Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Прыказі Салямонавы | 26 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 Як сьнег улетку і як дождж у жніво, так чэсьць ня ўходзе дурному.
2 Як блудная птушка, як лёт ластаўчын, так бяспрычынны праклён ня здойсьніцца.
3 Пуга каню, аброць аслу, і кій сьпіне дурных.
4 Не адказуй дурному подле дурноты ягонае, каб і ты ня стаў роўны зь ім;
5 Адказуй дурному подле дурноты ягонае, каб ён ня быў мудрыцом у ваччу сваім.
6 Адцінае сабе ногі, п’ець шкоду тый, што пасылае паручэньне рукою неразумнага;
7 Як сьцёгны кволыя ў кульгавага, так прыказь у вуснах неразумных.
8 Як тый, што пушчае дарагі камень з пушчала, так тый, што сьціць неразумнага.
9 Як цернь у руццэ п’яніцы, так прыказь у вуснах неразумных.
10 Як стралец ране ўсіх, так наймаючы неразумнага і наймаючы хаджан.
11 Як сабака зварачаецца да ірвакоў сваіх, так неразумны паўтарае дурноту сваю.
12 Ці бачыў чалавека, мудрага ў ваччу сваім? Болей надзеі ў неразумнага, чымся ў яго.
13 Ляны кажа: «Леў на дарозе, леў меж вуліцаў».
14 Дзьверы абарачаюцца на завесах сваіх, а ляны — на ложку сваім варочаецца.
15 Ляны хавае руку сваю ў талерку, і цяжка яму падняць яе да вуснаў сваіх.
16 Мудрэйшы ляны ў ваччу сваім за сямёх адказуючых разумна.
17 Як тый, што хапае сабаку за вушы, так хадзяка, што мяшаецца да чужое сьпярэчкі.
18 Як шалёны, што пушчае галавешкі, стрэлы а сьмерць,
19 Так людзіна, што ашукуе прыяцеля свайго й кажа: «Ціж я ня шкеліў?»
20 Ідзе няма дроў, цяпло гасьне; і йдзе няма агуканьніка, нязгода моўкне.
21 Вугаль да жару, і дровы да цяпла; і звадлівая людзіна да тога, каб зацяпляць нязгоду.
22 Словы агуканьніка, як ласонікі, і зыходзяць да нутра жывата.
23 Як гліняны гаршчок, паліваны срэбным шумаўём, так гарачыя вусны й нягоднае сэрца.
24 Вуснамі сваімі непрыяцель прыдаецца, але ў нутру сваім задумляе ашуку;
25 Калі ён гукае лагодна, ня вер яму, бо сем агідаў у сэрцу ягоным.
26 Чыя ненавіднасьць прыкрыта ашукаю, таго злосьць адкрыецца прынародна.
27 Хто капае яму, уваліцца ў яе; і камень зьвернецца на тога, хто коце яго.
28 Манлівы язык ненавідзе ўцісьненых ім, і гладкія вусны прычыняюць адхіненьне.

Кніга Прыказяў Салямонавае, 26 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.