, і выдадуць Яго язычнікам, і будуць глуміцца з Яго, і будуць пляваць на Яго, і будуць бічаваць Яго, і заб’юць, ды праз тры дні Ён уваскрэсне. І падходзяць да Яго Іякаў і Іаан, Зевядзеевы сыны, і кажуць Яму: Настаўніку, мы хочам, каб Ты зрабіў нам тое, што мы Цябе папросім. І Ён сказаў ім: Што вы хочаце, каб Я зрабіў вам? Яны ж сказалі Яму: Дай нам, каб мы селі адзін праваруч Цябе і адзін леваруч у Тваёй славе. Ісус жа сказаў ім: Не ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць чашу, якую Я п’ю, ці хрысціцца хрышчэннем, якім Я хрышчуся? Яны ж сказалі Яму: Можам. — Ісус жа сказаў ім: Чашу, якую Я п’ю, будзеце піць, і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны, а сесці праваруч ці леваруч не Мне даваць, а каму падрыхтавана. І, пачуўшы, дзесяць пачалі абурацца на Іякава і Іаана. І Ісус, паклікаўшы іх, кажа ім: Вы ведаеце: тыя, што лічацца кіраўнікамі народаў, пануюць над імі, і вялікія іх маюць уладу над імі. Ды не так між вамі, але хто між вас хоча быць вялікім, няхай будзе вашым слугою, і хто хоча між вамі быць першым, хай будзе рабом усіх; бо і Сын Чалавечы не дзеля таго прыйшоў, каб Яму паслужылі, а каб паслужыць і аддаць Сваё жыццё як выкуп за многіх. І прыходзяць яны ў Іерусалім. І калі выходзіў Ён з Іерыхона са Сваімі вучнямі і вялізным натоўпам, пры дарозе сядзеў Тымееў сын, Вартымей, сляпы папрасімец, і, пачуўшы, што гэта Ісус Назаранін, пачаў ён крычаць і казаць: Сыне Давідаў, Ісусе, злітуйся нада мною! І многія забаранялі яму, патрабуючы, каб ён замоўк; а ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давідаў, злітуйся нада мною! І, спыніўшыся, Ісус сказаў: Паклічце яго. — І клічуць сляпога, кажучы яму: Адважней, уставай, кліча цябе! Ён жа, скінуўшы сваю вопратку, ускочыў і падышоў да Ісуса. І, адказваючы яму, Ісус сказаў: Што хочаш, каб Я зрабіў табе? — Сляпы ж сказаў Яму: Равунні, каб я мог бачыць. І Ісус сказаў яму: Ідзі, твая вера ўратавала цябе. — І той адразу стаў бачыць і пайшоў услед за Ім24 па дарозе.
І калі яны наблізіліся да Іерусаліма, да Віфагіі і Віфаніі, да Аліўнай гары, Ён пасылае двух Сваіх вучняў і кажа ім: Ідзіце ў сяло, што перад вамі, і адразу, як увойдзеце ў яго, знойдзеце прывязанае асляня, на якое яшчэ ніхто з людзей не садзіўся; адвяжыце яго і [пры] вядзіце. І калі хто вам скажа: «Што гэта вы робіце?», скажыце: «Яно патрэбна Госпаду, і Ён адразу яго адашле зноў сюды». І яны пайшлі і знайшлі асляня, прывязанае да варот знадворку на вуліцы, і адвязваюць яго. І некаторыя з тых, што там стаялі, казалі ім: Што вы робіце, навошта адвязваеце асляня? Яны ж сказалі ім так, як сказаў Ісус, і тыя адпусцілі іх. І прыводзяць асляня да Ісуса і кладуць на яго сваю вопратку, і Ён сеў на яго. І многія разаслалі сваю вопратку на дарозе, а іншыя — галінкі, зрэзаныя ў палях25. І тыя, што ішлі паперадзе і следам, крычалі: Гасанна! Дабраславёны, Хто ідзе ў імя Госпада! Добраславёнае царства26, што надыходзіць, нашага бацькі Давіда! Гасанна ў вышынях! І Ён увайшоў у Іерусалім у святыню і, агледзеўшы ўсё, — час ужо быў позні — выйшаў у Віфанію з дванаццацю. І назаўтра, калі яны выйшлі з Віфаніі, Ён адчуў голад. І, убачыўшы здалёку фігавае дрэва, укрытае лісцем, пайшоў: ці не знойдзе чаго на ім, і, прыйшоўшы да яго, нічога не знайшоў, апроч лісця, бо не была пара на фігі. І, азваўшыся, Ён сказаў яму: Няхай ніхто больш навекі не з’есць ад цябе плоду! — І Яго вучні чулі гэта. І прыходзяць яны ў Іерусалім. І, увайшоўшы ў святыню, Ён пачаў выганяць прадаўцоў і пакупнік у святыні і абярнуў сталы грашаменаў і ўслоны прадаўцоў галубоў, і не дазваляў, каб хто праносіў праз святыню якую рэч. І Ён вучыў і казаў ім: Хіба не напісана: «Мой дом будзе названы домам малітвы для ўсіх народаў?» А вы ж зрабілі яго пячораю разбойнікаў. І пачулі гэта першасвятары і кніжнікі і шукалі, як бы Яго загубіць: бо яны баяліся Яго, бо ўвесь натоўп захапляўся Яго навукаю. І калі настаў вечар, яны выйшлі з горада. І ўранні, праходзячы міма, яны ўбачылі фігавае дрэва, засохлае ад каранёў. І Пётр, успомніўшы, кажа Яму: Равві, зірні, фігавае дрэва, якое Ты пракляў, засохла. І ў адказ Ісус кажа ім: Майце веру Божую. Сапраўды кажу вам: калі хто скажа гэтай гары: «Падыміся і кінься ў мора» і не ўсумніцца ў сваім сэрцы, а будзе верыць, што спраўдзіцца тое, што кажа, — будзе яму, [што ні скажа]. Таму кажу вам: усё, аб чым вы моліцеся і просіце, верце, што вы атрымалі27, — і будзе вам. І, калі стаіце на малітве, даруйце, як што маеце супроць каго, каб і ваш Бацька, Які ў нябёсах, вам дараваў правіны. [Калі ж вы не даруеце, то і ваш Бацька, Які ў нябёсах, не даруе вашых правінаў]28. І прыходзяць яны зноў у Іерусалім. І калі Ён хадзіў па святыні, падышлі да Яго першасвятары, і кніжнікі, і старэйшыны і сказалі Яму: Якою ўладаю Ты гэта робіш? Або хто Табе даў гэтую ўладу, каб Ты рабіў гэта? Ісус жа сказаў ім: Спытаюся ў вас адно слова і адкажыце Мне, і Я скажу вам, якою ўладаю раблю гэта; Іаанава хрышчэнне было з неба ці ад людзей? Адкажыце Мне. І разважалі яны між сабою, кажучы: Калі скажам: «З неба», Ён скажа: «[Дык] чаму вы не паверылі яму?» Але ці сказаць нам: «Ад людзей»? — Яны баяліся натоўпу29: бо ўсе лічылі, што Іаан быў сапраўды прарок. І ў адказ яны кажуць Ісусу: Не ведаем. — А Ісус кажа ім: І Я не скажу вам, якою ўладаю Я гэта раблю.
І пачаў Ён казаць ім у прыпавесцях: Пасадзіў чалавек вінаграднік і абнёс агароджаю, і выкапаў выцікальню, і пабудаваў вежу, і здаў яго вінаградарам, і выехаў. І ў пэўны час паслаў да вінаградараў слугу, каб ён узяў у вінаградараў ад пладоў вінаградніка; а тыя, схапіўшы яго, збілі і адаслалі ні з чым. І ён зноў паслаў да іх другога слугу і таго ранілі ў галаву і зняважылі30. І паслаў іншага; і таго забілі, і многіх іншых — каго збілі, каго забілі. У яго быў яшчэ адзін — улюбёны сын; ён паслаў яго апошнім да іх, кажучы: Пасаромеюцца майго сына. А тыя вінаградары сказалі адзін аднаму: Гэта спадкаемец; хадзем заб’ём яго, і спадчына будзе наша. І, схапіўшы, яны забілі яго і выкінулі яго за вінаграднік. [Дык] што зробіць гаспадар вінаградніка? Прыйдзе і знішчыць вінаградараў і аддасць вінаграднік іншым. Няўжо вы і гэтага ў Пісанні не чыталі: «Камень, які адкінулі будаўнікі, — ён зрабіўся галавою вугла; ад Госпада зрабілася гэта, і яно дзіўнае ў нашых вачах»? І стараліся Яго схапіць, ды баяліся натоўпу, бо зразумелі, што, маючы іх на ўвазе, сказаў Ён прыпавесць. І, пакінуўшы Яго, адышлі. І пасылаюць да Яго некаторых з фарысеяў і з ірадыян, каб прылавіць Яго на слове. І тыя, прыйшоўшы, кажуць Яму: Настаўніку, мы ведаем, што Ты праўдзівы і ні на кога не зважаеш: бо не глядзіш на аблічча людзей, а па праўдзе вучыш Божай дарозе; ці дазваляецца даваць падаткі кесару ці не? Даваць нам ці не даваць? Ён жа, ведаючы іх крывадушнасць, казаў ім: Што вы Мяне спакушаеце? Нясіце Мне дынарый, каб я паглядзеў. Яны і прынеслі. І Ён кажа ім: Чыя гэта выява і надпіс? — І яны сказалі Яму: Кесаравы. Ісус жа сказаў ім: Кесарава аддавайце кесару, а Божае — Богу. — І яны вельмі здзіўляліся Яму. І прыходзяць да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсення, і пытаюцца ў Яго, кажучы: Настаўніку, Маісей напісаў нам, што калі ў каго брат памрэ і пакіне жонку і не пакіне дзіцяці, то няхай яго брат возьме жонку і ўзновіць патомства свайму брату. Было сем братоў: і першы ўзяў жонку і, паміраючы, не пакінуў патомства; і другі ўзяў яе і памёр, не пакінуўшы патомства; і трэці таксама; і сем не пакінулі патомства. Пасля ўсіх памерла і жанчына. [Дык] пры ўваскрэсенні, [калі яны ўваскрэснуць], каго з іх яна будзе жонкаю? Бо яна была ў сямі. Ісус сказаў ім: Ці не таму вы памыляецеся, што не ведаеце ні Пісанняў, ані сілы Божай? Бо калі ўваскрэснуць з мёртвых, не жэняцца і не выходзяць замуж, а будуць, як Анёлы ў нябёсах. Пра мёртвых жа, што яны ўваскрэснуць, хіба не чыталі вы ў Маісеевай кнізе, як Бог пры кусце прамовіў яму, кажучы: «Я Бог Аўраамаў, і Бог Ісаакаў, і Бог Іякаваў»? Ён Бог не мёртвых, а жывых; вы вельмі памыляецеся. І, падышоўшы, адзін з кніжнікаў, які чуў, як яны спрачаюцца, і бачачы, што добра Ён адказаў ім, спытаўся ў Яго: Якая запаведзь першая з усіх? Ісус адказаў: Першая [з усіх запаведзяў]: «Слухай, Ізраіле! Госпад, наш Бог, — Госпад адзіны; і любі Госпада, твайго Бога, усім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім тваім розумам, і ўсёю тваёю сілай», [— вось першая запаведзь]. Другая гэта31: «Любі твайго блізкага, як самога сябе». Няма іншай запаведзі большай за гэтыя. І кніжнік сказаў Яму: Добра, Настаўніку! Па праўдзе сказаў Ты, што ёсць Ён32 адзін і няма іншага, акрамя Яго; і любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім разуменнем, і ўсёю сілаю, і любіць блізкага, як самога сябе, гэта больш за ўсе ўсёспаленні і ахвяры. І Ісус, убачыўшы, што ён разумна адказаў, сказаў яму: Недалёка ты ад Царства Божага. — І ніхто больш не адважваўся пытацца ў Яго. І, азваўшыся, Ісус казаў, навучаючы ў святыні: Як гэта кажуць кніжнікі, што Хрыстос — Давідаў сын? Сам Давід сказаў у Святым Духу: «Сказаў Госпад майму Госпаду: Сядзі праваруч Мяне, пакуль Я не пакладу Тваіх ворагаў пад Твае ногі»33. Сам Давід называе Яго Госпадам: дык як жа Ён яго сын? — І вялікі натоўп з асалодаю слухаў Яго. І ў Сваёй навуцы Ён казаў: Сцеражыцеся кніжнікаў, што любяць праходжвацца ў доўгіх шатах і каб віталі іх на рыначных плошчах, і любяць першыя лавы ў сінагогах і першыя месцы на банкетах, што праядаюць удовіны дамы і напаказ доўга моляцца; гэтыя атрымаюць большы прысуд. І, сеўшы насупроць скарбніцы, Ён глядзеў, як натоўп кладзе грошы ў скарбніцу. І многія багацеі шмат клалі. І прыйшла адна ўбогая і паклала дзве лепты, гэта значыць кадрант. І, паклікаўшы Сваіх вучняў, Ён сказаў ім: Сапраўды кажу вам: гэтая ўбогая ўдава паклала больш за ўсіх, што клалі ў скарбніцу; бо ўсе ад сваіх лішкаў клалі, яна ж ад сваёй нястачы, усё, што мела, паклала, увесь свой пражытак.
І, калі Ён выходзіў са святыні, кажа Яму адзін з Яго вучняў: Настаўніку, паглядзі, якое каменне і якія будынкі! І Ісус сказаў яму: Бачыш гэтыя вялікія будынкі? Ні ў якім разе не астанецца тут каменя на камені, які б не быў зруйнаваны. І калі Ён сядзеў на Аліўнай гары насупроць святыні, пыталіся ў Яго на адзіноце Пётр, Іякаў, Іаан і Андрэй: Скажы нам, калі гэта будзе і які будзе знак, калі ўсё гэта пачне заканчвацца? І Ісус пачаў казаць ім: Глядзіце, каб хто вас не звёў у зман: многія прыйдуць пад Маім імем, кажучы: «Гэта Я», і многіх звядуць у зман. Калі ж пачуеце пра войны і ваенныя пагалоскі, не трывожцеся: гэта павінна адбыцца, але гэта яшчэ не канец. Бо паўстане народ на народ і царства на царства, будуць землятрусы месцамі, будзе голад [і смуты]; гэта пачатак родавых боляў. Глядзіце ж вы за сабою; будуць аддаваць вас у сінедрыёны і будуць біць у сінагогах і перад намеснікамі і царамі будуць вас ставіць з-за Мяне на сведчанне ім. Але ва ўсіх народах спярша павінна быць абвешчана Евангелле. І калі вас павядуць, выдаючы, не турбуйцеся загадзя, што вам сказаць, а што вам будзе дадзена ў тую гадзіну, тое кажыце: бо не вы будзеце казаць, а Святы Дух. І выдасць брат брата на смерць і бацька дзіця, і паўстануць дзеці на бацькоў і заб’юць іх; і будуць усе вас ненавідзець з-за Майго імя. Але хто выстаіць да канца, будзе ўратаваны. Калі ж убачыце брыдоту спусташэння, [пра якую сказана Даніілам прарокам і] якая стаіць там, дзе не павінна быць, — хто чытае, няхай разумее, — тады тыя, хто ў Іудзеі, няхай уцякаюць у горы, хто [ж] на даху, няхай не спускаецца і не ўваходзіць узяць што са свайго дому, і хто ў полі, няхай не вяртаецца назад узяць сваё адзенне. Бяда ж тым, хто мае ва ўлонні, і тым, што кормяць грудзьмі ў гэтыя дні! Маліцеся ж, каб не здарылася гэта34 зімою: бо тыя дні будуць такім горам, якога не было ад пачатку свету, што стварыў Бог, аж дагэтуль, і не будзе ніколі. І калі б не скараціў Госпад гэтых дзён, не ўратавалася б нішто жывое; але дзеля выбраных, якіх Ён выбраў, Ён скараціў гэтыя дні. І тады, калі хто вам скажа: «Вось, тут Хрыстос», «Вось, там», — не верце; бо паўстануць ілжэхрысты і лжэпрарокі і будуць рабіць знакі і цуды, каб звесці ў зман, калі можна, [і] выбраных. Вы ж глядзіце: Я наперад сказаў вам усё. Але ў тыя дні пасля гора таго, сонца зацьміцца і месяц не дасць свайго святла, і зоркі будуць падаць з неба і сілы, што ў нябёсах, захістаюцца. І тады ўбачаць Сына Чалавечага, што будзе ісці ў воблаках з вялікаю сілаю і славаю. І тады пашле Ён Анёлаў і збярэ [Сваіх] выбраных ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба. Ад фігавага ж дрэва вучыцеся праз прыпадабненне: калі яго галіна ўжо мякчэе і выпускае лісце, вы ведаеце, што блізка лета; так і вы, калі ўбачыце, што гэта збываецца, ведайце, што блізка, пры дзвярах. Сапраўды кажу вам, што ні ў якім разе не праміне гэтае пакаленне, як усё гэта спраўдзіцца. Неба і зямля мінуць, а Мае словы не мінуць. Але пра той дзень ці гадзіну не ведае ніхто, ні Анёлы ў небе, ні Сын, а толькі Бацька. Глядзіце, будзьце пільныя, [і маліцеся]: бо не ведаеце, калі надыдзе часіна. Гэта як чалавек, што выехаў з краю і пакінуў свой дом і даў сваім слугам уладу [і] кожнаму — сваю працу, а брамніку загадаў, каб быў чуйны. Дык будзьце чуйныя: бо не ведаеце, калі прыходзіць гаспадар дома: увечары, ці апоўначы, ці ў пеўневыя галасы, ці раніцаю, каб, прыйшоўшы неспадзявана, не заспеў вас у сне. А што вам кажу, тое ўсім кажу: Будзьце чуйныя!
А за два дні надыходзіла Пасха і Свята Праснакоў. І першасвятары і кніжнікі шукалі, як бы Яго схапіць хітрасцю і забіць; бо яны казалі: Толькі не ў свята, каб не было замяшання ў народае. І калі Ён быў у Віфаніі, у доме пракажонага Сімана і ўзлягаў, прыйшла жанчына з алябастравым флаконікам міра з чыстага, найкаштоўнейшага нарда; [і] разбіўшы флаконік, яна ўзліла Яму на галаву. А былі ж некаторыя, што абураліся між сабою, [кажучы]: Навошта рабіць гэткую трату міра? Бо гэтае міро можна было б прадаць больш за трыста дынарыяў і раздаць убогім. — І сурова выгаворвалі ёй. Ісус жа сказаў: Пакіньце яе; што вы робіце ёй прыкрасць. Добры ўчынак яна Мне зрабіла. Бо ўбогіх вы заўсёды маеце з сабою і, калі хочаце, можаце ім зрабіць дабро, Мяне ж не заўсёды маеце. Што магла, яна зрабіла: загадзя памазала Маё цела для пахавання. Праўду ж кажу вам: дзе ні будзе абвешчана Евангелле ва ўсім свеце, дык і пра тое, што зрабіла яна, будзе сказана ў яе памяць. А Іуда Іскарыёт, адзін з дванаццаці, пайшоў да першасвятароў, каб выдаць Яго ім. Яны ж, пачуўшы, усцешыліся і абяцалі даць яму серабра. І ён шукаў, як бы ў зручны час выдаць Яго. І ў першы дзень Праснакоў, калі ў ахвяру прыносілі пасху35, Яго вучні кажуць Яму: Куды хочаш, каб мы пайшлі і падрыхтавалі Табе спажыць Пасху? І Ён пасылае двух са Сваіх вучняў і кажа ім: Ідзіце ў горад і сустрэнецца вам чалавек, што будзе несці збанок вады; ідзіце ўслед за ім; і куды ён увойдзе, скажыце гаспадару дома: «Настаўнік кажа: «Дзе мой пакой, у якім спажыў бы пасху з Маімі вучнямі?» І ён вам пакажа вялікі верхні пакой, усланы, гатовы: там і падрыхтуйце нам. І пайшлі вучні і прыйшлі ў горад і знайшлі ўсё, як Ён казаў ім, і падрыхтавалі пасху. І калі настаў вечар, прыходзіць Ён з дванаццаццю. І калі яны ўзляглі і елі, Ісус сказаў: Сапраўды кажу вам: адзін з вас выдасць Мяне: ён есць са Мною. Яны зажурыліся і пачалі казаць Яму адзін за адным: Дык не я ж? [І другі: Дык не я]? Ён жа сказаў ім: Адзін з дванаццаці, што мачае са Мною ў міску. Бо Сын Чалавечы адыходзіць, як напісана пра Яго, ды бяда таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы выдаецца; лепш было б таму чалавеку, калі б ён не нарадзіўся. І, калі яны елі, Ён, узяўшы хлеб, добраславіўшы, разламаў і даў ім і сказаў: Вазьміце, [ешце], гэта цела Маё. І, узяўшы чашу, падзякаваўшы, даў ім, і пілі з яе ўсе. І Ён сказаў ім: Гэта Мая Кроў [Новага] Запавету, што праліваецца за многіх. Сапраўды кажу вам, што ўжо ні ў якім разе не буду піць ад плоду вінаграднай лазы аж да таго дня, калі буду піць яго новым у Царстве Божым. І, праспяваўшы гімн, яны выйшлі на Аліўную гару. І Ісус кажам ім: Усе вы зняверыцеся [ўва Мне ў гэтую ноч], бо напісана: «Удару пастуха і рассеюцца авечкі». Але пасля таго, як Я буду ўваскрэшаны, Я апярэджу вас у Галілеі. Пётр жа сказаў Яму: Калі і ўсе зняверацца, але не я. І кажа яму Ісус: Сапраўды кажу табе, што ты сёння, гэтай ночы, перш чым двойчы прапяе певень, тройчы ад Мяне адрачэшся. А ён з яшчэ большым націскам казаў: Нават калі б мне належала памерці з Табою, ні ў якім разе не адракуся ад Цябе! — Тое самае казалі і ўсе. І прыходзяць яны ў мясцовасць пад назваю Гефсіманія, і Ён кажа Сваім вучням: Пасядзіце тут, пакуль Я памалюся. І забірае з Сабою Пятра, Іякава і Іаана; і пачаў Ён жахацца і тужыць. І кажа ім: Вельмі журыцца Мая душа, да смерці; застаньцеся тут і не спіце. І, прайшоўшы крыху ўперад, упаў на зямлю і маліўся, каб Яго, калі можна, абмінула гэтая гадзіна, і казаў: Авва Татухна! Усё мажліва Табе; аднясі гэтую чашу ад Мяне; ды не чаго я хачу, але чаго Ты. І прыходзіць і знаходзіць, што яны спяць, і кажа Пятру: Сімане, ты спіш? Аднае гадзіны не змог не паспаць? Не спіце і маліцеся, каб не трапіць у спакусу: дух дзейны, а цела нямоглае. І зноў, адышоўшы, Ён памаліўся, кажучы тое самае слова. І зноў, прыйшоўшы, Ён знайшоў, што яны спяць, бо іх вочы ацяжэлі; і яны не ведалі, што Яму адказаць. І прыходзіць трэці раз і кажа ім: Вы ўсё спіце і адпачываеце? Скончана! Надышла гадзіна: вось Сын Чалавечы выдаецца ў рукі грэшнікаў. Уставайце, хадзем, вось наблізіўся мой здраднік. І адразу, пакуль Ён яшчэ казаў, прыходзіць Іуда, адзін з дванаццаці, і з ім натоўп з мячамі і каламі — ад першасвятароў, кніжнікаў і старэйшын. А Яго здраднік даў ім умоўны знак, кажучы: «Каго пацалую, Ён і ёсць: схапіце Яго і вядзіце надзейна». І, прыйшоўшы, адразу падышоў да Яго і кажа: Равві! [Равві!] — і пацалаваў Яго. А яны наклалі рукі на Яго і схапілі Яго. А адзін з тых, што стаялі побач, выхапіўшы меч, ударыў першасвятаровага слугу і адсек яму вуха. І, азваўшыся, Ісус сказаў ім: Як на разбойніка выйшлі вы з мячамі і каламі, каб узяць Мяне? Штодня быў Я з вамі ў святыні, навучаючы, і вы не схапілі Мяне; але няхай спраўдзяцца Пісанні. І ўсе, пакінуўшы Яго, паўцякалі. А адзін юнак ішоў далей за Ім, ахінуты пакрывалам на голае цела; і яны хапаюць яго. Ён жа, пакінуўшы пакрывала, уцёк голы [ад іх]. І адвялі Ісуса да першасвятара; і сходзяцца [да яго] ўсе першасвятары, і старэйшыны, і кніжнікі. І Пётр здалёку ішоў услед за Ім аж у двор першасвятара; і сядзеў разам са слугамі і грэўся пры агні. А першасвятары і ўвесь сінедрыён шукалі супроць Ісуса сведчання, каб аддаць Яго на смерць, і не знаходзілі, бо многія лжыва сведчылі супроць Яго, але сведчанні не супадалі. І некаторыя, устаўшы, ілжыва сведчылі супроць Яго, кажучы: Мы чулі, як Ён казаў: «Я зруйную гэты рукатворны храм і за тры дні збудую іншы, нерукатворны». Але і ў гэтым іх сведчанне не супала. І першасвятар, стаўшы пасярэдзіне, спытаўся ў Ісуса, кажучы: Ты нічога не адказваеш, што сведчаць яны супроць Цябе? Ён жа маўчаў і нічога не адказваў. Зноў першасвятар пытаўся ў Яго, і кажа Яму: Ці Ты Хрыстос, Сын Добраславёнага? І Ісус сказаў: Я; і вы ўбачыце Сына Чалавечага, Які сядзіць праваруч Божай Сілы і прыходзіць з нябеснямі воблакамі. Першасвятар жа, разарваўшы свае шаты, кажа: Якую яшчэ патрэбу мы маем у сведках? Вы пачулі богазнявагу. Як вам здаецца? — І ўсе асудзілі Яго, што варты смерці. І некаторыя пачалі пляваць у Яго, і закрываць Яму твар, і біць па шчоках, і казаць Яму: Прароч! — І слугі, б’ючы ў твар, узялі Яго. І калі Пётр быў унізе на двары, прыходзіць адна з першасвятаровых служанак і, убачыўшы, што Пётр грэецца, угледзелася ў яго і кажа: І ты быў з Назаранінам, Ісусам. Ён жа адрокся, кажучы: Я не ведаю і не разумею, што ты кажаш. — І выйшаў адтуль на пярэдні двор [і запяяў певень]. І служанка, убачыўшы яго, зноў пачала казаць тым, што стаялі побач: Гэты — адзін з іх. Ён жа зноў адрокся. І неўзабаве зноў тыя, што стаялі побач, казалі Пятру: Сапраўды ты з іх, бо і ты галілеец [і гаворка твая падобная]. Ён жа пачаў заракацца і клясціся: Не ведаю я Гэтага Чалавека, пра Якога вы кажаце. І адразу другі раз запяяў певень. І ўспомніў Пётр слова, якое сказаў яму Ісус: «Перш, чым двойчы прапяе певень, ты тройчы адрачэшся ад Мяне». І выбухнуў плачам.
І адразу раным-рана першасвятары са старэйшынамі і кніжнікамі і ўвесь сінедрыён, зрабіўшы нараду, звязалі Ісуса, адвялі і перадалі Пілату. І спытаўся ў Яго Пілат: «Ці Ты Цар Іудзейскі?» — Ён жа кажа яму ў адказ: Так, як ты кажаш. І першасвятары абвінавачвалі Яго ў многім. І Пілат зноў спытаўся ў Яго, кажучы: Ты нічога не адказваеш? Глядзі, як у шмат чым Цябе абвінавачваюць. Ісус жа больш нічога не адказаў, так што Пілат здзіўляўся. А на свята ён вызваляў ім аднаго вязня, якога яны прасілі. І быў адзін, якога звалі Варава, зняволены разам з паўстанцамі, што ў часе паўстання ўчынілі забойства. І, падняўшыся36, натоўп пачаў прасіць аб тым, што ён [заўсёды] рабіў для іх. Пілат жа адказаў ім, кажучы: Хочаце, я адпушчу вам Цара Іудзейскага? Бо ён ведаў, што першасвятары выдалі Яго з зайздрасці. А першасвятары падбухторылі натоўп, каб ён лепш вызваліў ім Вараву. Пілат жа ў адказ зноў казаў ім: Дык што [вы хочаце], каб я зрабіў з Тым, Каго вы называеце Царом Іудзейскім? Яны ж зноў закрычалі: Укрыжуй Яго! А Пілат казаў ім: Што ж зрабіў Ён благога? — Але яны яшчэ мацней закрычалі: Укрыжуй Яго! І Пілат, хочучы дагадзіць натоўпу, вызваліў ім Вараву, а Ісуса, пасля бічавання, перадаў, каб укрыжавалі. І воіны адвялі Яго ў сярэдзіну двара, гэта значыць у прэторыю, і склікаюць усю кагорту. І надзяваюць на Яго парфіру і, звіўшы з церняў вянок, ускладаюць Яму на галаву; і пачалі вітаць Яго: Радуйся, Цар Іудзейскі! І білі Яго па галаве палкаю і плявалі ў Яго і, апускаючыся на калені, кланяліся Яму. І калі наглуміліся з Яго, знялі з Яго парфіру і апранулі Яго ў Яго адзенне. І выводзяць Яго, каб укрыжаваць Яго. І прымушаюць нейкага Сімана, кірэнца, які міма ішоў з поля, бацьку Аляксандра і Руфа, каб узяў Яго крыж. І вядуць Яго на месца Галгофу, што ў перакладзе значыць: «Месца чэрапа». І давалі Яму віна, змешанага са смірнай, але Ён не ўзяў. І ўкрыжоўваюць Яго і дзеляць Яго вопратку, кінуўшы жэрабя на яе, каму што ўзяць. Было ж тры гадзіны37, і Яго ўкрыжавалі. І быў надпіс з абазначэннем Яго віны: Цар Іудзейскі. І з ім укрыжоўваюць двух разбойнікаў, аднаго праваруч, другога леваруч Яго. [І спраўдзілася Пісанне, якое кажа: «І да злачынцаў Яго залічылі».]38 І тыя, што міма праходзілі, зневажалі Яго, ківаючы сваімі галовамі і кажучы: Гэй, Ты, што храм руйнуеш і за тры дні будуеш, уратуй Самога Сябе [і] зыдзі з крыжа! Гэтаксама і першасвятары глуміліся разам з кніжнікамі, казалі адзін аднаму: Іншых ратаваў, Сябе Самога не можа ўратаваць! Хрыстос, Цар Ізраілеў, няхай цяпер зыдзе з крыжа, каб мы ўбачылі і ўверавалі! — І ўкрыжаваныя разам з Ім бэсцілі Яго. І калі надышло шэсць гадзін, настала цемра па ўсёй зямлі аж да дзевяці гадзін. І ў дзевяць гадзін ускрыкнуў Ісус моцным голасам: Элаі, Элаі! Лема39 савахвані?, што ў перакладзе значыць: «Божа Мой, Божа Мой! Навошта пакінуў Мяне Ты?»40 І некаторыя з тых, што стаялі побач, пачуўшы, казалі: Глянь, Ілію кліча. А нехта, пабегшы і намачыўшы губку воцатам, надзеў яе на палку і паіў Яго, кажучы: Пачакай, паглядзім, ці прыйдзе Ілія зняць Яго. Ісус жа, ускрыкнуўшы моцным голасам, выпусціў дух. І заслона ў храме разарвалася надвое ад верху да нізу. А цэнтурыён, што стаяў блізка насупроць Яго, убачыўшы, што Ён так выпусціў дух, сказаў: Сапраўды Гэты Чалавек быў Сын Божы! Былі ж і жанчыны, што назіралі здалёк, між іх і Марыя Магдаліна, і Марыя, маці Іякава меншага і Іасіта, і Саламія, тыя, што, калі Ён быў у Галілеі, ішлі ўслед за Ім і прыслугоўвалі Яму, і шмат іншых, што разам з Ім прыйшлі ў Іерусалім. І калі ўжо настаў вечар, бо быў дзень Падрыхтавання, гэта значыць пярэдадзень суботы, прыйшоў Іосіф з Арымафеі, паважаны радца, што і сам быў у чаканні Царства Божага, і, адважыўшыся, увайшоў да Пілата і папрасіў цела Ісуса. Пілат жа здзівіўся, што Ён памёр ужо; і, паклікаўшы цэнтурыёна, спытаўся ў яго, ці даўно Ён памёр; і, даведаўшыся ад цэнтурыёна, ён падараваў цела Іосіфу. І, купіўшы кужэльнага палатна, той зняў Яго, абвіў тым кужалем і паклаў Яго ў магільню, што была высечана ў скале, і прываліў камень да дзвярэй магільні. А Марыя Магдаліна і Марыя, Іасітава [маці], глядзелі, дзе паклалі Яго.
І калі мінула субота, Марыя Магдаліна, Марыя Іякаўлева і Саламія купілі духмянасцяў, каб пайсці і памазаць Яго. І вельмі рана ў першы дзень тыдня прыходзяць яны да магільні з усходам сонца. І казалі між сабою: Хто адваліць нам камень ад дзвярэй магільні? Ды, глянуўшы, бачаць, што камень адвалены; а ён быў надта вялікі. І, увайшоўшы ў магільню, яны ўбачылі юнака, што сядзеў справа і быў апрануты ў белыя шаты; і жахнуліся. А Ён кажа ім: Не жахайцеся! Вы шукаеце Ісуса Назараніна, укрыжаванага; Ён уваскрэшаны, Яго няма тут; вось месца, дзе паклалі Яго. Але ідзіце, скажыце Яго вучням і Пятру, што Ён ідзе паперадзе вас у Галілею; там Яго ўбачыце, як Ён казаў вам. І, выйшаўшы, пабеглі яны ад магільні, бо іх ахапіла трымценне і ўзрушэнне, і нікому нічога не сказалі; бо яны баяліся. А, уваскрэсшы, рана ў першы дзень тыдня, Ён з’явіўся спярша Марыі Магдаліне, з якое выгнаў сем дэманаў. Тая, пайшоўшы, паведаміла тым, што былі з Ім, а цяпер былі ў смутку і плакалі; і тыя, пачуўшы, што Ён жывы і яна бачыла Яго, не паверылі. Пасля ж гэтага адкрыўся Ён двум з іх у іншым вобразе дарогаю, калі яны ішлі ў вёску. І тыя, пайшоўшы, паведамілі астатнім, але і ім не паверылі. Пазней [жа] адкрыўся Ён і самім адзінаццаці, калі яны ўзлягалі на вячэры, і дакараў за нявер’е іх і жорсткасэрнасць, што яны тым, хто бачыў Яго ўваскрэслага, не паверылі. І сказаў ім: Ідзіце па ўсім свеце, прапаведуйце Евангелле кожнаму стварэнню. Хто ўверуе і ахрысціцца — будзе выратаваны, а хто не ўверуе — будзе засуджаны. А тым, хто ўверуе, будуць дадзены такія знакі: Маім імем будуць яны выганяць дэманаў, будуць гаварыць новымі мовамі, будуць браць змей [у рукі], і калі смяротнае што вып’юць, ні ў якім разе ім не пашкодзіць, на хворых ускладуць рукі і тыя выздаравеюць. І вось Госпад пасля размовы з імі быў узнесены ў неба і сеў праваруч Бога. А тыя, выйшаўшы, прапаведавалі ўсюды, і Госпад садзейнічаў ім і слова сцвярджаў услед знакамі. [Амін].
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014