Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Самуэля | 1 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Быў адзін чалавек у Раматаіме, Цуфіт з гары Эфраіма, імем Элькана, сын Ерахама, сына Элігу, сына Таку, сына Цуфа, Эфрацянін.
2 Ён меў дзьве жонкі: імя адной Ганна, а імя другой Пэніна. У Пэніны былі сыны, а ў Ганны дзяцей не было.
3 Штогод той чалавек хадзіў з гораду свайго ў Шыло, каб пакланіцца і скласьці ахвяру ГОСПАДУ Магуцьцяў. Былі там два сыны Гэлія: Хофні і Пінхас, сьвятары ГОСПАДА.
4 Калі Элькана складаў ахвяру, у той дзень даваў жонцы сваёй Пэніне і ўсім сынам і дочкам ейным па частцы складанай ахвяры,
5 а Ганьне даваў падвойную частку, бо Ганну ён любіў. Але ГОСПАД не даваў ёй нарадзіць.
6 Суперніца ейная дакучала ёй, і дрэнчыла яе, бо ГОСПАД замкнуў улоньне ейнае.
7 Так цягнулася шмат гадоў; колькі разоў ішла яна ў сьвятыню ГОСПАДА, тая засмучала яе. Ганна дзеля таго плакала і ня ела.
8 І сказаў ёй Элькана, муж ейны: «Чаму ты плачаш і чаму не ясі? Чаму сумуе сэрца тваё? Ці ж я табе не мілейшы, чым дзесяць сыноў?»
9 Калі ў Шыло скончылі есьці і піць, Ганна ўстала. А сьвятар Гэлій сядзеў на крэсьле перад брамай сьвятыні ГОСПАДА.
10 І Ганна, сумная душою, малілася да ГОСПАДА, горка плачучы.
11 І шлюбавала яна, кажучы: «ГОСПАД Магуцьцяў, калі Ты спагадна глянеш на прыніжэньне служкі Тваёй, і прыгадаеш мяне і не забудзешся пра служку Тваю, і дасі мне дзіця мужчынскага роду, я аддам яго ГОСПАДУ на ўсе дні жыцьця ягонага, і лязо не кранецца галавы ягонай».
12 Калі яна так шчыра і доўга малілася перад ГОСПАДАМ, Гэлій прыглядаўся да вуснаў ейных.
13 А Ганна гаварыла ў глыбіні сэрца свайго, і толькі варушыліся вусны ейныя, але голасу не было чуваць, і Гэлій думаў, што яна п’яная,
14 і сказаў ёй: «Дакуль будзеш п’яная? Ацьверазіся ад віна».
15 Ганна адказала: «Не, гаспадару мой. Я — нешчасьлівая жанчына. Я не піла нічога такога, каб ап’янець, ані віна, ані сікеры, але я выліваю душу сваю перад ГОСПАДАМ.
16 Не лічы служкі тваёй за адну з дачок Бэліяла, бо я дзеля вялікага болю і смутку свайго гаварыла ўвесь час».
17 І Гэлій засмуціўся, і сказаў ёй: «Ідзі ў супакою, а Бог Ізраіля няхай споўніць просьбу тваю, пра што маліла Яго».
18 А яна сказала: «О, няхай знойдзе служанка твая ласку ў вачох тваіх». І адыйшла тая жанчына дарогаю сваёй, і ела, і аблічча ейнае не было ўжо такім, як раней.
19 І падняліся назаўтра рана, і пакланіліся перад ГОСПАДАМ, і пайшлі ў дарогу зваротную, і прыйшлі ў дом свой ў Раме. І Элькана спазнаў жонку сваю Ганну, і ГОСПАД прыпомніў просьбу ейную.
20 Ганна зачала па нейкім часе, і нарадзіла сына, і дала яму імя Самуэль, таму што ад ГОСПАДА выпрасіла яго.
21 Муж ейны Элькана і ўвесь дом ягоны пайшоў злажыць гадавую ахвяру ГОСПАДУ і споўніць шлюбаваньні.
22 Але Ганна не пайшла. Яна сказала мужу свайму: «Не пайду, пакуль хлопчык ня будзе адняты ад грудзей і падрасьце, а тады завяду яго, і ён стане перад абліччам ГОСПАДА, і застанецца там назаўсёды».
23 Адказаў ёй Элькана, муж ейны: «Рабі, што табе здаецца добрым. Заставайся, пакуль яго не адымеш ад грудзей. Толькі няхай ГОСПАД зьдзейсьніць словы Свае». І засталася маці дома, і карміла сына свайго, пакуль не адняла яго ад грудзей сваіх.
24 Калі ўжо адняла, павяла яго з сабою, і узяла таксама трохгадовага бычка, адну эфу мукі і буклак віна, і прывяла яго ў дом ГОСПАДА ў Шыло. А хлопец быў яшчэ дзіцём.
25 І забілі бычка, і прадставілі хлопца Гэлію.
26 І сказала Ганна: «Прашу, гаспадару мой, няхай жыве душа твая, гаспадару. Я — вось тая самая жанчына, якая стаяла тут перад табой і маліла ГОСПАДА.
27 Маліла я пра гэтае дзіця, і споўніў ГОСПАД просьбу маю, што я прасіла ў Яго.
28 Таму вось даручаю яго ГОСПАДУ на ўсе дні; колькі будзе жыць, ён адданы на службу ГОСПАДУ». І пакланіліся там ГОСПАДУ.

Першая кніга Самуэля, 1 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.