Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Сталася чатырнанцатага году, караля Гэзэкі, узышоў Сэнахірыў, кароль Асырскі, на абаронныя месты юдэйскія і ўзяў іх.
2 І паслаў кароль Асырскі Рабшака з Лахішу да Ерузаліму да караля Гэзэкі зь вялікім войскам; і ён стаў ля вадаводу вышняе копані ля гасьцінца валельнага поля.
3 Тады вышлі да яго Елякім Гілчанок, дамавер, а Шэўна, пісар, а Ёаг Асафёнак, дзеяпісьменьнік.
4 І сказаў ім Рабшак: «Скажыце цяпер Гэзэку: “Гэтак кажа кароль вялікі, кароль Асырскі: ‘Што гэта за спадзева, на каторую ты спадзяешся?
5 Я кажу — на адны толькі словы вуснаў, але рада а сіла патрэбныя да вайны; дык на каго ты спадзяешся, што паўстаеш супроці мяне?
6 Гля ты спадзяешся на падпору наломленае гэтае трысьціны, на Ягіпет, каторая, калі хто апіраецца на яе, увыйдзе яму ў даланю і прабадзець яе. Гэткі фараон, кароль Ягіпецкі, усім, што спадзяюцца на яго.
7 А калі скажаш імне: “На СПАДАРА, Бога свайго, мы спадзяемся”, то хіба Ён ня тый, каторага ўзвышшы а аброчнікі зьняў Гэзэка й сказаў Юдзе а Ерузаліму: “Перад гэтым аброчнікам кланяйцеся”?’”
8 Дык дай заруку спадару майму, каралю Асырскаму, і я дам табе дзьве тысячы коні, калі ты із свайго боку можаш даць коньнікаў на іх.
9 Ды як аддаліш від адзінага вайводцы з найменшых слугаў спадара майго і здасіся на Ягіпет дзеля цялежак а коньнікаў?
10 І цяпер ціж я без СПАДАРА ўзышоў на гэты край, каб зьнішчыць яго? СПАДАР сказаў імне: “Ідзі на гэты край і зьнішч яго”».
11 Тады Елякім а Шэўна а Ёаг сказалі Рабшаку: «Гукай, калі ласка, да слугаў сваіх паарамску, бо мы цямім, але ня гукай да нас юдэйскаю моваю ў вушы люду, што на сьцяне».
12 І сказаў Рабшак: «Ціж мой спадар паслаў мяне да спадара твайго а да цябе сказаць гэтыя словы? Ці не да людзёў, што сядзяць на сьцяне, каб мелі есьці нечысьць сваю і піць моч сваю з вамі?»
13 Тады Рабшак стаў і крычэў вялікім голасам паюдэйску, кажучы: «Слухайце словы караля вялікага, караля Асырскага!
14 Гэтак кажа кароль: “Няхай ня зводзе вас Гэзэка, бо ён ня можа выратаваць вас.
15 І няхай Гэзэка не надзеіць вас на СПАДАРА, кажучы: ‘СПАДАР напэўна вывальне нас; гэтае места ня будзе аддана ў руку караля Асырскага’.
16 Ня слухайце Гэзэкі, бо гэтак кажа кароль Асырскі: ‘Зрабіце дабраславенства з імною, і выйдзіце да мяне, і ежча кажны зь віна свайго, і кажны зь фіґаў сваіх, і піце кажны ваду з копані свае,
17 Пакуль я ня прыйду й не вазьму вас да зямлі, падобнае да зямлі вашае, зямлі збожжа а віннога соку, зямлі хлеба а вінішчаў’.
18 Хай не ўмаўляе вам Гэзэка, кажучы: ‘СПАДАР вывальне нас’. Ці выратавалі багі народаў кажны зямлю сваю з рукі караля Асырскага?
19 Ідзе багі Гамафу а Арпаду? ідзе багі Сэфарваіму? і ці вывальнілі яны Самару ад рукі мае?
20 Хто ё меж усіх багоў гэтых земляў, што вывальнілі б землі свае ад рукі мае, каб СПАДАР мог вывальніць Ерузалім ад рукі мае?”»
21 Але яны маўчэлі і нічога яму не адказавалі, бо было каралеўскае расказаньне, кажучы: «Не адказуйце яму».
22 І прышлі Елякім Гілчанок, дамавер, а Шэўна, пісар, а Ёаг Асафёнак, дзеяпісьменьнік, да Гэзэкі з разьдзертым адзецьцям, і сказалі яму словы Рабшаковы.

Відзень прарокі Ісаі, 36 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.