Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Падыходзілі ж да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі слухаць Яго.
2 І наракалі фарысэі і кніжнікі, кажучы: «Ён прыймае грэшнікаў і есьць разам з імі».
3 Ён жа сказаў ім гэткую прыповесьць, кажучы:
4 «Які чалавек з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакідае дзевяноста дзевяць у пустыні і не ідзе за згубленай, пакуль ня знойдзе яе?
5 І, знайшоўшы, бярэ яе на плечы свае з радасьцю.
6 І, прыйшоўшы дадому, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: “Цешцеся са мною, бо я знайшоў маю згубленую авечку”.
7 Кажу вам, што большая радасьць будзе ў небе з аднаго грэшніка, які навяртаецца, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія ня маюць патрэбы ў навяртаньні.
8 Або якая жанчына, што мае дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, не запальвае сьвечкі і не пачынае месьці дом, і не шукае пільна, пакуль ня знойдзе?
9 А, знайшоўшы, склікае сябровак і суседак, кажучы: “Цешцеся са мною, бо я знайшла драхму, якую была згубіла”.
10 Такая, кажу вам, стае́цца радасьць у анёлаў Божых з аднаго грэшніка, які навяртаецца».
11 Яшчэ сказаў: «У аднаго чалавека былі два сыны.
12 І сказаў малодшы з іх бацьку: “Бацька, дай мне належную частку маёмасьці”. І падзяліў ім маёмасьць.
13 І праз некалькі дзён малодшы сын, сабраўшы ўсё, выправіўся ў далёкі край, і там змарнаваў маёмасьць сваю, жывучы распусна.
14 Калі ж вы́даткаваў усё, стаўся вялікі голад у тым кра́і, і ён пачаў мець нястачу.
15 І, пайшоўшы, прыстаў да аднаго з грамадзянаў таго краю, і той паслаў яго на поле сваё пасьвіць сьвіняў.
16 І ён жадаў напоўніць жывот свой шалупіньнем, якое елі сьвіньні, і ніхто не даваў яму.
17 Апамятаўшыся, ён сказаў: “Колькі па́рабкаў у бацькі майго маюць лішак хлеба, а я паміраю з голаду!
18 Устаўшы, пайду да бацькі майго і скажу яму: ‘Ойча! Я саграшыў супраць неба і перад табою,
19 і ўжо ня варты называцца сы́нам тваім; зрабі мяне адным з парабкаў тваіх’.”
20 І, устаўшы, прыйшоў да бацькі свайго. Калі ён быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зьлітаваўся, і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і цалаваў яго.
21 Сын жа сказаў яму: “Ойча! Я саграшыў супраць неба і перад табою, і ўжо ня варты называцца сы́нам тваім”.
22 А бацька сказаў слугам сваім: “Прынясіце найлепшыя шаты, і апраніце яго, і дайце пярсьцёнак на руку ягоную і сандалы на ногі.
23 І прывядзіце кормнае цяля, і закалеце, і, паеўшы, будзем весяліцца.
24 Бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся”. І пачалі весяліцца.
25 А старэйшы сын ягоны быў у полі. І калі, варочаючыся, падыйшоў да дому, пачуў сьпевы і скокі.
26 І, паклікаўшы аднаго са слугаў сваіх, спытаўся: “Што гэта адбываецца?”
27 Той жа сказаў яму: “Брат твой прыйшоў, і бацька твой закалоў кормнае цяля, бо атрымаў яго здаровым”.
28 Загневаўся ён і не хацеў увайсьці. Тады бацька ягоны, выйшаўшы, клікаў яго.
29 А ён, адказваючы, сказаў бацьку: “Вось, я столькі гадоў служу табе і ніколі не адступіў ад прыказаньня твайго, і ты ніколі ня даў мне і казьляняці, каб мне павесяліцца з сябрамі маімі.
30 А калі гэты сын твой, пажоршы маёмасьць тваю з распусьніцамі, прыйшоў, ты закалоў для яго кормнае цяля”.
31 Ён жа сказаў яму: “Дзіця! Ты заўсёды са мною, і ўсё маё — тваё.
32 А з таго трэба цешыцца і радавацца, што брат твой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся”».

Эвангельле паводле Лукі, 15 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.